Ініцыятыва, магчымасці, вынік

Общество

Няўрымслівасць, пастаянны рух уперад, імкненне да пераадольвання цяжкасцей – вось няпоўны пералік характарыстык дружнай каманды, што, уключыўшыся ў міжнародны праект “Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю”, рэалізуе ў Валожыне цікавую ініцыятыву “Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці”.

Зараз поўным ходам ідзе завяршальны этап навучання групы юнакоў і дзяўчат з абмежаванымі магчымасцямі ўменню вырошчваць грыбы-вешанкі, у выніку якога ўсе яны атрымаюць прафесію “Спецыяліст па вырошчванні грыбоў-вешанак”.

Хто ж яны – энтузіясты, што ўзяліся за складаную і нязвыклую справу? Аўтары ідэі – старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” Л. У. Шчарбачэвіч і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Г. Ф. Рай. Задзейнічаны таксама бацькі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў, спецыялісты ТЦСАН. Неабходна адзначыць падтрымку з боку міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, мясцовай улады. Каардынатар праекта – “БелАДДІіМІ”, фінансавую падтрымку аказвае агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).

Падчас семінара-круглага стала на тэму “Пашырэнне магчымасцей працоўнай занятасці людзей з інваліднасцю”, які прайшоў нядаўна ў Валожыне, адбылося падвядзенне папярэдніх вынікаў рэалізацыі ініцыятывы.   “БелАДДІіМІ” прадставіла Ірына Куксік, што адказвае за кірунак паляпшэння доступу да сацыяльных паслуг людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Ад USAID прысутнічала Ірына Івашкевіч.

Ларыса Шчарбачэвіч дэталёва расказала пра ўсе нюансы задумы і пра тое, як праходзіў кожны яе этап. Пасля таго, як ініцыятыву адобрылі да ўдзелу ў міжнароднай праграме (усяго сёння рэалізуецца 14 ініцыятыў у розных кутках краіны), на яе ажыццяўленне былі выдаткаваны неабходныя сродкі. Шмат намаганняў прыкладзена дзеля таго, каб атрымаць неабходныя дакументы, што пацвярджаюць праходжанне экалагічнай экспертызы. Затым адначасова ішла закупка якаснага абсталявання і міцэлію грыбоў, праводзіліся рамонт і спецыяльная апрацоўка падвала будынка аддзялення. Супрацоўнікі разам з выхаванцамі пэўны час шчыравалі над узвядзеннем цяпліцы. Пасля міцэлій, змяшаны з папярэдне апрацаванай (запаранай і здробненай) саломай, расфасавалі ў спецыяльныя мяшкі, якія на 21 дзень адправілі ў падвальнае памяшканне, дзе стварылі належны тэмпературны рэжым і вільготнасць. Засталося некалькі дзён да таго, як каштоўны груз перанясуць у цяпліцу, дзе грыбы “дойдуць да кандыцыі”. Наперадзе – прэзентацыя гатовай прадукцыі, падчас якой плануецца правесці майстар-клас па яе кулінарнай апрацоўцы.

З моладдзю, што прэтэндуе на атрыманне новай для нашага райцэнтра спецыяльнасці, працавалі спецыялісты. Яны стараліся найбольш даступна данесці сваім вучням неабходную інфармацыю, рабілі вялікі акцэнт на практычныя заняткі. Сярод тых, хто пастаянна знаходзіўся побач з юнакамі і дзяўчатамі і практычна вёў іх за сабой да прафесіі, былі Алена Рай – прафесійны аграном, член “БелАДДІіМІ”, у праекце – выкладчык, Юлія Гісіч – майстар вытворчага навучання.

Прэтэндэнтка на дакумент аб праходжанні курса Таццяна Баўтрэль, не хаваючы эмоцый, дзякавала кіраўнікам праекта за прадастаўленую магчымасць атрымаць прафесію, а ў будучым і надзею на працаўладкаванне. Сур’ёзную ацэнку праведзенай рабоце даў і старшыня раённага савета афіцэраў Аляксандр Валавікоў, які па волі лёсу некалькі гадоў таму сутыкнуўся з цяжкай хваробай, што прывяла да інваліднасці. Аляксандр у свой час з радасцю адгукнуўся на прапанову прыняць удзел у цікавым пачынанні і таксама прайшоў абучэнне. Мужчына спадзяецца знайсці прымяненне новым ведам і навыкам. Як адзначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі, вырошчванне грыбоў на продаж – перспектыўная ніша, якую на Валожыншчыне пакуль ніхто не заняў. Наперадзе шмат пытанняў, якія ўсім зацікаўленым асобам прыйдзецца вырашаць. Галоўнае з іх – далейшы лёс людзей пасля таго, як праект закончыцца. Ёсць спадзяванне, што ў выніку будуць створаны працоўныя месцы, і многія інваліды знойдуць сябе ў прафесіі. Галіна Рай выказала думку: тыя з іх гадаванцаў, хто стане атрымліваць зарплату, змогуць калі-небудзь замест пенсіі па інваліднасці перайсці на поўную працоўную пенсію. У хуткім часе плануецца набор яшчэ адной групы.

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з прэзентацыяй, якая стала яркай ілюстрацыяй да сказанага. На экране прадставілі кожны этап працэсу вырошчвання вешанак.

Напрыканцы мерапрыемства сталічныя госці паведамілі, што ў маі 2018 года агенцтва плануе разгледзець новыя мясцовыя ініцыятывы. Перавага ў прадастаўленні фінансавання будзе аддадзена тым, хто мае мэтай стварэнне прыватных унітарных прадпрыемстваў, дзе змогуць рэалізаваць свой творчы і працоўны патэнцыял людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий