Сабакі паказалі спрыт

Официально

У лесе каля хутара Арлоўшчына, што ў нашым раёне, адбылося незвычайнае спартыўнае мерапрыемства – гонкі на сабачых запрэжках. “Завіруха-2011” сабрала каля паўтысячы гледачоў з Беларусі, Расіі, Літвы і Латвіі.

Амаль 40 спартсменаў-каюраў са сваімі гадаванцамі – сібірскімі хаскі і лайкамі – пачалі рыхтавацца да спаборніцтваў з самага ранку. Ім належала памерацца сіламі ў некалькіх дысцыплінах: скіджорынгу (лыжнікі з адным ці двума сабакамі), гонках на запрэжках з двух, трох-чатырох і пяці-шасці сабак, а таксама вытрымаць відовішчныя эстафеты.

У большасці дысцыплін перамогу святкавалі замежныя спартсмены, але ўдача ўсміхнулася і беларусам, якія толькі-толькі пачалі асвойваць гэты від спорту. Наш суайчыннік Сяргей Валынкін у спаборніцтвах на запрэжцы з пяці-шасці сабак фінішаваў другім. Пасля азартных стартаў удзельнікі шчыра падзякавалі арганізатарам мерапрыемства – Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Беларускаму клубу аматараў сабак сібірскіх парод, загараднаму клубу “Фестывальны” і кіраўніцтву Валожынскага раёна.

Фота Ігара МАРЧЫКА.



Добавить комментарий