З любоўю да зямлі

з-любоўю-да

Галоўным аграномам у ААТ “Багданаўскае” працуе В. П. ТРУС. Агульны яго стаж у гаспадарцы складае 33 гады. За гэты час Віктар Пятровіч зрадніўся з багданаўскай зямлёй, добра ведае кожны куток сельгасугоддзяў.

Нарадзіўся наш герой у вёсцы Вароні Падбярэзскага сельсавета. Вырас у простай сялянскай сям’і. Бачыў, як складана было бацькам весці гаспадарку, а таксама з якой павагай ставіліся аднавяскоўцы да спецыялістаў, што працавалі ў калгасе, якім аўтарытэтам карыстаўся аграном. А яшчэ хлопец любіў зямлю і ўсё з ёй звязанае. Таму вырашыў паступаць у сельскагаспадарчы тэхнікум у надзеі стаць добрай падтрымкай для сваіх родных. Пасля вучобы адразу пайшоў у армію, тры гады адпрацаваў у Гародзьках. У час, калі трапіў на Багданаўшчыну, гаспадарку ўзначальваў В. Ю. Мошка. У яго Віктар Пятровіч многаму навучыўся, кіраўнік даў маладому спецыялісту добрую пуцёўку ў жыццё.

Ад правільных дзеянняў галоўнага агранома залежаць вынікі працы ўсяго сельгаспрадпрыемства. Напрыклад, па ўраджайнасці зерневых (37,7 ц/га) ААТ “Багданаўскае” заняло 3-е месца ў раёне. Лепшай гаспадарка аказалася па нарыхтоўцы і ўраджайнасці цукровых буракоў, якая склала 392 ц/га. У мінулым годзе яна была амаль 500 ц/га, прыбытак ад продажу – 200 тыс. рублёў. Сёлета сельгасвытворцаў падвяло надвор’е: спачатку стаяла засуха, а пасля ўсё заліло. Нягледзячы на гэта, удалося атрымаць караняплоды з высокай цукрыстасцю: яе паказчык склаў 16,52% пры стандарце 16%. З-за ўмоў надвор’я пакуль здадзена толькі 6,5 тыс. тон буракоў, амаль столькі ж яшчэ ў буртах на полі. Пакуль няма магчымасці іх вывезці, бо тэхніка гразне ад вялікай колькасці вільгаці. На сённяшні дзень гэта самае хвалюючае пытанне для спецыяліста.

Віктар Пятровіч гаворыць, што цукровыя буракі – адна з самых прыбытковых культур. Пад яе ў гаспадарцы адводзіцца 255 га зямлі. Севазварот складае 3-4 гады. Гарадзейскі цукровы камбінат, куды сельгаспрадпрыемства здае гатовую прадукцыю, забяспечвае насеннем, угнаеннямі, сродкамі хімічнай абароны раслін. Пасевам нязменна займаецца выдатны механізатар Андрэй Гайдукевіч. Насенне ў глебу ў яго кладзецца роўна, радкі не збіваюцца. Для гэтага віду работы была закуплена і спецыяльная сеялка. Наогул у раслінаводстве цяпер выкарыстоўваецца шмат высокапрадукцыйнай тэхнікі, гэта паскорыла вядзенне палявых работ і палепшыла якасць іх выкананя.

Землі ААТ “Багданаўскае” па сваім складзе добра падыходзяць для вырошчвання цукровых буракоў, але вялікая колькасць камянёў абцяжарвае ўборку. Нягледзячы на тое, што іх пастаянна збіраюць з палёў, многа трапляецца і сярод нарыхтаваных караняплодаў. Пры здачы на камбінаце робяць 11-працэнтную скідку ад агульнай вагі на камяні. Для ўборкі гаспадарка заказвае спецыяльныя камбайны ў Нясвіжы на фірме, якая аказвае аграпаслугі сельскагаспадарчым арганізацыям.

Сёння галоўны аграном ужо прадумвае план да веснавой сяўбы, хоць яшчэ і не завершаны папярэдні год. Ён мяркуе, дзе і колькі гектараў чаго пасеяць, колькі мінеральных і арганічных угнаенняў для этага патрэбна. Складае графік вывазкі арганікі з улікам колькасці тэхнікі. Усё неабходна ўлічыць, каб зямля дала тое, што можа даць.

Віктар Пятровіч лічыць сябе сапраўды шчаслівым чалавекам. Ён любіць сваю справу і без яе жыццё не ўяўляе. Хвалюецца, што не хапае ў гаспадарцы спецыялістаў. Моладзь, якая прыязджае па размеркаванні, не затрымліваецца. Зразумела, калі не стае кадраў, працаваць больш складана.

В. П. Трус разам з жонкай выгадавалі сына і дачку, тыя абралі для сябе эканамічныя спецыяльнасці і даўно разляцеліся з бацькоўскай хаты. Дзядуля з бабуляй радуюцца кожнаму прыезду любімых унукаў, заўсёды стараюцца падрыхтаваць для іх пабольш прысмакаў. А пачаставаць ёсць чым, бо гэтыя людзі прывыклі працаваць, трымаюць вялікую гаспадарку, садзяць 30 сотак бульбы, іншую гародніну, завіхаюцца ў садзе.

 

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars