Паважаныя работнікі аграпрамысловага комплексу! Прыміце шчырыя віншаванні з прафесійным святам!

Аграрный сектор и промышленность

Ва ўсе часы на зямлі працавалі ўстойлівыя, моцныя духам, адказныя людзі. Самых цёплых слоў заслугоўваюць тыя, хто задзейнічаны ў аграпрамысловай сферы: кіраўнікі і спецыялісты, паляводы, жывёлаводы, механізатары, будаўнікі, работнікі сэрвісных службаў і перапрацоўчай прамысловасці. Справа, якой вы аддаяце веды і сілы, застаецца адной з важнейшых як для эканомікі рэгіёну, так і для дабрабыту ўсіх жыхароў Валожыншчыны.

У склад аграпрамысловага комплексу раёна сёння ўваходзяць 13 сельскагаспадарчых арганізацый, 55 сялянскіх фермерскіх гаспадарак. За імі замацаваны без малога 77,5 тысячы гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку больш за 56 тысяч гектараў раллі. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў – 2,2 тысячы чалавек.

Сёлета выдаўся цяжкі па ўмовах надвор’я – галоўным складальніку паспяховага вядзення спраў – год. Тым не менш, настойлівая, засяроджаная праца і вопыт прафесіяналаў дазволілі дасягнуць станоўчых вынікаў і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве. За студзень-кастрычнік у аграрным сектары эканомікі раёна выпушчана валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на 85,1 мільёна рублёў, тэмп росту да адпаведнага мінулагодняга ўзроўню склаў 101,1%. У раслінаводстве тэмп росту валавой прадукцыі – 103,7%. Ён дасягнуты за кошт павелічэння аб’ёмаў вытворчасці збожжа больш як на 15%, масланасення рапсу – амаль у 2 разы, нарыхтоўкі травяных кармоў – без малога на 11%.

Дзякуючы адказнаму падыходу да даручанай справы работнікаў ферм і жывёлагадоўчых комплексаў, істотна вырасла вытворчасць малака – 107,7%. Валавы надой склаў 46,2 тысячы тон, што на 3,3 тысячы тон вышэй за аналагічны леташні паказчык. У сярэднім па раёне ад кожнай каровы надоена 3775 кг. Найлепшых вынікаў дасягнулі ў КСУП «Пяршаі-2014» (5784 кг) і СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» (5329 кг). У апошняй гаспадарцы атрыманы і найбольшыя сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 689 грамаў.

Ёсць, праўда, і моманты, якія выглядаюць некалькі горш. У ліку такіх – сітуацыя з вытворчасцю свініны. У раёне гэтай справай займаецца СТАА «Данпрод» з пагалоўем у 48,6 тысячы асобін. Атрымана валавога прыбаўлення ў вазе свіней 9,2 тысячы тон, або 94,3% да ўзроўню 2016 года. Але сярод мінусаў абавязкова знойдуцца і плюсы. Напрыклад, сярэднясутачная прыбаўка ў вазе свіней павялічылася на 25 грамаў і дасягнула адзнакі ў 833 грамы.

У 2017 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна намалочана 70,2 тысячы тон збожжавых і зернебабовых культур – 115,5% да мінулагодняга паказчыка. Ураджайнасць збожжавых склала 30,9 цэнтнера з кожнага гектара, што на 2,9 цэнтнера вышэй за ўзровень 2016 года. Шчыра ўдзячны хлебаробам гаспадарак, дзе атрымана самая высокая ўраджайнасць, – СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» (59,2 цэнтнера з гектара, +13 ц/га да 2016 г.), ААТ «Агра-Дубінское» (39,2 цэнтнера з гектара, +6,5 ц/га) і ААТ «Багданаўскае» (37,3 цэнтнера з гектара, +5,3 ц/га). Парадаваў сёлета ўраджаем і рапс. Найлепшых вынікаў у валавым зборы насення гэтай культуры на алей дасягнулі ў СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз», ТАА «Тарасава» і ААТ «Агра-Дубінское»… Як бачым, родная зямля ўмее быць удзячнай і шчодрай у адказ на любоў да яе, прымененыя прафесійныя веды і клопат.

Нельга асобна не спыніцца і на заслугах працоўных калектываў, якія дапамагалі сельгаспрадпрыемствам і арганізацыям ва ўборцы льну і бульбы, удзельнічалі ў работах па добраўпарадкаванні прыдарожных палос. Іх удзел у агульнай справе прынёс добры плён і дазволіў укласціся ў вызначаны графік работ.

Вядома ж, асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам галіны. Тым, хто ствараў вытворчую і перапрацоўчыя магутнасці сельскай гаспадаркі, хто і зараз перадае вопыт нашай актыўнай і таленавітай моладзі – сапраўдным і будучым гаспадарам роднай зямлі.

Дарагія работнікі аграпрамысловага сектара Валожыншчыны! Прыміце ў гэты святочны дзень пажаданні моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Новых перамог вам у нялёгкай працы, заўсёды добрага надвор’я і будучых высокіх ураджаяў!

Старшыня раённага

выканаўчага камітэта

Мікалай Анатольевіч АСТРЭЙКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *