Адказнасць, дысцыпліна і моцная каманда –

адказнасць

у гэтым, па меркаванні шаноўнага госця рэдакцыі раённай газеты – дырэктара ААТ «Агра-Дубінское» Генадзя Вацлававіча КАСПЯРОВІЧА, і тоіцца сакрэт паспяховай, выніковай стваральнай працы аднаго з мацнейшых сельгаспрадпрыемстваў Валожыншчыны.

У нашага рэспандэнта дзень сустрэчы, як, зрэшты, і ўсе астатнія будні, быў запоўнены шматлікімі гаспадарчымі справамі, якія патрабавалі тэрміновага вырашэння. Тым не менш, Генадзь Вацлававіч усё ж змог выкраіць свабодную хвіліну ў шчыльным працоўным графіку і асабіста наведацца ў наш калектыў, каб адказаць на некалькі пытанняў. Нагода размовы заключалася не столькі ў тым, што кіраўнік адкрытага акцыянернага таварыства сёлета да Дня сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўзнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта – чарговым сведчаннем дастойна ацэненых працоўных заслуг. Хацелася і самім больш даведацца, і чытачам падрабязней расказаць пра гэтага выдатнага чалавека, вопытнага ўпраўленца, мудрага стратэга і тактыка ў баталіях з адвечнымі капрызамі прыроды і іншымі перашкодамі падчас пасяўных і ўборачных кампаній. Такія сутычкі доўжацца ўжо, ні многа ні мала, 32 гады…

Пачалося ўсё з таго моманту, калі малады ўраджэнец вёскі Буні закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, адслужыў у разведцы і прыйшоў на першае працоўнае месца ў Падбярэзскую гаспадарку. Генадзь Вацлававіч да гэтай пары з цеплынёй успамінае і называе не інакш як другімі бацькамі Віктара Браніслававіча Пясецкага і Зою Макараўну Задору, пад мудрым кіраўніцтвам якіх вучыўся жыць і працаваць па-даросламу – з поўнай адказнасцю і самааддачай. А з 1985 года малады спецыяліст стаў галоўным аграномам на дубінскіх угоддзях. З той пары там і застаўся. Прыняў кіраванне калектывам праз дзесяць гадоў, а разам з гэтай пасадай – вялікія знешнія даўгі, нявыплачаную за 9 месяцаў зарплату і шэраг іншых спецыфічных момантаў, здольных або канчаткова «зламаць», або загартаваць волю і характар, праявіць сапраўдную сутнасць… Не адразу, але справіўся з усімі цяжкасцямі. У тым ліку, дзякуючы падабранай камандзе прафесіяналаў, для якіх вырашаць праблемы было не самотным абавязкам, а справай гонару.

Сёння ў ААТ «Агра-Дубінское» працуюць каля 300 чалавек – з улікам далучанага ў пачатку кастрычніка Сугваздаўскага ўчастка. Папярэднія разлікі сведчаць, што па выніках года калектыў займее сур’ёзны прыбытак. Сёлета менавіта ў гэтай гаспадарцы была пабудавана гаспадарчым спосабам і здадзена ў эксплуатацыю адзіная на тэрыторыі раёна ферма на 200 галоў. Зараз побач з ёй узводзіцца новы клюшачнік з даільнай залай, маюць намер дубінцы такі ж аб’ект узвесці і ў наступным годзе. Выйшлі на першае месца па надоях малака (20 кілаграмаў ад каровы), абяцае абярнуцца дывідэндамі валавы збор цукровых буракоў… За ўсімі гэтымі справамі стаіць трывалая постаць кіраўніка і людзей, якія ідуць за ім да новых працоўных перамог.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars