Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

2017 год выходзіць на фінішную прамую. На паліцах магазінаў з’явілася навагодняя атрыбутыка, гаспадыні пачалі шукаць рэцэпты новых салатаў… І ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў гэтыя дні пахі рамонтных работ змешваюцца з навагоднімі, бо тут распачалі выраб сувенірнай прадукцыі з прыродных матэрыялаў да Новага года і Каляд.

Самыя розныя сувеніры асвойваюць выхаванцы аддзялення ў рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні “Вернісаж” пад кіраўніцтвам педагога Н. А. Буклыс і ў гуртку “Натхненне” з дапамогай Ю. І. Гісіч. Гэта і калядныя вяночкі, і незвычайныя прыгожыя ёлачкі, і святочныя паштоўкі, і іншыя сувеніры, якія асацыіруюцца з Новым годам. Неўзабаве такую прыгажосць можна будзе набыць. Свая гандлёвая кропка ёсць у аддзяленні, маецца таксама дазвол на выязны гандаль.

 

     За 10 месяцаў бягучага года ў раёне выяўлены 4 сіраты, двое з іх – біялагічныя сіроты, а яшчэ двое дзяцей з адной сям’і атрымалі такі статус у выніку пазбаўлення бацькоўскіх правоў. Увогуле, дзяцей-сірот у раёне налічваецца 114 (у 2016 годзе было 131). За бягучы год вернуты ў пяць біялагічных сем’яў 7 непаўналетніх дзяцей.

На ўліку стаяць 98 абавязаных асоб, якія вяртаюць грашовыя сродкі на ўтрыманне 114 дзяцей у бюджэт раёна. За 10 месяцаў на такія мэты зрасходаваны 135044 рублі, вернута ўсяго 80513 рублёў, ці 59,6%. У поўным аб’ёме разлічваюцца з дзяржавай усяго 10 гора-бацькоў, часткова – 68, наогул не плацяць – 20. На 1 лістапада 17 абавязаных асоб зняты з уліку. Па даных суда ў раёне пражываюць 75 абавязаных асоб. У раёне працуюць 59 з іх, у тым ліку 43 – у арганізацыях аграпрамысловага комплексу, 3 чалавекі знаходзяцца на пенсіі, 6 – у лячэбна-працоўных прафілакторыях, 6 – у месцах пазбаўлення волі.

 

    Штогод пра падкормку дзікіх жывёл у зімовы час дбаюць работнікі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Ніхто не ведае, якая наперадзе чакае зімоўка…

Сваімі сіламі штатныя работнікі нарыхтавалі 10 тон зерня і 10 тон сакавітых кармоў (буракоў, морквы). У лясных угоддзях, замацаваных за гэтай структурай, абсталяваны 8 біятэхнічных комплексаў, дзе ёсць кармушкі для казулі, саланцы, сховішчы для кармоў і назіральныя вышкі. Ёсць таксама 31 падкормачная пляцоўка для аленяў і казуляў і 140 саланцоў, дарэчы, 30 з іх устаноўлены сёлета. 500 кілаграмаў корму для аленяў ужо выкладзены на пляцоўках. За размеркаваннем і своечасовай выкладкай кармоў сочаць штатныя егеры.

 

     У раённым краязнаўчым музеі сіламі навуковага супрацоўніка Ніны Уладзіміраўны Бобрык складзены радавод Тышкевічаў. Асаблівая ўвага нададзена валожынскай лініі гэтай знакамітай шляхецкай сям’і – ад першага ўладальніка зямель Юзафа Тышкевіча да апошняга – Яна-Міхаіла, з 1405 па 1939 гады.

Да канца года павінна быць аформлена радавое дрэва сям’і Тышкевічаў. Вырабіла яго выкладчыца Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Іванаўна Каваленка. На каляровым прынтары ўжо раздрукаваны фатаграфіі членаў сям’і. Генеалагічнае дрэва Тышкевічаў у хуткім часе ўпрыгожыць экспазіцыю музея.

 

     На мінулым тыдні вучні старэйшых класаў трох гарадскіх школ пабывалі на спектаклі Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна “Карона з кахання” па п’есе вядомага беларускага драматурга Анатоля Дзялендзіка.

Лірычная драма, заснаваная на фактах біяграфіі Янкі Купалы, пастаўлена да 135-годдзя народнага песняра Беларусі. Драматычны матэрыял пабудаваны на ўспамінах актрысы-аматаркі Паўліны Мядзёлкі, першай выканаўцы ролі Паўлінкі ў аднайменным спектаклі, музы песняра. Няпростыя адносіны, няпростыя часы, нераскрытая тайна гібелі Янкі Купалы. Пры мінімуме рэквізіту пяць акцёраў трымалі залу ў напружанні. Школьнікі іншымі вачамі паглядзелі на знакамітага паэта, магчыма, інакш стануць успрымаць яго творчасць.

 

Дзве суботы запар на другім паверсе раённай бібліятэкі праходзіла асабістае першынство раёна па шахматах і шашках.

Лепшым шахматыстам раёна прызнаны Андрэй Кашкан. Ён святкаваў перамогу і ў шашках. Другое месца ў асабістым першынстве па шахматах заняў Вячаслаў Косік, трэцяе – Міхаіл Чорны. У шашках на другой прыступцы замацаваўся Станіслаў Матус, на трэцяй – Вячаслаў Косік. Прызёры ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars