Адным радком

Общество

У Валожынскую раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін пачалі паступаць на праверку ўзоры насення зерневых культур, пасяўную якасць якіх неабходна выявіць, каб забяспечыць яравую сяўбу наступнага года высакаякасным матэрыялам. Першымі ў інспекцыю звярнуліся СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, ААТ “Багданаўскае”, ТАА “Тарасава”.

 

14 лістапада стартавала справаздачна-выбарная кампанія пярвічных арганізацый ДТСААФ. Першы сход адбыўся ў гімназіі № 1 г. Валожына. 21 лістапада такое ж мерапрыемства прайшло ў СШ № 2 райцэнтра. У бліжэйшых планах раённай структуры – справаздача і выбары старшыні пярвічкі ў СШ № 1.

 

Да Міжнароднага дня энергазберажэння ва ўстановах адукацыі раёна прайшлі гадзіны інфармавання, тэматычныя заняткі, выставы і інш., накіраваныя на тое, каб прыцягнуць увагу школьнікаў да беражлівага выкарыстання энергетычных рэсурсаў, а таксама пазнаёміць іх з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, якія існуюць на сённяшні дзень.

 

Сапраўдны “гарачы” сезон назіраецца зараз на Валожынскім філіяле ДП “Мінаблпаліва” – чарга на набыццё торфабрыкету і дроў складае больш за 800 чалавек. За дзень паліва развозіцца 20 спажыўцам, пры гэтым 25 запісваюцца на чаргу. Усяго ж па раёне 2600 домаўладанняў, дзе для ацяплення выкарыстоўваюць натуральныя віды паліва.

 

У чытальную залу цэнтральнай раённай бібліятэкі былі запрошаны члены клуба “Лэдзі” на мерапрыемства, якое арганізавала і правяла бібліятэкар А. П. Журкевіч. Яна расказала гасцям пра кніжныя навінкі і здзейсніла агляд перыядычных выданняў. Сустрэча называлася “Чытанне пад восеньскі настрой”.

 

З надыходам ацяпляльнага сезона выратавальнікам даводзіцца пастаянна быць у стане павышанай боегатоўнасці. У мінулую суботу па прычыне няправільнай эксплуатацыі каміна адбылося ўзгаранне жылога будынка ў вёсцы Ракаў. Сёлета гэта ўжо трэці пажар з-за ацяпляльнага абсталявання.



Добавить комментарий