Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

5 снежня ў Валожыне ў трэці раз пройдзе Фестываль творчасці для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Асаблівы Сусвет”. Яго праводзяць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з раённай арганізацыяй Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам пры падтрымцы раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

У гэтыя лістападаўскія дні прымаліся заяўкі на ўдзел у фестывалі. Ужо пацвердзілі свой удзел Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця, Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат, асобныя сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды, іншыя ўстановы і арганізацыі. Творчае выпрабаванне адбудзецца ў наступных намінацыях: танцавальнае мастацтва (індывідуальнае і групавое), выканальніцкае мастацтва, сцэнічнае майстэрства і інструментальнае майстэрства. Дзейства будзе праходзіць у раённым Цэнтры культуры. Каб падтрымаць удзельнікаў, на своеасаблівы канцэрт запрашаюцца ўсе жадаючыя.

 

      На Міншчыне дзейнічаюць 4 санаторныя школы, куды па медыцынскіх паказаннях адпраўляюць на лячэнне і аздараўленне школьнікаў нашага раёна. Там створаны выдатныя ўмовы для ўмацавання здароўя: аказваюць розныя віды лячэбных працэдур, ёсць басейны, добрае харчаванне. І ўсё гэта – без адрыву ад вучэбнага працэсу.

На 2017-2018 навучальны год раёну даведзены план аздараўлення – 59 школьнікаў. За першую і другую чвэрці пуцёўкі ў санаторныя школы атрымалі 29 чалавек. Звычайна заезд прыходзіцца на адну вучэбную чвэрць. Аднак па паказаннях тэрмін знаходжання там дзіцяці можа быць падоўжаны. У Чырвонаслабадской школе (Салігорскі раён) умацавалі здароўе 7 школьнікаў, у Уздзенскай – 9, Старабарысаўскай – 8, а ў самай вядомай з санаторных школ – Маладзечанскай, дзе лечаць скаліёз, – 5.

 

     Клуб пажылых людзей ствараецца ў Івянцы. Дакладней кажучы, такое аматарскае аб’яднанне вырашылі аднавіць пры мясцовым Доме культуры. За справу ўзяліся не толькі работнікі культуры, але і старшыня Івянецкага савета ветэранаў Аляксандра Пятроўна Нядвецкая.

Дырэкцыя ўстановы культуры гатова прадаставіць сваім пажылым землякам месца, дзе яны маглі б сустракацца і бавіць час за сумеснымі мерапрыемствамі, развіваць творчыя здольнасці. Адказваць за арганізацыйную работу разам з саветам клуба будзе метадыст Дома культуры Зоя Іванаўна Рындзевіч-Арлоўская. Некалі такое аматарскае аб’яднанне насіла назву “Талака”. Магчыма, яна і застанецца. Рашаць гэта будуць самі члены клуба.

 

     Наша газета ўжо расказвала, што сярод некалькіх праектаў, якія ў дадзены момант рэалізуюцца ў раёне пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза, ёсць і такі – “Даступная прафесія для моладзі ў сельскай мясцовасці”. На базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра будуць вырошчвацца грыбы-вешанкі. А ў недалёкім будучым выхаванцы аддзялення, магчыма, змогуць зарабляць сабе на жыццё вырошчваннем экалагічна чыстых грыбоў.

Было закладзена 100 мяшкоў, ці 1000 кілаграмаў субстрату, што павінна забяспечыць ад 150 да 200 кілаграмаў грыбоў. У 20-х чыслах лістапада знята першая партыя вешанак. Увогуле, тэрмін ад закладкі да збору ўраджаю – прыкладна месяц. Спачатку пройдуць майстар-класы па прыгатаванні разнастайных страў з вешанак, яны будуць уключаны ў абедзеннае меню выхаванцаў. Лішкі грыбоў пойдуць на продаж. Свежыя грыбы ў Валожыне прадаюцца толькі на “Еўраопце”, часцей за ўсё – шампіньёны. Вешанкі на паліцах былі ўсяго некалькі разоў.

 

     Фонды Валожынскай дзіцячай бібліятэкі ў апошні час значна папоўніліся не за кошт дзяржаўных паступленняў новай літаратуры, а за кошт жыхароў горада, што перадалі ў дарунак многа дзіцячай і школьнай праграмнай літаратуры.

Некалькі разоў прыносілі кнігі з дамашняй бібліятэкі Святлана Саламонаўна і Павел Андрэевіч Бушланавы, якія ў агульнай колькасці падарылі каля 100 экзэмпляраў кніг. На мінулым тыдні сваімі кнігамі падзяліліся Уладзімір Уладзіміравіч Мандрык з жонкай. А многія дабрачынцы ўвогуле жадаюць застацца невядомымі, і дзіўна, што работнікі ўстановы часта не ведаюць іх нават у твар. Такім чынам у бібліятэцы з’явіліся 4-томнік братоў Стругацкіх, новыя кнігі фантастыкі, фэнтэзі і дэтэктыўнай літаратуры, шмат папулярных дзіцячых і маладзёжных часопісаў. У сваю чаргу бібліятэка дзеліцца кнігамі з аддзяленнем раённага прытулку, Чэхаўшчынскай дапаможнай школай-інтэрнатам.

 

      18 лістапада на базе гімназіі прайшло першынство раёна па стрытболе. Заяўкі на ўдзел падалі 8 каманд.

Першае месца заняла каманда воінскай часці № 30695, другое і трэцяе – каманды гімназіі, сфарміраваныя з вучняў 2002 і 2003 гадоў нараджэння. Тройка прызёраў узнагароджана граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars