Жыць з ідэаламі святла і дабра

Общество

Менавіта такой пазіцыі прытрымліваецца першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Ірына Сяргееўна КАВАЛЕНКА. Партыец амаль з саракагадовым стажам, яна ўсю сябе аддае любімай рабоце, роднай старонцы, землякам. Нягледзячы на зменлівы час, застаецца верная сваім ідэалам, якія былі закладзены ў савецкія гады. Яны вызначылі жыццёвы шлях, сфарміравалі светапогляд, загартавалі характар, дапамаглі дасягнуць значных вышынь і заслужыць павагу ў грамадстве. Сёння яна – наша суразмоўца.

– Мы размаўляем з Вамі напярэдадні значнай даты, што змяніла не толькі гісторыю вялікай дзяржавы – СССР, але і лёсы мільёнаў людзей: 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Наколькі важнай лічыце гэту падзею, якія ідэалы Вялікага Кастрычніка асабіста для Вас і зараз з’яўляюцца галоўнымі ў жыцці?

– Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – гістарычная дата. Феномен Вялікага Кастрычніка створаны самой гісторыяй і таму застаецца нягаснучай старонкай. Значнасць яго ідэалаў пераканаўча пацвярджае гісторыя, калі былі створаны ўмовы для рэалізацыі на практыцы асноўных правоў чалавека, якія ўпершыню атрымалі і сяляне: права на працу і адпачынак, права на атрыманне жылля, адукацыі, сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, ахову здароўя, выбарчае права і іншыя.

Сёння 7 лістапада – гэта памяць пра савецкае мінулае, даніна павагі людзям таго легендарнага часу, хто свята верыў у ідэалы сацыялізму, дзеля чаго натхнёна працаваў, падчас ліхалецця са зброяй у руках абараняў іх. Лічу, што ідэалы Вялікага Кастрычніка да гэтага часу не страцілі сваёй актуальнасці, па-ранейшаму застаюцца променем святла, які паказвае нам шлях да пабудовы гарманічнай дзяржавы на прынцыпах свабоды, роўнасці, братэрства, мірнага супрацоўніцтва ўсіх краін і народаў.

– Раённая  арганізацыя Камуністычнай партыі Беларусі, якую Вы ўзначальваеце, з’яўляецца адзінай палітычнай партыяй у раёне. Больш за семдзесят гадоў менавіта яна вызначала курс дзяржавы і развіццё грамадства, многім простым людзям дала пуцёўку ў жыццё. Якую ролю для Вас адыграла членства ў яе радах? Чаму не здрадзілі ёй нават пасля афіцыйнага распаду, як гэта зрабіла большасць?

– У 1996 годзе, у складаных для краіны ўмовах была адноўлена дзейнасць Камуністычнай партыі. Час паставіў перад намі шмат пытанняў, якія трэба было вырашаць і вызначыцца ў сваіх поглядах.

Усё маё жыццё прайшло ў Валожыне, самымі яркімі падзеямі былі ўступленне ў акцябраты, піянеры. Назаўсёды запомніла ўступленне ў рады камсамола, калі мы, вучні СШ № 2 райцэнтра – лепшыя з лепшых, са сцягам ішлі на бюро райкама камсамола. Да гэтай пары памятаю пытанне, якое мне задалі.

Прайшоў час. Мне пашчасціла працаваць сакратаром Валожынскага раённага камітэта Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза моладзі Беларусі – курыравала работу школ, настаўніцкіх камсамольскіх арганізацый. Затым была работа ў райкаме партыі. На жыццёвым шляху сустракаліся адданыя партыі людзі – сціплыя, мудрыя, працавітыя. Менавіта яны дапамаглі мне вызначыцца ў жыцці. Я не адношуся да людзей-кар’ерыстаў, што выкарыстоўвалі членства ў партыі як прыступку для росту, – стараюся жыць сумленна, люблю справу, якой займаюся, аддаю энергію, розум і жыццё ў імя працвітання Беларусі.

– Вы нарадзіліся на валожынскай зямлі і, як кажуць у народзе: дзе нарадзіўся – там і згадзіўся. Хто ці што паўплывала на выбар? Чаму засталіся тут, а не шукалі “лепшага жыцця”?

– Пачуццё вернасці, адданасці роднай зямлі, любімаму краю, асэнсаванне сябе як асобы далі мне бацькі і настаўнікі СШ № 2 Валожына. Іх урокі мудрасці засталіся ў памяці назаўсёды. З дзяцінства марыла аб прафесіі настаўніка, а прыкладам былі таленавітыя педагогі-наватары. Мой першы настаўнік Антон Антонавіч Навіцкі, таксама Міхаіл Адольфавіч Лаўрыновіч, Вера Васільеўна Філіповіч, Кацярына Пракопаўна Азарэвіч, Аляксандр Васільевіч Трапашка і іншыя.

Стаць больш моцнай, мудрай, уважлівай, неабыякавай да лёсу людзей і сваёй зямлі дапамагла мне работа на іншых участках. Сустрэчы непасрэдна ў арганізацыях, на палях і фермах, размовы з простымі працаўнікамі – гэта магчымасць зразумець, як і чаму неабходна даражыць тым, што цябе акружае.

–  Напэўна, не памылюся, калі скажу, што Валожынскі прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй без перабольшвання стаў для Вас другім домам, з ім і зараз не парываеце сваёй сувязі. З яго сцен выйшла шмат кваліфікаваных годных спецыялістаў. Прыгадайце імёны самых лепшых навучэнцаў.

– Так. Трыццаць чатыры гады жыву цікавым і змястоўным жыццём нашых навучэнцаў, у аснове якога закладзены прынцып – ствараць вакол сябе дабро, прыгажосць, рабіць даручаную справу з поўнай самааддачай.

Вучыць, выхоўваць, сеяць толькі “разумнае, добрае, вечнае” ў надзеі, што яно ўзыдзе і прынясе плён, пра які пасля будзе не сорамна ўспамінаць, – у гэтым бачу шчасце педагога. З пачуццём цеплыні і гонару гляджу сёння на нашых былых выпускнікоў: прадпрымальніка Сяргея Васільевіча Дразда, старшага майстра ліцэя Віктара Аляксандравіча Комеля, лаўрэата міжнародных конкурсаў, удзельніцу чэмпіянату свету па цырульніцкім майстэрстве ў Парыжы Вольгу Мікалаеўну Качар, іншых.

– Ваша праца неаднойчы адзначалася на самым высокім узроўні. Як удавалася дасягнуць значных вынікаў? Што лічыце самым галоўным у рабоце педагога-выкладчыка?

– Узгадваю словы І. Гётэ: “Толькі той па-сапраўднаму шчаслівы і вялікі, каму не патрэбна ні скарацца, ні загадваць дзеля таго, каб прадстаўляць сабой нешта”. Нашы навучэнцы – дзеці, якія тонка адчуваюць і разумеюць, чаго ты варты. Стараюся ў кожным з іх знаходзіць станоўчае, зразумець, прыняць, раскрыць лепшыя якасці і ўбачыць асобу. У свеце няма нецікавых людзей, кожны чалавек – гэта цэлы сусвет, яго неабходна распазнаць і правільна накіраваць на дарозе доўгу і гонару. А самае асноўнае – давер: менавіта ён дае магчымасць убачыць асобу дзіцяці.

– Кожнаму пакаленню ўласцівы свае погляды, памкненні, інтарэсы. Ці “хварэеце” на параўнанне моладзі, маўляў, “а вось у наш час…”?

– Лічу, што педагогі павінны ўспрымаць час, у якім жывуць яго вучні. Кожнае юнацтва ў гісторыі краіны належыць свайму ўзросту: яго неабходна прымаць і паважаць, тады будзе лёгка мець зносіны з моладдзю. Ім патрэбны жывы ўдзел у іх жыцці. Нездарма кажуць, што прафесія настаўніка – ад Бога, а ўсе астатнія прафесіі – ад настаўніка. Мы – тварцы чалавечых душ, трэба добра гэта ведаць і не забывацца.

     – Было б цікава даведацца, адкуль у Вас такі моцны ўнутраны стрыжань?

– Гэты стрыжань набыты з гадамі. Давялося сутыкнуцца з сур’ёзнымі праблемамі здароўя ў бацькоў. На плечы ляглі клопаты, нельга было расслабляцца: разумела, што павінна зрабіць усё, каб яны пражылі як мага даўжэй. Шлях быў складаным. Вось тады і сфарміраваліся характар, сіла волі, цярпенне і імкненне даказаць самой сабе: “Я ўсё змагу!”

– Вы заўсёды выглядаеце на “дзясятку”: прыгожа і элегантна апранаецеся, умееце ўразіць сваёй эрудзіраванасцю і тактоўнасцю, нягледзячы на новыя павевы часу. Як удаецца, гаворачы сучаснай мовай, заставацца ў трэндзе?

– Вялікі дзякуй – кожнаму прыемна чуць кампліменты. Лічу, што любая жанчына павінна сачыць за сабой, асабліва, калі ты публічны чалавек. СМІ, Інтэрнэт і г. д. даюць вялікія магчымасці для вывучэння модных тэндэнцый для жанчын рознага ўзросту і з рознымі фігурамі. Не лянуйся – і будзеш выглядаць прыгожа!

– Чым напоўнены Ваш дзень? Чым цікавіцеся, што хвалюе?

– Пэўны час аддаю грамадскай рабоце. Люблю чытаць і чытаю многа, асабліва класіку, а таксама дэтэктыўны жанр. Гляджу шмат цікавых перадач па тэлебачанні. Я – чалавек арганізаваны, і мой дзень поўнасцю распісаны па гадзінах.

– Якія рысы характару цэніце ў людзях? Ці шмат у Вас сяброў, ці часта вы збіраецеся разам? Якія тэмы абмяркоўваеце?

– Цаню ў людзях сумленнасць, прыстойнасць, вернасць, люблю надзейных партнёраў па рабоце.

У мяне сяброў многа. Гэта высока інтэлігентныя людзі, з вялікім жыццёвым вопытам, ведамі, інтэлектам. Наша сяброўства праверана часам, гадамі шчасця, горыччу страт. Імі вельмі даражу. Збіраемся па магчымасці, але сустрэчы адрозніваюцца душэўнасцю, разуменнем – нам цікава быць разам.

– Ці шкадуеце праз гады аб чым-небудзь няздзейсненым? Што б хацелі памяняць, каб надалася такая магчымасць?

– Дзякую лёсу за ўсё, што ён мне падараваў. Я пражываю прыгожае, напоўненае падзеямі жыццё, маю павагу і гонар, атрымліваю сапраўдную радасць ад зносін. Кожны новы дзень прыносіць розныя хваляванні, але прыходзіць і ўсведамленне запатрабаванасці, чаму вельмі рада.

 – Вашы пажаданні роднаму краю.

– Напярэдадні вялікай гістарычнай падзеі віншую ўсіх, каму дарагія ідэалы Кастрычніка. Жадаю здароўя, шчасця, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай заўсёды спадарожнічае поспех ва ўсіх справах і пачынаннях на карысць нашай любімай Айчыны! А “Працоўнай славе”, якую я выпісваю з 1975 года, жадаю цікавых, крэатыўных матэрыялаў, дружнага калектыву.

Гутарыла

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий