З народам падзяліўшы лёс…

Культура

Нядаўна адзначыў 90-гадовы юбілей адзін з самых паважаных людзей у нашым горадзе – Аляксандр Сяргеевіч КУРАНАЎ. Прыгожая дата паслужыла нагодай, каб наведаць цікавага чалавека і разам з ім здзейсніць вандроўку ў былыя гады…
Калі гаспадар і яго жонка Вера Аляксандраўна сустрэлі мяне на парозе сваёй кватэры, узнікла ўражанне, што завітала не па адрасе – вельмі ж маладжавай выглядала шаноўная пара.
Сапраўды, нягледзячы на ўсе перыпетыі лёсу, муж і жонка Куранавы вызначаюцца цудоўнай здольнасцю заставацца, як кажуць, у страі. Прыемныя твары, выдатная постаць… У вачах, што свецяцца розумам і дабрынёй, адлюстроўваюцца жыццёвы вопыт і бясконцая мудрасць. Яны шмат гадоў ідуць па дарозе лёсу поруч і, між іншым, з’яўляюцца яркімі прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі.

Радзіма Аляксандра Сяргеевіча – Уладзімірская вобласць Расіі. Там прайшлі дзіцячыя гады. Шчаслівымі іх можна назваць з вялікай нацяжкай. Хлопчыку споўнілася тры гады, калі памерла матуля. Мачыха старалася замяніць малому роднага чалавека. Ён нават заўсёды называў яе маці. Аднак туга аб той, першай, сапраўднай, аблічча якой захавала памяць, засталася з ім на ўсё жыццё…

Што за ўклад быў у іх доме? Самы просты – цяжкая праца з вечара да ранку дзеля таго, каб забяспечыць які-ніякі дастатак. У 14 гадоў ён – ужо сапраўдны калгаснік. Выконваў увесь шэраг сельскагаспадарчых работ. Асабліва ганарыўся ўменнем упраўляцца з канём. Калі пасля нападзення фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз бацьку забралі на фронт, некалькі гадоў спраўляўся з абавязкамі асноўнага здабытчыка ў сям’і.

У 1944-ым у няпоўныя 17 гадоў ён быў прызваны ў армію і пасля вучобы паступіў у распараджэнне начальніка разведкі III Беларускага фронта. Падраздзяленне, у якім давялося служыць радыстам, прымала ўдзел у аперацыі па вызваленні Кёнігсберга. Пасля вайны полк быў пераведзены ў Беларусь, дзе змяніў некалькі месцаў дыслакацыі. Урэшце 474-ы дывізіён размясціўся ў Валожыне. Пазней атрымаў назву “153-я асобная Кёнігсбергская ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічная брыгада асобага прызначэння”.

Так здарылася, што тэрміновай службе гэты чалавек аддаў больш за шэсць гадоў. Жыццё ў пагонах захапіла, таму аб іншай прафесіі нават і не думаў. Рашэнне стаць ваенным прыйшло само па сабе. Радыёразведка патрабавала пастаяннага самакантролю, выключнай уважлівасці і ведаў. Аляксандр Сяргеевіч падчас шматлікіх курсаў добра засвоіў англійскую мову, розныя тэхнічныя тонкасці. Камандзіры давяралі яму, цанілі, і сам ён заўсёды з павагай ставіўся да падначаленых. Уступленне ў партыю тады лічылася гонарам, прапаноўвалі гэта далёка не кожнаму. Малады чалавек з радасцю стаў у адзін строй з камуністамі-вайскоўцамі і ніколі не шкадаваў аб сваім рашэнні, шчыра падзяляў ідэалы, на якіх грунтаваўся камуністычны рух.

Верную сяброўку жыцця сустрэў у Валожыне. Збліжэнню спрыяла не толькі ўзаемная сімпатыя, але і тое, што лёсы іх складваліся амаль аднолькава. Вера, ураджэнка вёскі Сярэдняе Сяло, рана засталася без бацькі. І хоць удзячная айчыму за дзяцінства, не горшае, чым у іншых, рана зразумела – разлічваць у далейшым жыцці давядзецца толькі на сябе. Яна, як і будучы муж, паважала веды, лічыла іх найвялікшай каштоўнасцю. У 1946 годзе прыйшла вучаніцай эканаміста ў тагачасны райвыканкам, пасля стала справаводам, інструктарам. Ініцыятыўную, з павышаным пачуццём адказнасці дзяўчыну заўважылі ў райкаме камсамола і ў райкаме партыі. Неўзабаве атрымала накіраванне на вучобу ў Гомельскую партыйную школу…

Пазнаёмілі маладых людзей сяб-ры, а аб’ядналі агульныя інтарэсы. Які цікавы тады быў час! Моладзь імкнулася да жывых адносін, бавілі вечары ў кіно, хадзілі на танцы, слухалі лекцыі. Акрамя асноўнай работы, кожны меў грамадскую нагрузку, шмат чыталі, а пасля цэлымі кампаніямі абмяркоўвалі прачытанае. Калі А. С. Куранаву прапанавалі перавод у Закарпацце, было зразумела: паедзе ён на новае месца службы з жонкай. Яны і зараз з цеплынёй успамінаюць гады, праведзеныя ў горадзе Берагава, што на граніцы з Венгрыяй. Тады вакол іх быў сапраўдны інтэрнацыянал. Прадстаўнікі розных народаў з самых далёкіх куткоў СССР жылі і працавалі побач, дапамагалі адзін аднаму, сябравалі, уступалі ў шлюб. Жыццё кіпела, захапляла. На цяжкасці, бытавыя праблемы ўвагі ніхто не звяртаў. Менавіта там абое скончылі вячэрнюю школу. Ён экстэрнам здаў экзамены за курс ваеннага вучылішча і ў 1952 годзе атрымаў афіцэрскія пагоны. Яна стала дыпламаваным эканамістам.

Вярнуліся ў Валожын ужо з дзецьмі – дачкой і сынам. Толькі-толькі ствараўся раён, патрэбны былі спецыялісты ў розных галінах гаспадаркі. Вера Аляксандраўна аказалася запатрабаванай. Яе ведам і вопыту знайшлося прымяненне ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі. Давялося быць членам райвыканкама, дэпутатам райсавета. Аляксандр Сяргеевіч пасля звальнення са службы прысвяціў сябе педагогіцы. Дваццаць гадоў выкладаў пачатковую ваенную падрыхтоўку ў СШ № 2, быў кіраўніком метадычнага аб’яднання. Ваенрука, які знаёмы з армейскім статутам не па чутках, і сёння помняць былыя вучні і педагогі старэйшага пакалення. З яго лёгкай рукі 49 выпускнікоў скончылі ваенныя навучальныя ўстановы, абраўшы прафесію абаронцы Айчыны.

Мужчына пры апісанні свайго жыццёвага шляху на словы скупы. Не любіць узнёслых выразаў, пазбягае публічнасці, не імкнецца пахваліцца ўзнагародамі. Нават пра медаль “За баявыя заслугі” я даведалася выпадкова. А вось пра дачу ў Малой Дайноўцы, сямейныя традыцыі, любімых унукаў і праўнукаў можа расказваць бясконца. Прызнаўся: мае шмат праблем са здароўем, упэўнены, што толькі дзякуючы медыкам райбальніцы сёння ён сярод нас. Аляксандр Сяргеевіч і Вера Аляксандраўна стараюцца не губляць цікаўнасць да жыцця: не прапускаюць навіны, перажываюць за сённяшні дзень Беларусі. Іх шчыра хвалююць сітуацыі ў суседніх краінах і свеце ў цэлым.

Развітвацца са шчырымі, гасціннымі людзьмі не хацелася, настолькі ўтульная і цёплая атмасфера пануе ў іх доме. Пасля сустрэчы мяне доўга не пакідала думка: “Як добра, што побач ёсць людзі, якія нікога не асуджаюць, не скардзяцца, а сціпласць, працавітасць, высакародныя ўчынкі – свае і іншых – лічаць нормай”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий