На вастрыі вялікай эпохі

У 1966 годзе ЦК КПБ прыняў рашэнне ўвекавечыць помнікамі памяць аб загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне воінах і партызанах. Да 50-годдзя Савецкай улады з пастаўленай задачай неабходна было ўправіцца.

У 1967-1968 гадах помнікі пачалі адкрывацца ва ўсіх калгасах і саўгасах нашага раёна. На Валожыншчыне тады існавалі 24 калгасы, 7 саўгасаў; працавалі 18 сельскіх, 1 гарадскі і 1 пасялковы Савет дэпутатаў. Райсавет складаўся з 101 чалавека.

Чаму я ўсё гэта памятаю? Бо была ў віры падзей. 15 студзеня 1965 года, пасля аднаўлення Валожынскага раёна, распараджэннем № 1 па райвыканкаме мяне назначылі справаводам-машыністкай. Уся дакументацыя, акрамя сакрэтнай, скаргі і заявы праходзілі праз прыёмную райвыканкама, а значыць, праз мае рукі. Таму я ведала ўсё, што адбываецца на тэрыторыі раёна.

На Валожыншчыне першыя помнікі загінуўшым з’явіліся ў 1967 годзе, днём адліку стала 9 Мая. Многія з тых абеліскаў мелі спецыяльную нішу, якая шчыльна закрывалася і замыкалася. На дзверцах быў надпіс: “Вскрыть в год 100-летия Советской власти”. У нішу закладвалася капсула з пасланнем для патомкаў…

Я прымала непасрэдны ўдзел ва ўсіх, без выключэння, мерапрыемствах. Па сцэнарыю, падчас ускладання вянкоў, калі грала жалобная музыка, я чытала верш Роберта Раждзественскага “Рэквіем”. Пры адкрыцці помніка абавязкова зачытвалася пісьмо, адрасаванае патомкам, якое потым замуроўвалася. Мне было 19 гадоў. Тады і не ўяўлялася, што некалі стану пажылой, 69-гадовай жанчынай. Цяпер успамінаю ўсё гэта з трапяткой пяшчотай.

На адкрыцці заўсёды прысутнічалі салдаты. Яны забяспечвалі ганаровы каравул і салют. Пасля заканчэння ўрачыстай часткі ў клубах накрываліся даўжэзныя сталы, запрашаліся ветэраны вайны, спецыялісты гаспадаркі, перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі ўлады.

Памятаю, мы прыехалі ў вёску Камень, тады гэта быў саўгас імя Маякоўскага. У той жа дзень нас чакалі яшчэ і ў саўгасе “Залескі”. Каб усюды паспець, начальнік аддзела культуры Дзмітрый Уладзіміравіч Грышкевіч адправіў мяне на аўтамашыне разам з салдатамі. Я была сярод ваенных, калі падышла незнаёмая жанчына і са слязамі ў голасе расказала:  яе сын тры гады як служыць у Сібіры, у снежні чакае яго дадому. Хіба магла я падумаць, што гэта жанчына зусім хутка стане маёй свякроўю, што яе сын – мой будучы муж Леанід Альбертавіч Чуйко. Мы пазнаёмімся з ім у райвыканкаме: пасля арміі ён прыйдзе ўладкоўвацца ў райана на работу. Райвыканкам тады знаходзіўся на другім паверсе старога будынку, дзе зараз размяшчаецца натарыят, рэдакцыя. Там хапала месца і для райана, і для райсабеса, і для аддзела культуры, і для планавай камісіі.

У вёсцы Доры помнік адкрывалі ў 1968 годзе, я была ўжо замужам.

Многіх сведак тых падзей цяпер няма сярод жывых, але забыць іх немагчыма. Я ўдзячная лёсу, што ён пазнаёміў мяне з таленавітымі кіраўнікамі прадпрыемстваў, Сельскіх Саветаў, калгасаў, саўгасаў. У свае няпоўныя 17 я ўжо працавала ў апараце райвыканкама. Гэта быў велізарны вопыт, які я пранесла праз усё жыццё.

Хіба мы маглі тады падумаць, што за 50 гадоў свет так зменіцца, што людзі стануць іншымі? Але пачуццё гонару за мінулыя часы жыве. Мы былі патрыётамі, заставаліся вернымі прадаўжальнікамі традыцый і ведалі, як паважаць людзей з ордэнамі і медалямі.

Пішу гэты ліст і спадзяюся, што сённяшнія кіраўнікі з усёй адказнасцю паставяцца да мерапрыемстваў, прысвечаных 100-гадоваму юбілею Савецкай улады, а нішы з пасланнем для патомкаў будуць з павагай ускрыты і прачытаны.

Хачу пажадаць дабра і даўгалецця тым, хто быў удзельнікам урачыстага закладвання капсул у 1967-1968 гадах. Здароўя вам, шчасця, удзячных нашчадкаў.

Валянціна ЧУЙКО (Танюкевіч),

жыхарка г. Валожына

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars