Ад прадзедаў спакон вякоў…

Культура

      31 кастрычніка ў Валожынскім Цэнтры культуры адбыўся конкурс “І сёння іх творы надзённа гучаць…”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Вучні з 11 школ раёна дэкламавалі і інсцэніравалі творы песняроў. Хлопцы і дзяўчаты з Ракаўскай СШ зладзілі імпрэзу па ўрыўку паэмы “Новая зямля”, прадстаўнікі Пяршайскай СШ паставілі паэму “Курган”, навучэнцы Вішнеўскай СШ прыехалі з “Бандароўнай”. Самая маленькая ўдзельніца – дзевяцігадовая Віялета Сяўрук з Суднікаў – расказала сатырычную казку Я. Коласа “Рак-вусач”. У гумарыстычным жанры выступалі івянчане Аляксей Сцяпко з вершаваным апавяданнем “Зяць” і Ксенія Бібік з вершам “Паслухмяная жонка”, Максім Сініцкі з Багданаўскай СШ – з байкай “Асёл і яго цень”. Асабліва ўразіла журы і гледачоў тэатральная пастаноўка “Прымакі”, якую падрыхтавалі вучні 9-11 класаў СШ № 1 г. Валожына.

Канкурсанты атрымалі дыпломы ў розных намінацыях: за ўдалае раскрыццё тэмы, акцёрскае і сцэнічнае майстэрства, лепшую інсцэніроўку твора, лепшую тэатральную пастаноўку, за неардынарны падыход да падбору і выканання твора.

Мерапрыемства арганізавалі Валянціна Гіруць-Русакевіч і ўдзельнікі літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий