Урок атрымаў на ўсе жыццё

Культура

У жыцці кожнага чалавека ёсць, напэўна, учынкі, пра якія не хочацца ўспамінаць. Нават сорамна бывае за здзейсненае калісьці. Але, з іншага боку, можа, падобныя ўчынкі хоць некаму паслужаць урокам. Не выпадкова ж у народзе нарадзілася прымаўка, што трэба вучыцца на памылках іншых.

У снежні мінулага года сустрэў у Івянцы сябра з суседняй вёскі. Павіншаваўшы мяне з прафесійным святам энергетыкаў (калісьці я працаваў у гэтай галіне), ён, як заўжды бывала пры нашых сустрэчах, расказаў два-тры анекдоты пра электрыкаў і адну гісторыю, якая здарылася з ім самім акурат на Дзень энергетыка. Расказваю яе са згоды сябра і ад яго імя.

“Падзеі адбываліся гадоў з дзесяць таму. Прывезлі мне з Івянецкай лесапілкі адходы ад дрэваапрацоўкі – абрэзкі, як іх яшчэ называюць. Клопат з імі невялікі: толькі распілаваць на дошчачкі, каб можна было запіхнуць у печку. Цыркулярка ў мяне была, таму праблем не паўставала. Як зладзіў і падрыхтаваў усё да працы, зайшоў якраз сусед. Проста так, пагутарыць. А дзе размова, там і парады, што і як лепш рабіць.

– Слухай, – кажа, – ты што, будзеш круціць цыркулярку праз электралічыльнік? Лепш накінь правады на ўвод лініі ў хату. Ды не бойся ты, ніхто лавіць не будзе – свята ўсё ж у энергетыкаў!

Як той дурань, парады я паслухаўся. І пасля колькі гадоў карыў сябе за тое. А тады… Зрабіў усё, як раіў сусед. Працую гадзіну, другую. Ужо і надвячорак. Радуюся, што праца ідзе шпарка ды горка дошак расце на вачах. І ўжо толькі нацэліўся адключыць ад лініі свой агрэгат, як убачыў нейкага чалавека. Той падышоў, павітаўся і прадставіўся кантралёрам Энергазбыту. “Дзень добры”, – адказваю. А сам чырванею, зараз, здаецца, загаруся, як электралямпачка. У думках нядобрымі словамі суседа ўспамінаю. “Бацька, давай крыху дапамагу. Працу сваю я ўжо заканчваю, а да цямна час яшчэ ёсць”, – і глядзіць на мяне так па-добраму, усміхаецца. Няўжо не заўважыў накінутых правадоў? А калі заўважыў, чаму так сябе паводзіць? Пэўна, хоча, каб пакаранне было больш крыўдным…

Некалькі хвілін мы працавалі моўчкі. А мне хочацца як мага хутчэй скончыць гэта катаванне майго сумлення. Нарэшце прапаноўваю зайсці ў хату, чаю папіць, сагрэцца… За размовай чарку-другую больш моцнага напою прапусцілі. Напрыканцы ён паглядзеў на электралічыльнік, запісаў сабе лічбы і развітаўся…

Амаль праз дзесяць гадоў у Валожыне сустрэў я таго кантралёра. Падышоў і спытаў, ці заўважыў ён тады мой грэх. Аказалася, не заўважыў. Бывае ж такое…”

Развітваючыся з сябрам, я сказаў, што пакаранне ён панёс куды большае, чым штраф. Колькі гадоў сумленне не давала жыць спакойна!

– Гэта і праўда, – пагадзіўся сябар, – урок на ўсё жыццё.

Міхаіл СПІРЫДОВІЧ, жыхар Івянца.



Добавить комментарий