Збірае ураджай багаты маралі, ведаў, дабрыні

Общество

«З дзецьмі паводзіць сябе трэба, як з дарослымі. Тады ім радасна, што іх не лічаць маленькімі, і ва ўсім стараюцца адпавядаць такой ацэнцы. Да таго ж падобныя адносіны маюць сур’ёзны выхаваўчы аспект: з самага юнага ўзросту дзеці прывучаюцца да самастойнасці, раней пачынаюць разумеюць розніцу паміж паняццямі «добра» і «дрэнна», – падзялілася ў размове сакрэтамі прафесіі настаўніца пачатковых класаў Пугачоўскай сярэдняй школы Лідзія Канстанцінаўна Белячэўская.

Прыемна было сустрэцца з чалавекам, які на працягу 29 гадоў аддае школе душу. Дарэчы, у студэнцтве Лідзія Канстанцінаўна нават і не думала, што звяжа свой лёс з адукацыяй…

З дзяцінства ўраджэнка Лідскага раёна мела схільнасці да лічбаў. Таму калі надышла пара вызначыцца з будучай прафесіяй, доўга не вагалася і паступіла на механіка-матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна. У далейшым марыла звязаць лёс з якім-небудзь прадпрыемствам, але калі прыйшоў час размеркавання, вакантныя месцы былі толькі за межамі Беларусі. Трохі падумала – і вырашыла застацца дома. Накіравалі спецыяліста ў наш раён, у Гіравіцкую школу. На першым працоўным месцы настаўніцу матэматыкі прынялі прыязна, калектыў дапамагаў сталець прафесіянальна. Пасля працавала ў пачатковай школе ў Новым Двары, праз пэўны час перавялася ў Пугачы. Гэта вёска і стала другім домам для Лідзіі Канстанцінаўны.

“Пра свой выбар я не шкадую, – кажа настаўніца. – Я люблю дзяцей, і мне падабаецца з імі працаваць. Праўда (усміхаецца), падчас гэта патрабуе вялікага цярпення, але парасткі дабрыні і маралі, якія ўкладаеш у кожнае маленькае сэрца, вартыя таго…”

Сёння не толькі самыя маленькія школьнікі туляцца да добрай і спагадлівай настаўніцы, якая так цікава раскрывае ім таямніцы вялікага навакольнага свету. Лідзія Канстанцінаўна таксама выкладае матэматыку ў 10-ым, 11-ым штрых класах. Калі я папрасіў параўнаць сённяшняе вучнёўства са шкалярамі мінулых гадоў, Л. К. Белячэўская разважала з лёгкім сумам. “Сучаснае пакаленне граматнае, разумнае, але трошкі свавольнае. Падаецца, раней дзеці былі больш начытаныя і да вучобы ставіліся сур’ёзней. Таму наўрад ці першакласнікі выйгралі ад таго, што тэлевізар і камп’ютэр замянілі ім кніжкі. Але для мяне яны ўсё роўна самыя лепшыя, родныя”.

І ўсё ж па-ранейшаму кожны педагог аддае душу вучням, каб зярняты трывалых ведаў, дабрыні і вечных каштоўнасцей далі ў маладых душах багатыя ўсходы. Мабыць, падуманае мной было сказана ўслых, і твар настаўніцы асвяціўся мудрай усмешкай…

Сяргей САДОЎСКІ

 Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *