З надзеяй на рэальную дапамогу

з-надзеяй

Чарговы прыём грамадзян Валожыншчыны на мінулым тыдні ажыццявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ. Наступны раз дэпутат плануе прыехаць у наш раён у снежні, сустрэча адбудзецца ў Івянцы.

Гарпасёлак выбраны Іванам Станіслававічам не выпадкова. Івянчане даволі часта звяртаюцца да прадстаўніка ўлады са зваротамі, і неабходна зазначыць, што пытанні яны падымаюць абгрунтаваныя, станоўчае вырашэнне якіх выгадна для ўсяго рэгіёну. Прадстаўнік малога бізнесу з Івянца на гэты раз запісаўся на прыём, каб выказаць словы падзякі І. С. Маркевічу за рэальную дапамогу. Падчас кароткай гутаркі, дэпутат зазначыў, што сферу паслуг неабходна цалкам перадаць прыватнікам. Так, пасажырскія перавозкі нават на самых стратных, па меркаванні УП “Мінскаблаўтатранс”, маршрутах могуць прыносіць прыбытак пры правільнай арганізацыі.

Ініцыятыўныя, прадпрымальныя людзі ёсць і ў Ракаве. Праўда, яны прасілі дапамогі ў справе стварэння ў аграгарадку спартыўнага комплексу. Актывісты нават падлічылі магчымую колькасць наведвальнікаў будучага аб’екта, склалі бізнес-план, падабралі пустуючы будынак. Вось з памяшканнем і ўзніклі спрэчкі. Калісьці ў ім размяшчалася школа, потым пабудова “падарожнічала” з аднаго балансу на другі. Цяпер гэта маёмасць належыць ТАА “Тарасава”, і кіраўніцтва гаспадаркі плануе зрабіць тут інтэрнат для сваіх працаўнікоў. Да дыялога паміж грамадзянамі і прадстаўніком улады былі падключаны адказныя асобы райвыканкама, генеральны дырэктар гаспадаркі С. В. Косач. Сімпатыі Івана Станіслававіча яўна схіляліся ў бок ракаўчан, іх прапанову ён назваў “добрай ідэяй, перспектыўнай”. Падказаў і шляхі вырашэння праблемы: дамаўляцца аб доўгатэрміновай арэндзе, аўкцыён або прыстасаваць пад спартыўную залу падвал у гэтым будынку. А яшчэ паабяцаў паспрыяць у вырашэнні заяўленай праблемы.

У прыўзнятым настроі развіталася з дэпутатам жыхарка райцэнтра, якой патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А. Я. Аліеў заверыў, што жанчына атрымае кватэру ў новай шматпавярхоўцы, што ўжо ўзводзіцца каля “Еўраопта”.

Дарэчы, гэта гандлёвая сетка ў недалёкай будучыні адкрые ў раёне яшчэ два магазіны: у Івянцы і Ракаве. Вывучэнне попыту і трывалы рост тавараабароту выклікаюць у заснавальнікаў “Еўраопта” неабходнасць расшырацца.

Ісці на прыём да прадстаўніка ўлады “хадакоў” прымушаюць розныя жыццёвыя сітуацыі. І нярэдка людзі самі наклікаюць беды на свае галовы. Каб дапамагчы пажылой жанчыне атрымаць пенсію па ўзросце спатрэбіўся цэлы “сімпозіум” спецыялістаў сацыяльнай сферы. Грамадзянка шмат гадоў была занята ў так званых “шэрых” схемах працаўладкавання і “недабрала” неабходнага страхавога стажу. Знайсці работу ў паважаным узросце складана. Даводзіцца вось і дэпутатаў турбаваць… Гэтай жанчыне дапамога была аказана. Але варта напомніць усім: на лібералізм пры налічэнні пенсій не спадзявайцеся. Зарабляйце яе працяглым працоўным стажам.

Атрымала выбаўленне са складанага становішча ў той дзень і жыхарка Валожына, якая па дабраце душэўнай прапанавала сваю кватэру пагарэльцам. Не, паміж імі непрыязныя адносіны не склаліся. Наадварот, гаспадыня сумленна даглядае шмат гадоў чужых, па сутнасці, людзей. Вось толькі ні прыпісаць, ні зарэгістраваць іх па законе яна не можа. Разглядалася некалькі магчымых варыянтаў: апека, прызнанне членамі сям’і, прыёмная сям’я. Спыніліся на апошняй прапанове.

Найбольшае ўражанне засталося пасля звароту, які датычыўся добраўпарадкавання вуліц Маладзёжнай, Сонечнай, Юбілейнай у райцэнтры. Упершыню пытанне ўзнікла ў далёкім 2002 годзе. Ужо тады людзі марылі аб асфальтаванні праезнай часткі, падключэнні іх дамоў да каналізацыі. Валакіта развіваецца па адным сцэнарыі: у канцы года жыльцам абяцаюць, што іх праблема закладзена ў каштарыс на будучае лета, а потым адказныя службовыя асобы разводзяць рукамі – праекта, як і грошай, няма…

Іван Станіслававіч даў указанні кіраўнікам камунальнай сферы вырвацца з гэтага заганнага круга і ў самыя сціслыя тэрміны дапамагчы людзям.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars