Как охотились на Воложинщине во времена Тышкевичей

Культура

“Ловы” (паляванне) былі самым распаўсюджаным заняткам старажытных людзей. Некалькі тысячагоддзяў таму нашы продкі майстравалі лоўчыя ямы, куды траплялі звяры. Потым з’явіліся жалезныя пасткі. Пасля паляўнічыя ўзялі ў рукі ружжо. Мясцовая шляхта любіла пастраляць ад душы. І ружэйныя майстры на Беларусі працавалі неблагія. Мінскія, магілёўскія, шклоўскія ўмельцы і пры маскоўскім царскім двары вопытам дзяліліся з тамашнімі рамеснікамі.

Наогул, паляванне ў сярэднія вякі лічылася прывілеяванай свецкай забавай. Гэта просты чалавек проста ішоў падстрэліць качку ці зайца на пражыццё. А заможныя людзі на паляванні задавальнялі свой азарт, гонар і ператваралі паляванне ў раскошна абсталяваны спектакль, дзе галоўны герой – граф ці князь – павінен быў вызначацца, і ніяк не менш. Маштаб і раскоша палявання сведчылі аб магутнасці і багацці яго гаспадара. Нядзіўна, што на Валожыншчыне найбольш вылучаліся Тышкевічы. У графскіх гаспадарках арганізацыі палявання адводзілася важнае месца, у іх удзельнічалі па некалькі дзесяткаў, а калі і соцень чалавек.

З 1795 года і да ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР мястэчка Пяршаі было ўласнасцю графа Бенядзікта Тышкевіча. Сам граф і яго сям’я жылі ў Варшаве, а сюды, на беларускія землі, яны прыязджалі для адпачынку. Можа з лёгкай рукі Бенядзікта ў 1803 годзе Валожын і прылеглыя землі купіў Юзаф Тышкевіч? Можа і так. Сёння мы пра гэта ўжо не папытаемся.

Прадстаўнікі дынастыі Тышкевічаў валодалі неверагоднымі багаццямі, а так званы “Валожынскі ключ” быў багатай маёмасцю. У склад яе ўваходзілі, апроч наваколля горада, вялікія абшары пушчы абапал ракі Іслач, лясныя масівы, багатыя разнастайнай флорай і жывёльным светам. Вадзіліся тут у вялікай колькасці ласі, казулі, дзікія мядзведзі, а на Іслачы густа сяліліся бабры. З драпежных звяроў пастаяннымі жыхарамі былі ваўкі і рысі. Не менш было тут і розных птушак. Уладальнікі пушчы і запрошаныя госці часта наладжвалі паляванне на ласёў, мяса якіх было пастаяннай ежай паноў, і на дзікоў, што прызначаліся для чэлядзі і работнікаў.

А паляванне было адной з самых любімых графскіх забаў. Менавіта таму недалёка ад Пяршаяў, ва ўрочышчы Вялым, на беразе жывапіснай ракі Іслач і загадаў Бенядзікт Тышкевіч у 1840 годзе пабудаваць паляўнічую рэзідэнцыю. Мясцовасць гэта вельмі падабалася графу. Кожны год пад восень прыязджаў ён у Вялае на вялікай чатырохконнай калясе – “берліне” ў суправаджэнні шматлікіх падвод з чэляддзю, кухняй, сабакарняй.

Спыніўшыся ў “палацы”, увесь час праводзіў ён са сваімі спадручнымі і запрошанымі з акругі знакамітымі гасцямі на паляваннях – адстрэльвалі ласёў і дзікоў на мяса, а мядзведзяў – для паляўнічай прыемнасці. Сыну заснавальніка Вялага таксама спадабаўся гэты адасоблены куток пушчы і ён загадаў дабудаваць да паляўнічага дома другі паверх і ўзвесці некалькі гаспадарчых будынкаў.

У вялікай гаспадарцы Тышкевічаў лясоў было шмат, за іх адказвала спецыяльна створаная Лясная адміністрацыя. Тэрыторыя пушчы была падзелена на лясніцтвы, на чале якіх стаялі ляснічыя. Яны мелі акрэсленыя функцыі: назіралі за тым, каб не было выпадкаў злоўжыванняў у лясных надзелах. Ляснічым падпарадкоўваліся леснікі, з дапамогай якіх вялася лясная гаспадарка – нарыхтоўка лесу, барацьба з несанкцыянаванымі вырубкамі, браканьерствам і г. д. Пры паступленні на службу леснікі падпісваліся ў спецыяльнай друкаванай кніжачцы, дзе былі пералічаны іх абавязкі, акрэслены межы тэрыторыі, за якой яны назіралі. Арыгінал такой кніжкі захоўваўся ў Валожыне, а яе копія з подпісам ляснічага выдавалася на рукі лесніку.

Леснікі таксама павінны былі сачыць за папуляцыямі звяроў на сваіх участках. У залежнасці ад вынікаў такіх назіранняў прымалася рашэнне аб тым, дзе будзе праводзіцца паляванне. Так, напрыклад, у 1818 годзе егер Яцкаўскага лясніцтва дакладваў галоўнаму адміністратару Тышкевічаў Пашкоўскаму аб тым, што ў ваколіцах вёскі ў лясах сустракаюцца 12 ласёў, два статкі дзікоў і іншыя жывёлы. У лясах каля вёскі Задарожжа ёсць мядзведзі і ваўкі. Паляванні часам наладжваліся нават з-за скаргаў мясцовага насельніцтва на нанесеную іх зямельным надзелам шкоду ад дзікіх звяроў. Так, у жніўні 1897 года была арганізавана аблава на ваўкоў на тэрыторыі Валожынскага лясніцтва.

У другой палове XIX стагоддзя правядзенне паляванняў рэгламентавалася дзяржаўнымі ўладамі. Кожны паляўнічы, незалежна ад паходжання і матэрыяльнага становішча, павінен быў мець “паляўнічае пасведчанне”, якое мела парадкавы нумар і дзейнічала на працягу года. У пасведчанне ўкладвалася выпіска з правілаў палявання, якія былі зацверджаны 17 лютага 1892 года. Паводле гэтых правілаў, кожны паляўнічы павінен быў мець такое пасведчанне пры сабе для прад’яўлення яго па патрабаванню паўнамоцнай асобы. У выпадку, калі паляванне адбывалася на чужой зямлі, паляўнічы павінен быў мець і пісьмовы дазвол ад яе ўладальніка.

Зімовыя паляванні давалі дадатковы заробак мясцовым сялянам. За дапамогу ў арганізацыі паляванняў (напрыклад, за дастаўку дошак для рамонту доміка ляснічага) сялянам бясплатна выдаваліся дровы. За ўдзел у паляванні давалі воз дроў. Такую плату атрымлівалі аблаўнікі ў паляванні на ласёў і тыя, хто ўдзельнічаў у пошуках мядзведзяў. Плату селянін мог атрымаць і грашамі.

Пасля паляванняў заставалася шмат звярыных шкур, якія дасылаліся ў Вільна, Берлін або прадаваліся. Яны звычайна ўпрыгожвалі кабінет як сведчанне паляўнічых поспехаў яго гаспадара.

Напрыклад, старажылы Валожына так апісваюць лоўчы дом у Барсуковіне, які з’яўляўся ўзорам драўлянага дойлідства і належаў графу Юзафу Тышкевічу.

Дом быў доўгі і вельмі шырокі, меў шмат пакояў: гасцёўню, залу з камінам, спецыяльнае памяшканне, дзе захоўваліся ружжы лоўчых, кухню і інш. У кожным памяшканні – дарагая мэбля, на падлозе замест дываноў – скуры ваўкоў, дзікоў, мядзведзяў. Скурамі былі таксама завешаныя ўсе сцены. Меўся нават тэлефон. Пры ўваходзе на слупах віселі чучалы дзіка і ваўка. Багаты быў і посуд – фарфоравы, фаянсавы, пазалочаны. Усё было зроблена, каб багатыя і саноўныя госці, больш графы і князі, што прыязджалі з розных гарадоў Польшчы – Варшавы, Кракава, Лодзі і інш., адчувалі сябе зручна і ўтульна. Аматары палявання з’язджаліся на легкавых аўтамабілях, некаторыя – на конях, са сваёй прыслугай, нават з цырульнікамі. Лоўчаму дапамагалі несці вахту два сабакі, для іх графскі эканом выдзяляў нават спецыяльны паёк на ўтрыманне. Іншы раз гасцей збіралася так многа, што ў лоўчы дом яны не памяшчаліся. Тады на некалькі тыдняў яны засяляліся на другі паверх у дом, які належаў вартаўніку, дзе сёння месціцца Валожынскае лясніцтва. Можна толькі ўяўляць, якія важныя людзі расхаджвалі там па залах і калідорах.

З паляўнічым караванам заўсёды рухалася вялізная сабачая зграя. Ужо тады выводзіліся паляўнічыя пароды – гончыя, выжалы, тэр’еры. Добры сабака вельмі цаніўся. Псовыя паляванні бударажылі душу і кроў многіх паляўнічых таго часу. Таму і да развядзення сабак ставіліся вельмі сур’ёзна. Пра гэта сведчаць узнагароды, якія атрымлівалі сабакі на розных выставах, – сярэбраныя і залатыя медалі, званне чэмпіёна года. А гаспадарам сабак выдаваліся спецыяльныя атэстаты імператарскага палявання, у якіх пазначаліся поспехі сабак.

Развядзеннем сабак на тэрыторыі Валожыншчыны займаліся Храптовічы, якія таксама вельмі паважалі паляванне. Яны з 1600 года валодалі мястэчкам Вішнева. А недалёка ад яго Іаахім Літавор Храптовіч у пачатку ХХ стагоддзя пабудаваў паляўнічы палац, які назвалі Адрывонж (па назве радавога герба). Дом быў шыкоўны, двухпавярховы, каменны, апрацаваны часаным шэрым гранітам, з відавой вежай. Тут утрымліваліся вялікая псярня, гадавальнік па вырошчванню дэкаратыўных дрэвавых раслін, у сажалках разводзілі рыбу. Па сведках вішнеўскіх краязнаўцаў, у псярні Храптовічаў было больш за сотню сабак розных паляўнічых парод, якія ўдзельнічалі ў шматлікіх еўрапейскіх выставах і конкурсах і аб’ехалі ў самым прамым сэнсе са сваімі гаспадарамі ўвесь белы свет.

Беларусы – традыцыйныя паляўнічыя. Нягледзячы на тое, што нашы лясы цяпер “акультураны” і зроблена ўсё для прыцягнення замежных і мясцовых турыстаў, мы збераглі сваю калі і не спрадвечную, то, ва ўсялякім выпадку, добра захаваную прыроду. Кажуць, нават, дзе-нідзе можна адшукаць самыя сапраўдныя некранутыя лясы. Паляўнічыя ўгоддзі Валожыншчыны займаюць цяпер больш за 150 тысяч гектараў. Так што разгуляцца ёсць дзе. Выйсці з ружжом можна на кабана, касулю, аленя, ваўка, лісу, вадаплаўную птушку – да паляўнічых адносяцца больш за 50 відаў звяроў і птушак. Трэба толькі адпаведнае пасведчанне на права палявання.

Галіна СЕНЧАНКА, навуковы супрацоўнік раённага музея.



Добавить комментарий