Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Швейны цэх валожынскага Дома быту працуе ў гэтыя дні пад поўную загрузку. Першачарговая задача бытавікоў – абслугоўванне насельніцтва. Прымаюць заказы на рамонт і пашыў адзення. Імгненна разышліся ў продажы каля 70 зімовых мужчынскіх куртак. І яны па-ранейшаму карыстаюцца попытам.

Аднак чым больш работы, тым лепш. Буйныя заказы забяспечваюць стабільнасць у рабоце калектыву. КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” атрымаў заказ на пашыў буйной партыі рабочых камбінезонаў для ТАА “Семнік” з Мінска, над гэтым зараз і працуюць 9 швачак. Адшываюць таксама некалькі відаў спецвопраткі для ААТ “Слодыч”. Дарэчы, знакамітая фабрыка не ў першы раз звяртаецца да паслуг валожынскіх бытавікоў. На чарзе заказ ад нашага ААТ “Агра-Дубінское” на пашыў зімовых куртак для сваіх работнікаў. Аб’ёмы работ значна ўзраслі, не хапае прафесіянальных швачак. Пакуль швейны цэх працуе ў адну змену.

 

     Белдзяржстрах праводзіць сумесную рэкламную акцыю з камунальным культурна-спартыўным унітарным прадпрыемствам “Аква-Мінск”. Канкрэтным партнёрам яго стаў аквапарк “Лябяжы”.

З 1 кастрычніка па 31 снежня бягучага года пры заключэнні дагавораў дабравольнага страхавання па любым відзе на суму ад 25 рублёў у год страхавальнік атрымлівае купон на тры персоны са скідкай у памеры 50% на паслугі аквапарка. Туды ўваходзіць басейн у аквазоне, лазня, саўна на пэўны час. Тэрмін дзеяння купона – па 30 чэрвеня 2018 года. За кастрычнік страхавыя агенты і спецыялісты прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне выдалі 363 адзінкі сертыфікатаў на паслугі забаўляльнага комплексу “Аквапарк “Лябяжы”.

 

      Як паведамлялася раней, з 1 кастрычніка ў рэспубліцы праводзіцца дабрачынная акцыя “Клопат”. Яе ініцыятарам з’яўляецца Таварыства Чырвонага Крыжа. Жыхары раёна, асабліва гараджане, адгукнуліся на заклік дапамагчы землякам, якія маюць у гэтым патрэбу. З пачатку акцыі, што яшчэ працягваецца, сабрана 650 адзінак адзення і 25 пар абутку, 14 адзінак пасцельнай бялізны.

Індывідуальны прадпрымальнік Максім Іванавіч Бень, які гандлюе на валожынскім рынку, перадаў раённаму аддзяленню Таварыства Чырвонага Крыжа 40 новых школьных касцюмаў для дзяўчынак. Абноўкі адправіліся ў Івянецкую і Сакаўшчынскую сярэднія школы для дзяцей з мнагадзетных і маламаёмных сем’яў. Рэчы ў добрым стане ахвяравалі Вольга Канстанцінаўна Мельцяшынава, Людміла Аркадзьеўна Пачаева, Алена Іванаўна Гедроіць. Гаспадыня крамы “Мара” Анастасія Ігараўна Казакевіч перадала 7 набораў з крэмамі для рук і твару на суму 35 рублёў. Дапамогу ўжо атрымалі 29 жыхароў раёна, з іх – 5 інвалідаў, 17 адзінокіх пенсіянераў, 2 сям’і перасяленцаў з Украіны, 5 мнагадзетных сем’яў. 530 адзінак адзення і 4 пары абутку дастаўлены ў Пяршайскую бальніцу сястрынскага догляду.

 

      Па заказе райвыканкама зняты відэаролік аб культурна-турыстычнай прыцягальнасці нашага раёна.

У спіс аб’ектаў, што павінны зацікавіць патэнцыяльных турыстаў і павялічыць іх паток у наш раён, увайшлі найбольш раскручаныя аграсядзібы, якія прапануюць не толькі выдатныя ўмовы для пражывання, але і цэлы комплекс самых разнастайных паслуг, а таксама цікавыя самадзейныя калектывы Валожыншчыны накшталт знакамітага ракаўскага “Гасцінца”. У гэтыя дні рабочы матэрыял манціруецца. Здача роліка запланавана на снежань.

 

      У раёне на дадзены момант 146 непаўналетніх дзяцей з 73 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Летась такіх дзяцей было 119 у 65 сем’ях.

Налічваецца 114 дзяцей-сірот, але толькі 12 з іх – біялагічныя сіроты, астатнія, на вялікі жаль, набылі такі статус пры жывых бацьках. 65 непаўналетніх сірот знаходзяцца ў сем’ях, якія замянілі ім родныя. У раёне пражываюць 33 апякунскія і 8 прыёмных сем’яў, што ўзялі на выхаванне 41 і 18 дзяцей адпаведна. 5 дзяцей-сірот пакуль знаходзяцца ў прытулку, 15 – вучацца ў Валожынскім ліцэі, 29 – у Івянецкім дзіцячым доме-інтэрнаце.

 

     11 лістапада ў спартыўнай зале сельскагаспадарчага ліцэя разыгрываліся валейбольныя баталіі. Тут праходзіла першынство раёна па валейболе сярод мужчынскіх каманд.

Заяўкі на ўдзел падалі 8 каманд: ветэраны раёна, СКІВ (Івянец), маладзёжная каманда Валожына “Vol.k.i”, ТАА “Івелін” (Івянец), воінская часць № 30695, РАНС, ЖКГ, аграгарадок Ракаў. Першае месца заняла івянецкая каманда ТАА “Івелін”, на другім і трэцім месцах – валейбалісты з Ракава і каманда ветэранаў спорту раёна. Тройка прызёраў адзначана грашовымі прызамі і граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars