Адным радком

Общество

У рабоце нечарговага пленума Мінскага абкама прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу прыняў удзел прафсаюзны лідар работнікаў сельскай гаспадаркі Валожыншчыны Віктар Станіслававіч Гідлеўскі. Падчас форуму аднагалосна абраны на пасаду старшыні абкама Міхаіл Тарасавіч Бода.

 

Вадзіцелі аўтапарка № 14 Дзяніс Станкевіч і Віктар Качалка сёлета ўзнагароджаны Міністэрствам транспартных камунікацый Знакамі 1-й ступені за безаварыйную работу. За высокі прафесіяналізм граматы Упраўлення ААТ “Мінаблаўтатранс” і райвыканкама атрымалі іх калегі С. Д. Згірскі, П. С. Станкевіч, С. А. Палонскі, Ф. Р. Юхнеўскі.

 

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры працуе выстава “Героі выходзяць з ценю”, якая працягнецца да 15 лістапада. На ёй прадстаўлены 29 графічных работ, што адлюстроўваюць адзін з найбольш трагічных момантаў гісторыі Беларусі – Варшаўскі сейм 1773 года: на ім быў узаконены першы падзел Беларусі і Польшчы.

 

З пачатку бягучага года ў раёне зарэгістраваны 6 новых фермерскіх сялянскіх гаспадарак, якія размясціліся ў асноўным на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета. Два ўласнікі пачалі займацца прэснаводным рыбалоўствам, адзін збіраецца разводзіць буйную рагатую жывёлу – малочны статак, астатнія будуць весці змешаную гаспадарку.

 

Калектывам раённага вузла паштовай сувязі аб’яўлены пачатак акцыі “Віншаванне Дзеда Мароза”. Колькасць заявак на асабісты візіт казачных персанажаў да заказчыка традыцыйна трымаецца на аднолькавым узроўні – каля 20. Жадаючых парадаваць нашчадкаў пісьмом ці падарункам становіцца больш з кожным годам.

 

Зараз у раёне функцыянуюць тры лазні: у Валожыне, Івянцы і Вішневе. Усе яны прыведзены ў адпаведнасць з санітарнымі і пажарабяспечнымі нормамі. Найбольшай папулярнасцю мыццё “з венікам” карыстаецца ў жыхароў райцэнтра: у сярэднім каля 9000 наведванняў за месяц. Сёлета агульная выручка ад паслуг лазняў склала 70851,94 рубля.



Добавить комментарий