Час не змарнаваў

час-не-змарнаваў

Аркадзь Гайдар у 16 гадоў камандаваў палком, Мікалаю Астроўскаму хапіла  28 зімаў і вёснаў, каб пакрыць сябе гераічнай і пісьменніцкай славай, а лозунг дваццаціпяцігадовай Пашы Ангелінай “100 тысяч сябровак – на трактары” падхапіла ўся неабсяжная краіна. Сучасная моладзь сталець не спяшаецца, нават у шлюб цяпер уступаюць нашмат пазней, чым гэта рабілі папярэднія пакаленні.

Адшукаць станоўчы персанаж, які мае за плячамі 23 гады і можа пахваліцца важкім жыццёвым багажом, даволі складана, бо ў гэтым узросце толькі пачынаецца знаёмства з будучай спецыяльнасцю, назапашваецца вопыт, уласная сям’я – у планах. Вельмі сімвалічна, што такі герой сустрэўся ў асяродку людзей мужнай прафесіі – сярод раённых выратавальнікаў.

Уладзімір САДОЎСКІ нарадзіўся ў 1994 годзе ў Кражыне, потым бацькі прынялі рашэнне пераехаць у Куцяняты. Дачнікі даўно аблюбавалі гэтыя маляўнічыя мясціны, раздолле тут і для дзяцей: рэчка, лес. Аднак шырокага кола сябрукоў у раннім маленстве Валодзя не меў, вольны час бавілі ўдваіх з Віталем Шатроўскім, які, дарэчы, таксама звязаў лёс з сілавымі структурамі і служыць зараз у Валожынскім аддзяленні Дэпартамента аховы. Калі падаспела пара, хлопчыкі пайшлі ў школу. У СШ № 2 г. Валожына атрымлівалі не толькі веды, але і вучыліся кантактаваць з аднагодкамі.

Хутчэй за кампанію, чым па закліку сэрца, Валодзя Садоўскі паступіў у Валожынскі сельгасліцэй і пасля заканчэння атрымаў спецыяльнасць “вадзіцель-электрык”. Прымяніць навыкі на практыцы яму давялося ўсяго тры месяцы, і адбывалася гэта ў штаце райспажыўтаварыства. Нават такога кароткага тэрміну юнаку хапіла, каб пераканацца, што з выбарам прафесіі прамахнуўся… Павестка ў армію яго хутчэй абрадавала, чым напалохала. Валодзя быў маральна і фізічна падрыхтаваны да тэрміновай ваеннай службы. Яму выпала насіць пагоны пагранічніка, стаяў на варце паўднёвых рубяжоў Радзімы. За некалькі месяцаў да дэмабілізацыі пачаў задумвацца пра свой далейшы лёс, захацелася атрымаць вышэйшую адукацыю. Некаторыя саслужыўцы рыхтавалі неабходныя дакументы, каб паступіць у ваенныя ВНУ, інжынерны інстытут МНС у Гомелі. Валожынскаму хлопцу адставаць ад іх не хацелася. Аднак з першай спробы яго задумка не ажыццявілася.

Вярнуўшыся дадому, Уладзімір, не марудзячы часу, уладкаваўся працаваць у званні малодшага сяржанта ў падраздзяленне МНС у Сакаўшчыне. Ужо адсюль паступіў на завочнае аддзяленне БАТУ. Даволі хутка стаў камандзірам аддзялення, “падрасло” і званне. Хлопец адчуў сябе, як кажуць, у сваёй талерцы. Да таго ж у бухгалтэрыі мясцовага сельгаспрадпрыемства запрыкмеціў дзяўчыну, якая адразу ж моцна запала ў сэрца. Вікторыя (так звалі прыгажуню) была маладым спецыялістам, вызначалася добрым характарам і ў сваю чаргу таксама кідала зацікаўленыя позіркі на Уладзіміра. Узаемныя заляцанні завяршыліся вяселлем. Маладажоны Садоўскія пасяліліся ў інтэрнаце па вуліцы Беларускай у райцэнтры. Жыллё хоць і не сваё, але гэта зусім не дрэнны варыянт для пачатку сямейнага жыцця. Сёлета, у кастрычніку, Уладзімір і Вікторыя сталі бацькамі, дачушку назвалі Валерыяй. Прадбачу, што людзі, у якіх ёсць не пабраныя шлюбам дзеці ўзросту 30 гадоў і болей, з зайздрасцю ўздыхаюць: хочацца пагадаваць унукаў…

Вядома, у кожнага свой лёс, свая жыццёвая дарога. Уладзіміру Садоўскаму выпала даволі рана стаць самастойным, сямейным, заслужыць павагу калег, кіраўніцтва. Ён даражыць усім, што мае, як і належыць маладому чалавеку, не баіцца цяжкасцей і ўпэўнена крочыць у будучыню.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars