Працуюць на вынік

працуюць-на-вынік

      На ферме “Паморшчына” СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” на адкорме дабіваюцца сярэднясутачных прываг на адну галаву каля 700 грамаў. У іх калег па цэху, якія працуюць на жывёлаводчым комплексе ў Бабровічах, паказчыкі яшчэ вышэйшыя.

Такі станоўчы вынік – не выпадковы. У гаспадарцы з году ў год клапоцяцца пра адмысловы рацыён для статка. Нарыхтоўваецца ў дастатковай колькасці сянаж, сілас, караняплоды. А каб не пераплачваць за транспарціроўку камбікармоў, тут наладзілі іх вытворчасць. Самыя высокія прывагі ў раёне забяспечваюцца таксама і сумленнай працай жывёлаводаў. Людзі ведаюць, што іх старанне і вынік будуць ацэнены дастойным заробкам, таму даражаць сваім рабочым месцам. Не раз жывёлаводы Барыс Шарко і Сяргей Шумкоў атрымлівалі падзякі і ўзнагароды ад кіраўніцтва гаспадаркі, раёна, вобласці.

Гаспадарка ўжо не першы год трымаецца ў перадавіках. Тут ведаюць вартасць новых тэхналогій, сучасных машын, мадэрнізацыі. Але якога эфекту ад усяго гэтага чакаць, калі не будзе ўмелых, працавітых рук? Таму кіраўніцтва прадпрыемства стараецца падбіраць добрых, дысцыплінаваных работнікаў.

Сёлетні год па надоях малака стаў для СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” рэкордным: 140,2 працэнта да ўзроўню мінулага. 75 працэнтаў сырадою рэалізуецца дзяржаве экстра-класам, а на малочнатаварнай ферме ў Даўбенях гэты паказчык яшчэ вышэйшы. Асаблівага сакрэту ў поспеху няма: тут строга выконваюць тэхналогіі, забяспечваюць у дастатковай колькасці вітамінны рацыён, павялічваюць племянны статак.

Назіраецца і агульны рост валавога прадукту. Гаспадарка спрацавала на 17,6 працэнта лепш, чым гэта было прадугледжана бізнес-планам. Зараз членамі калектыву з’яўляюцца 168 чалавек. Дынаміку агульнай эканомікі яны адчуваюць і на ўласных кашальках: сярэдні заробак у апошнія месяцы набліжаецца да 800 рублёў. Не дзіва, што няма кадравай “цякучкі”! Выдатна зарэкамендавала сябе і новаўвядзенне па прэміраванні: у спецыялістаў сярэдняга і вышэйшага звяна з’явілася матывацыя працаваць на канечны вынік.

Летась вядучы эканаміст гаспадаркі Вольга Аляксандраўна Бубневіч у інтэрв’ю раённай газеце прадказвала такую паспяховую перспектыву, сярод лепшых працаўнікоў адзначала жывёлавода Канстанціна Сяргеевіча Шумкова, сямейныя дынастыі Шакуноў і Кульваноўскіх. Яна спадзяецца, што і на будучы год заваяваных пазіцый калектыў не ўпусціць, а будзе дабівацца лепшых вынікаў.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars