Ракаўскім артыстам апладзіравалі ў старажытнай Вене

Официально

Ці верыце вы ў казкі? А ўдзельнікам інструментальнага ансамбля “Ars Longa” (настаўнікам Ракаўскай дзіцячай музычнай школы) пашчасціла апынуцца ў ёй. Як гэта здарылася? Шчаслівы выпадак звёў апантаных музыкаў пад дахам маленькай дзіцячай музычнай школы ў вёсцы Ракаў. Калі восенню 2009 года калектыў актыўна пачаў працаваць над рэпертуарам, удзельнічаць у конкурсах і фестывалях, радаваць слухачоў сваімі канцэртамі на розных пляцоўках, ніхто і падумаць не мог, што літаральна праз год ансамбль будзе запрошаны на гастролі ў сталіцу Аўстрыі – Вену.

Дзякуючы прафесару Георгу Турычу, які гасцінна прымаў удзельнікаў ансамбля “Ars Longa” і адмыслова арганізаваў канцэрты і адпачынак у адным з найпрыгажэйшых гарадоў свету, казка ператварылася ў рэальнасць. Кожны дзень нашага турнэ быў вельмі насычаны. У першы – мы адразу трапілі на міжнародны кірмаш, дзе краіны ўсяго свету прадстаўлялі сваю прадукцыю і свае музычныя калектывы. Прыемна было, што тавары з Беларусі карысталіся попытам, і гонарам для нас было прыняць удзел у канцэрце і прадстаўляць там музычную культуру сваёй Радзімы.

Напэўна, усім вядома, што Вена знакамітая сваімі каляднымі кірмашамі. Непаўторную святочную прыгажосць немагчыма перадаць словамі, гэта трэба бачыць. А дзякуючы выступленням розных музычных калектываў, у тым ліку і “Ars Longa”, там панавала казачная атмасфера і прадчуванне цуда. Прыемна здзіўляла ідэальная акустыка шыкоўных канцэртных залаў. Хвалюючым і адказным момантаў быў майстар-клас ансамбля для студэнтаў і выкладчыкаў кансерваторыі імя Йозэфа Гайдна, пасля якога мы наведалі кафэ графа Эстэргазі, дзе больш стагоддзя назад любіў бавіць час і ствараць музычныя шэдэўры знакаміты аўстрыйскі кампазітар Йозэф Гайдн.

Сваёй прыгажосцю ўражвалі саборы, у якіх нам пашчасціла выступаць. Незабыўнымі сталі сумесныя выступленні з Венскім мужчынскім хорам МАСН 4 і мужчынскім хорам з Харватыі. Неверагодным здавалася прапанова запісаць чатыры музычныя творы на студыі гуказапісу ў Вене, аб гэтым мы нават марыць не маглі. “Ars Longa” вельмі сардэчна прымалі ў школах, універсітэтах і дамах пенсіянераў.

Нам было сумна развітвацца з добрымі, гасціннымі людзьмі і чароўнай Венай. Але, як кажуць, у гасцях добра, а дома лепей. Мы спадзяёмся, што ўсё лепшае наперадзе, а гэта цудоўнае падарожжа натхніла ўдзельнікаў ансамбля “Ars Longa” на самаадданую, плённую працу і новыя творчыя праекты.

Юлія МЯКІНКА, дырэктар Ракаўскай музычнай школы.





Добавить комментарий