Справа маладых – на выдатна!

Общество

Супрацоўніцы раённага вузла паштовай сувязі нядаўна паспяхова прадставілі Міншчыну на аглядзе-конкурсе “Будучае прафсаюза – справа маладых” сярод прафсаюзнага актыву работнікаў сувязі. Маладыя спецыялісты Ганна Анатольеўна КАРОЛЬ і Ірына Міхайлаўна СТАНКЕВІЧ узнагароджаны дыпломам II ступені за першы этап спаборніцтваў, які праводзіўся РУП “Белпошта”.

У бягучым годзе сваё традыцыйнае мерапрыемства галіновы прафсаюз прысвяціў Году навукі ў Рэспубліцы Беларусь. Падчас яго заявіць аб сабе маглі ініцыятыўныя і таленавітыя маладыя людзі да 35 гадоў. Дарэчы, Мінская вобласць вылучыла да ўдзелу толькі дзве каманды – нашу і Салігорскую.

Валожынскі калектыў да конкурсу далучыўся ўпершыню. Як адзначыла прафсаюзны лідар РУПС Святлана Сяргееўна Лугіна: “Мы быццам спецыяльна чакалі няўрымслівых, таленавітых дзяўчат, якія з энтузіязмам адгукнуліся на цікавую прапанову – выступіць на высокім узроўні. Хоць кожная шмат часу і энергіі аддае асноўнай рабоце, магчымасць прадэманстраваць творчыя здольнасці падалася ім прывабнай”.

Г. А. Кароль займае адну з ключавых пасад у арганізацыі. Яна – вядучы бухгалтар. Далёка не кожнаму ўчарашняму студэнту даручаць такую адказнасць. Тут патрэбна моцная ўпэўненасць у сабе і сваіх сілах. Кіраўнік раённага вузла паштовай сувязі Марына Аляксандраўна Іода прызналася: “Без перабольшвання можна сказаць: у тым, што мы даверылі бухгалтэрыю маладой дзяўчыне, была доля рызыкі. Аднак, як паказаў час (прайшоў год), мы не памыліліся”. Сапраўды, Ганна выдатна спраўляецца. Яе жыццёвае крэда: пастаянная самаадукацыя і 100-працэнтная рэалізацыя сваіх здольнасцей.

Тое ж можна сказаць і пра І. М. Станкевіч – аператара сувязі. Калі яна пры выкананні – сама сур’ёзнасць і ўважлівасць. У вольны час паглыбляецца ў цудоўны свет мастацтва. Мае сертыфікат фларыста. Калегі з захапленнем расказваюць пра прыгажосць, што выходзіць з-пад яе рук. Ірына яшчэ ў студэнцкія гады ніколі не адмаўлялася ад удзелу ў розных праектах. У ролі Снягуркі прадстаўляла РУПС у мінулагоднім шэсці Дзедаў Маразоў і іх унучак. Разам з Ганнай, якая вольны час прысвячае хэндмэйду (стварае сувеніры і з задавальненнем дорыць іх сябрам і калегам), яны склалі выдатную каманду.

Падчас конкурснай праграмы дзяўчаты выступілі з візітоўкай, да якой спецыяльна рыхтавалі крэатыўную прэзентацыю, паказалі і нумар мастацкай самадзейнасці – дуэтам чыталі верш Э. Асадава ў суправаджэнні музыкі. Самым цікавам было заданне, звязанае з прадстаўленнем інавацыйнага праекта. Ганна і Ірына прэзентавалі яго зыходзячы з сучасных тэндэнцый развіцця сувязі. У Viber стварылі групу прыхільнікаў валожынскай пошты. Дружнае кола аднадумцаў склалі іх калегі разам са сваімі роднымі і сябрамі. Было праведзена апытанне. Канкурсанткі высветлілі, дзе і з якой мэтай можна выкарыстоўваць старыя газеты. Магчыма хтосьці палічыць гэта дзіўным, але з прачытанай прэсы можна вырабляць мноства карысных рэчаў, тым самым папулярызаваць друкаваныя выданні. У выніку на суд журы была прадстаўлена незвычайная карзіна з ружамі, зробленымі сваімі рукамі.

Фінальны этап маладзёжнага форуму праводзіўся пад эгідай міністэрства сувязі на базе  адпачынку “Дружба”, што ў Астрашыцкім гарадку. Тут нашы спецыялісты выступілі ў складзе каманды РУП “Белпошта. Пад дэвізам “Думай, развівайся, дзейнічай” прайшлі тры фестывальныя дні, падчас якіх прадстаўнікі РУП “Белпошта”, РУП “Белтэлекам”, аператараў сувязі Velcom і МТС, Віцебскай акадэміі сувязі і іншых прадпрыемстваў сувязі дэманстравалі свае творчыя і прафесійныя здольнасці. Завяршылася мерапрыемства святочным гала-канцэртам. Кожны з шасцідзесяці чатырох удзельнікаў атрымаў памятны падарунак. Валожынцы задаволены вынікамі свайго дэбюту. Самае галоўнае для Кацярыны і Ірыны тое, што яны годна прадставілі родны калектыў.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий