Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Региональные новости

Рэспубліканская атэстацыйная камісія ХVIII агляду народных і ўзорных аматарскіх студый выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фальклорных калектываў, аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах Мінскай вобласці, якая засядала ў лістападзе, вырашыла пацвердзіць ганаровыя найменні “народны” і “ўзорны” некаторым аматарскім калектывам мастацкай творчасці, у тым ліку і нашага раёна.

Званне “народны” пацвердзілі літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” і аматарскае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” раённага Цэнтра культуры, гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” Дубінскога СЦК; “узорны” – клуб “Грацыя” РЦК і фальклорны калектыў “Вянок” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці.

 

     У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на вуліцы Набярэжнай у райцэнтры і ў адміністрацыйным памяшканні цэнтра, што размяшчаецца па вуліцы Міру, у гэтыя дні вядуцца рамонтныя работы. З абласнога бюджэту на рамонт гаспадарчым спосабам выдзелены 50 тысяч рублёў.

Бягучы рамонт надзвычай патрэбны ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, дзе вельмі часта бываюць госці з далёкага і блізкага замежжа. Патрабаваўся ён і ў службовых кабінетах. Вядзецца афарбоўка сцен, на падлогу кладзецца пакрыццё, будуць зроблены падвясныя столі. Рамонтныя работы распачаты ў лістападзе і павінны завяршыцца ў самыя сціслыя тэрміны.

 

     Многія гараджане і госці нашага горада, думаю, не раз задаваліся пытаннем, дзе можна набыць знакамітыя івянецкія цукеркі, якія вырабляюць непасрэдна ў раёне.

Сёння можна даць адказ на гэта пытанне: поўны асартымент прадукцыі івянецкай кандытарскай фабрыкі “Івкон” прадстаўлены ў невялічкім магазінчыку “Эдэльвейс” райспажыўтаварыства, што знаходзіцца непадалёк гарадской лазні, перад мостам у мікрараён Папоўка. “Івкон” стаў чацвёртым прадпрыемствам-вытворцам, чыя прадукцыя ёсць на паліцах крамы і прадаецца са значнай гандлёвай скідкай. У продажы – і “Сметанковая памадка”, і “Кароўка”, якая шмат гадоў была брэндам Івянца, шакаладныя і іншыя цукеркі, асвоеныя ў больш познія гады. Спецыяльна ў “Эдэльвейс” жыхары горада прыходзяць за кандытарскімі вырабамі “Камунаркі”, “Чырвонага харчавіка” і “Слодыча”.

 

     Пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны і плённа працуюць два клубы – “Залатая восень” і “Лэдзі”. Калі першы існуе 12 гадоў, то другі – усяго трэці год.

У кастрычніку ў клубе “Лэдзі” прайшлі арганізацыйныя мерапрыемствы, адбыліся перавыбары кіраўніка і савета клуба. Новым старшынёй абралі Алену Ігнатаўну Барахоўскую, чалавека надзвычай энергічнага і ініцыятыўнага. Збіраюцца члены клуба некалькі разоў на месяц. Наладзілі цеснае супрацоўніцтва з раённай бібліятэкай, дзе 16 лістапада прайшоў “круглы стол” па ўмацаванні здаровага ладу жыцця людзей сталага ўзросту. Бібліятэкар Алена Паўлаўна Журкевіч правяла агляд перыядычных выданняў дадзенай тэматыкі. Многія члены клуба займаюцца фітнесам і ёгай, заняткі праводзяцца на базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. У бліжэйшых планах – сустрэча с псіхолагам цэнтра, падрыхтоўка культурна-забаўляльнага навагодняга мерапрыемства. Сёння ў клубе налічваецца 20 членаў. Яго дзверы адчынены для жанчын пенсіённага ўзросту, якія жадаюць весці актыўны лад жыцця, бываць на экскурсіях і ў тэатрах, сустракацца з цікавымі людзьмі, а не праводзіць дні ў чатырох сценах кватэры на кухні і ля тэлевізара.

 

     Канцэртная праграма народнай эстраднай студыі “Міраж” Смаргонскага РЦК зацікавіла многіх жыхароў Валожына, якія прыйшлі паглядзець на артыстаў суседняга раёна ў нядзелю 12 лістапада.

Творчы абмен паміж установамі культуры не толькі нашай, але і Гродзенскай вобласці працягваецца. Самадзейныя артысты заўсёды гатовы паехаць і выступіць на любой пляцоўцы, у раённым цэнтры ці вясковым клубе.

 

    Выхаванцы і выкладчыкі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, больш за 50 чалавек, сабраліся 16 лістапада на канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў, лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі піяніста Аляксандра Данілава.

Канцэрт праходзіў у зале школы. У праграме прагучалі класічныя творы Моцарта, Гайдна, Шапена, а таксама сучасных кампазітараў.



Добавить комментарий