Разабрацца і вырашыць

bc27a8d13c7ed7c10546f68f4af334b0

     На мінулым тыдні ў райвыканкаме “прамую лінію” і прыём грамадзян праводзіла старшыня Маладзечанскага міжраённага Камітэта дзяржкантролю Вера Віктараўна ЧЫСЦЯКОВА.
Нягледзячы на тое, што тэлефанаванняў і зваротаў было няшмат, людзі адразу ўзнімалі па некалькі пытанняў. У размове падкрэслівалі: звярталіся, і не раз, у адпаведныя інстанцыі, аднак канкрэтнага вырашэння болевай кропкі, па іх меркаванні, так і не дачакаліся.

У прыватнасці, жыхары вёскі Слабада Гародзькаўскага сельсавета прасілі добраўпарадкаваць дарогу, якая вядзе да могілкаў. Так атрымалася, што свой апошні спачын вяскоўцы знаходзяць на Крыўскіх могілках, што на Смаргоншчыне. Напрасткі, праз поле, да іх недалёка, а вось у аб’езд атрымліваецца некалькі кіламетраў. Дарога ж ідзе ўгару – у непагадзь на ёй і гразка, і слізка.

Як патлумачылі ў Гародзькаўскім сельвыканкаме, палявая дарога не знаходзіцца на абслугоўванні спецарганізацый, тым больш, што яна праходзіць і па нашым, і па Смаргонскім раёне. Кіраўніцтва КУП “Мінксаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” ідзе насустрач людзям і, па магчымасці, падсыпае яе, грэйдзіруе, чаго нельга сказаць пра суседніх дарожнікаў.

На падтапленне падвала паскардзіўся ўласнік з вуліцы Заслонава ў гарпасёлку Івянец. Пасля звароту ў пасвыканкам ваду адпампавалі спецыяльнай пажарнай тэхнікай, але гэта не дапамагло вырашыць праблему.

Каб больш дакладна высветліць становішча, пасля правядзення прыёму В. В. Чысцякова асабіста выехала на месца. Разам з івянецкімі ўладамі і адпаведнымі службамі прыйшлі да высновы, што неабходна выкапаць роў і зрабіць вадаём для сцёку вады. Ужо на наступны дзень да вырашэння праблемы падключылі тэхніку ДУП “Валожынскае ПМС”.

Некаторых гаспадароў, што жывуць ва ўласным сектары, непакоіць пытанне аплаты за карыстанне водаправодам. З асабістых назіранняў яны прыходзяць да высновы, што суседзі самавольна падключыліся да водазабеспячэння, не ўстанавілі лічыльнікі. Людзі не разумеюць, чаму ніхто не правярае і не бачыць залішні расход вады. Таму прадстаўніком кантралюючага органа дадзена даручэнне жыллёва-камунальнай службе больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі.

У размове старшыня Маладзечанскага міжраённага Камітэта дзяржкантролю В. В. Чысцякова адзначыла, што ўвогуле зваротаў ад жыхароў нашага раёна ў камітэт паступае няшмат у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Гэта сведчыць пра тое, што насельніцтва давярае мясцовай уладзе і стараецца вырашыць набалелае, як кажуць, у сваім доме.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars