Праз райкам праходзілі лепшыя

Общество

     Аб тым, як у часы СССР дзейнічалі раённыя камітэты партыі, мы пагаварылі з апошнім у гісторыі савецкай Валожыншчыны першым сакратаром райкама партыі Вацлавам Аляксандравічам Харуком і даведаліся аб некаторых цікавых фактах.

Структура райкама была досыць простай. Лідар меў двух намеснікаў – другога і трэцяга сакратароў. Функцыянавалі два аддзелы – арганізацыйна-партыйнай работы і прапаганды і агітацыі.

У 1975 годзе малады чалавек Вацлаў Харук пасля сур’ёзнага адбору займеў пасаду інструктара райкама. Асноўная яго задача ў аддзеле прапаганды і агітацыі заключалася ў падборы партыйных кадраў. Перспектыўныя кандыдатуры разглядаліся спецыяльнай камісіяй. А далей – “куды партыя пашле”…

Праца ў кіруючых органах КП лічылася вельмі пачэснай. Таму, хто прайшоў “райкамаўскімі калідорамі”, быў забяспечаны кар’ерны рост пры ўмове, што чалавек сапраўды мог і імкнуўся працаваць, быў прафесіяналам. Аднак зарплату работнікаў шыкоўнай назваць было нельга. Для таго, каб атрымаць даплату, інструктар павінен быў не менш за 10 дзён у месяц правесці на раёне ў калектывах прадпрыемстваў.  Задача складаная, таму аб жаданай прэміі часцей за ўсё даводзілася толькі марыць. Да таго ж службовы аўтамабіль быў у распараджэнні выключна кіруючага саставу райкама, інструктарам даводзілася карыстацца грамадскім транспартам.

Усе пытанні, што тычыліся партыйнай дысцыпліны ў маштабах раёна, разглядаліся на пасяджэннях бюро. У яго склад уваходзілі сакратары райкама, старшыня райвыканкама і яго намеснік (у той час райвыканкам падпарадкоўваўся райкаму), старшыня камітэта народнага кантролю, рэдактар раённай газеты, першы сакратар РК камсамола, некаторыя кіраўнікі. Каб трапіць на бюро, патрэбна было “заслужыць” – дапусціць значныя памылкі ў рабоце ці аступіцца ў асабістым жыцці. Часцей за ўсё разглядалі кіраўнікоў, што не змаглі забяспечыць выкананне вытворчых планаў, увогуле “завалілі работу” прадпрыемства. Маглі запрасіць і тых, каго западозрылі ў легкадумных паводзінах. Лічылася: маральны воблік партыйца не павінен быць запэцканы плёткамі. Менавіта на бюро можна было развітацца з партбілетам, што азначала крах кар’еры і рэзкае зніжэнне ўзроўню жыцця. Падчас пасяджэнняў разгортвалася палеміка, якая часам даходзіла да сапраўдных баталій. Кожны меў права голасу, а думкі часта не супадалі, таму рашэнне прымалася шляхам галасавання. Яшчэ больш сурова праходзілі канферэнцыя (раз у два гады) і пленум (раз у год).

Перш чым выносіць пытанне на разгляд райкама, яго стараліся вырашыць на месцы. Інструктар выязджаў на прадпрыемства. Ён меў паўнамоцтвы, якія дазвалялі правесці сход калектыву або пагутарыць тэт-а-тэт з кіраўніком ці з тым, хто праштрафіўся.

Па словах Вацлава Аляксандравіча, партыйцы былі вытрыманымі людзьмі, сапраўднымі дыпламатамі. І зараз многія жыхары раёна памятаюць прозвішчы былых райкамаўскіх лідараў і супрацоўнікаў, якія карысталіся заслужанай павагай як простых людзей, так і калег па партыі. На розных пасадах у райкаме працавалі такія вядомыя на Валожыншчыне асобы, як Сяргей Сяргеевіч Маляўскі (у постсавецкі час – старшыня райвыканкама і старшыня раённага Савета дэпутатаў), Уладзімір Фёдаравіч Клішэвіч (пазней – кіраўнік спраў райвыканкама), Софія Ігнацьеўна Кавяза (стала рэдактарам “Працоўнай славы”).

У той час вялікая ўвага надавалася пастаяннаму павышэнню кваліфікацыі адказных работнікаў. Праз вучобу ў Вышэйшай партыйнай школе праходзіў увесь склад райкама.

Вацлаў Аляксандравіч упэўнены: хто адназначна і бяздумна хаіць той час, проста нічога аб ім не ведае. У СССР было шмат таго, чаму і сёння патрэбна вучыцца. Напрыклад, існавала трывалая сістэма падбору і навучання кіруючых кадраў, якая працавала з сур’ёзным замахам на будучыню. Ды і работа са зваротамі грамадзян была наладжана выключна якасна. “Кожны з нас верыў у тую справу, якой займаўся, – з гонарам сцвярджае шаноўны чалавек. – шчыра спадзяюся, што вопыт нашай работы яшчэ будзе запатрабаваны”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий