На плошчы гудзеў кірмаш

Общество

7 лістапада ў Валожыне прайшоў чарговы восеньскі кірмаш, які быў прымеркаваны да 100-годдзя Вялікага Кастрычніка.

Такія кірмашы даўно сталі традыцыйнымі, яны славяцца сваёй шырынёй і багатым выбарам прадстаўленай прадукцыі. Кожны раз жыхары райцэнтра чакаюць іх з нецярпеннем, ідуць, як на свята, з прыўзнятым настроем. Тут можна не толькі зрабіць неабходныя пакупкі, але і сустрэцца і пагаварыць з даўнімі знаёмымі, абмеркаваць апошнія падзеі, падзяліцца рэцэптамі восеньскіх нарыхтовак.

І ў гэты дзень на плошчы Свабоды райцэнтра з самага ранку сабралася багата гандляроў і пакупнікоў. Прыйшлі не толькі гараджане, але прыехалі і вяскоўцы. Адносна цёплае надвор’е спрыяла добраму настрою, плошча напоўнілася гучнымі галасамі, смехам і жартамі.

Як звычайна, кірмаш стаў для насельніцтва падставай набыць гародніну і іншую прадукцыю па прымальным кошце, а для вытворцаў – нядрэннай магчымасцю рэалізаваць свой тавар. Удзел у ім прынялі сельскагаспадарчыя, гандлёвыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі з Валожынскага і суседніх раёнаў.

Найбольшым попытам у спажыўцоў карысталіся капуста, бульба, морква, цыбуля. Многія бралі адразу мяшкамі, ведаючы, што гэта апошні восеньскі кірмаш.

Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы КСУП “Падбярэззе”, ААТ “Агра-Дубінское”, ААТ “Багданаўскае” прапаноўвалі пакупнікам зерне (авёс, ячмень, пшаніцу, трыцікале, жыта), бульбу. Да іх машын выстройваліся чэргі. Збожжа карыстаецца ў валожынцаў добрым попытам, яго ахвотна купляюць для курэй, што трымаюць на асабістых падворках. КСУП “Пяршаі-2014” прадавала мясную прадукцыю ўласнай вытворчасці, якая даўно ўжо знайшла сваіх прыхільнікаў.

Гародніну прывезла на продаж сялянская гаспадарка “Сілін”, яе якасць добра вядома спажыўцам раёна. Фермерская гаспадарка “Дзіўны сад” парадавала садаводаў багатым выбарам саджанцаў пладовых дрэў і кустоў. Прадаўцы ахвотна дзяліліся практычнымі парадамі па доглядзе за сваім таварам. Нядрэнна раскупляўся і дэкаратыўны пасадачны матэрыял ядлоўцу блакітнага, піхты каўказскай, кіпарысавіка, ядлоўцу лускаватага і іншыя, што прывезлі на кірмаш з суседняга раёна.

Харчовае і тэхнічнае льняное масла прапаноўваў валожынцам мясцовы льнокамбінат. Сваю прадукцыю прадставіў на кірмашы камбінат бытавога абслугоўвання. Звычайна пасля такіх выязных выстаў-продажаў з’яўляецца нямала жадаючых зрабіць заказ на індывідуальны пашыў адзення прадстаўленага асартыменту. Мясцовыя і запрошаныя з іншых раёнаў рамеснікі гандлявалі ў гэты дзень вязанымі шапкамі і шалікамі, рукавіцамі і шкарпэткамі, рэалізоўвалі вырабы з воўны, дрэва, тканіны і шмат чаго іншага, карыснага і неабходнага ў хатняй гаспадарцы. Дзятва не адыходзілася ад палатак, дзе прадавалі розныя салодкія прысмакі, папкорн.

Найбольшая чарга ўтварылася каля палаткі Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. Яго прадукцыя заўсёды карыстаецца вялікім попытам у жыхароў раёна, і яе з асаблівым задавальненнем набываюць на кірмашах па больш дэмакратычных цэнах.

Бойка ішоў гандаль жывой рыбай. Карпы, белы амур, шчупакі з ёмістасцяў з вадой паступова перамяшчаліся ў пакеты пакупнікоў.

Руліла ж, як гаворыцца, на кірмашы райспажыўтаварыства. На плошчы размясціліся тры іх палаткі. Асартымент, якасць, цана, выкладка тавараў – усё было на належным узроўні. Тут можна было набыць мяса, свежую гародніну, садавіну, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, мясныя паўфабрыкаты, квашаную капусту, салёныя агуркі і памідоры, інш. Жадаючым прапаноўвалі пачаставацца шашлыком, юшкай, смачны пах ад якіх ішоў па гандлёвых радах і наганяў апетыт. Былі і ахвотнікі паспрабаваць гарачы глінтвейн.

Кожны, хто наведаўся ў гэты дзень на плошчу, вяртаўся дадому з пакупкамі і добрым настроем. Сяточную атмасферу для прысутных стваралі работнікі і салісты Валожынскага Цэнтра культуры. На працягу работы кірмашу не змаўкалі песні ды прыпеўкі на канцэртнай пляцоўцы.

Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея БОБРЫКА

на-плошчы

на-плошчы2

на-плошчы3



Добавить комментарий