Мясцовы каларыт у трэндзе

Общество

Работнікі культуры з г. п. Івянец сёлета прадстаўлялі Валожыншчыну на абласным свяце-конкурсе “Напеў зямлі маёй”, які ў 14-ы раз прайшоў у Мар’інай Горцы. Івянчане на гэтым творчым “Алімпе” ўжо выступалі і запомніліся. Поспех спрыяў ім і сёлета. 

На суд журы артысты прадставілі ўнікальны праект мастацкага кіраўніка Івянецкага дома культуры Таццяны Аляшэвіч. Кожны з трох сцэнічных нумароў – лазернае шоу, песня і танец – даносіў гледачам дух старажытнага і вечна маладога Івянца. Узнёслыя словы нарадзіліся з-пад пяра паэта Івана Асіпацкага і краязнаўца Генадзя Равінскага, музыку прыдумаў Юрый Сутугін, вогненную “стыхію” на сцэне ажывіў гукарэжысёр Глеб Круглікаў, а дуэт у складзе Аксаны Шчэцька і Аляксандра Сабалеўскага парадаваў вакальным выкананнем. Мастацтвам харэаграфіі была ўслаўлена спадчына ганчарнага майстра Вітольда Кулікоўскага – івянецкая фляндроўка. Матэрыяльную падтрымку па рэалізацыі гэтай творчай работы аказаў аддзел культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама, за што артысты перадаюць вялікую ўдзячнасць яго начальніку В. М. Адамовічу.

Творчая задумка аказалася ўдалай і прынесла канкурсантам дастойную ўзнагароду: Дыплом у намінацыі “За прапаганду творчасці мясцовых аўтараў”, а таксама наўтбук у якасці памятнага прыза.

Алена ЗБІРЭНКА 



Добавить комментарий