28 кастрычніка, суботнім цёплым днём, на базе Ракаўскай сярэдняй школы прайшоў восеньскі кірмаш «Багата восень сваімі дарамі, а дзеці – талентамі».
Гэта свята стала ўжо традыцыйным для школьнікаў 2-8 класаў і з кожным годам збірае ўсё больш удзельнікаў.
З сярэдзіны XIX стагоддзя, калі ўладальнікамі Ракава былі Здзяхоўскія, у горадзе працавалі мануфактуры, што выраблялі сельскагаспадарчыя машыны, лесапільны і цагельны заводы, вадзяныя млыны, 16 ганчарных майстэрняў, вырабы якіх прадавалі за мяжу. Ракаў атрымаў Магдэбургскае права (самакіраванне), і раз у тыдзень на цэнтральнай плошчы ладзіліся кірмашы, а два разы на год праходзілі конныя кірмашы.
Працягнуць традыцыю правядзення штогадовага кірмашу вырашылі ў сценах Ракаўскай сярэдняй школы. Вучні пры дапамозе касцюмаў і дэкарацый стварылі непаўторную атмасферу вясковага рынку са шматвяковай гісторыяй.
Падчас свята разгарнулася сапраўднае тэатральнае прадстаўленне, якое дазволіла ўсім гасцям вярнуцца на дзвесце гадоў таму – героі сцэнкі расказалі гісторыю сельскіх мужа і жонкі, што прыехалі на кірмаш прадаць свайго бычка і падчас продажу згубілі адзін аднаго. Мініяцюрны спектакль увесь час суправаджаўся смехам гледачоў. У перарывах тэатральнай пастаноўкі з народнымі песнямі выступаў фальклорны гурт “Вянок”.
Які кірмаш без гульняў і забаў? Усе школьнікі прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і віктарынах, а самых лепшых узнагародзілі памятнымі прызамі. Вучні стварылі «выставу-пачастунак»: прынеслі розныя стравы, выпечку, прыгатаваныя сваімі рукамі, і ў перапынках паміж конкурсамі можна было пачаставацца прысмакамі.
У гасцей і ўдзельнікаў свята засталіся самыя прыемныя ўражанні. Усе з нецярпеннем чакаюць наступнага года, каб ізноў акунуцца ў атмасферу сапраўднага кірмашу.
Таццяна ЗАБЕЛА,
бібліятэкар Ракаўскай СШ