З надзеяй на выратаванне

з-надзеяй

Сёння ў праваслаўных хрысціян пачынаецца Калядны пост, які доўжыцца па 6 студзеня. На працягу 40 дзён вернікі будуць рыхтавацца да Ражджаства. Як трэба паводзіць сябе, каб сустрэць адно з самых урачыстых і важнейшых свят у царкоўным годзе з радасцю і светлай душой? Аб гэтым гутарым з іерэем Сергіем АРЛОВЫМ – настаяцелем Спаса-Праабражэнскай царквы на валожынскіх могілках.

   – Айцец Сергій, у разуменні большасці людзей пост – гэта абмежаванне ў ежы. У апошнія гады нават вытворцы пайшлі насустрач пакупнікам і выпускаюць прадукты з надпісам “посны”. Што такое пост па вучэнні царквы?

– Калядны пост – час падрыхтоўкі да вялікага свята Нараджэння Хрыстова. Неабходна, каб за гэты перыяд мы сталі больш чуллівымі, каб словы, што будуць вымаўляцца на набажэнстве, і думкі, якія ў той момант прыходзяць у галаву, пусцілі корні і прабіліся праз таўшчыню нашай штодзённасці. Духоўную глебу нашых сэрцаў трэба разрыхліць і рэгулярна праполваць ад пустазелля, гэта значыць, ад жыццёвай мітусні. Прападобны Сілуан Афонскі кажа так: “Не толькі ў пост – усё жыццё трымай розум свой у пекле і не страчвай надзею”. Важна, каб крок за крокам мы ўсведамлялі сваю грэшнасць і адначасова адчувалі, што, дзякуючы Божай любові і міласэрнасці, можам спадзявацца на выратаванне.

 

   – Веруючы чалавек ведае асновы і правілы посту. Аднак ёсць тыя, хто ўпершыню сутыкаецца з царкоўнымі законамі. З чаго трэба пачынаць?

–  З пункту гледжання царквы, пост – час асаблівых намаганняў над сабой. Але гэта зусім не азначае, што, прайшоўшы перыяд, мы вяртаемся да таго, што было. Важна за гэты час перайсці на нейкую новую прыступку. Напрыклад, фігурыст вывучыў новы элемент праграмы, але пасля выступлення ён не забыўся, што і як трэба рабіць, а, наадварот, у далейшым удасканальвае зробленае. І ў духоўным жыцці таксама. У царкоўным разуменні пост – не дыета. Калі спартсмен запытаецца ў трэнера, якой дыеты трэба прытрымлівацца, каб атрымаць медаль на спаборніцтвах, у адказ пачуе, што гэтага мала – патрэбны рэгулярныя практыкаванні.

 

     – Якія ж практыкаванні павінен выконваць веруючы чалавек?

– Па-першае, зварот да Бога – штодзённыя малітвы, чытанне Евангелля. Бо калі мы – хрысціяне, то Словы Ісуса Хрыста павінны ведаць: Яго жыццё, веравучэнні, запаведзі.

 Па-другое, удзел у набажэнствах і ў таінствах споведзі і прычашчэння.

Па-трэцяе, справы міласэрнасці і любові. У гэтым сэнсе кожны пост – асаблівы час, калі можам дапамагчы тым, хто жыве побач з намі і мае патрэбу. Мы ведаем пра дары, якія прынеслі мудрацы Нованароджанаму Хрысту, ведаем, які шлях прайшлі, каб знайсці Яго. Вось так і нам варта адказаць на пытанне: што я прынясу ў дар Богадзіцяці?

Па-чацвёртае, устрыманне ад скаромнай ежы. Царква накладвае пэўныя абмежаванні, хаця калядны пост не такі строгі, як вялікі ці ўспенскі – можна ўжываць у ежу рыбу. Пры гэтым неабходна памятаць, што нельга бязлітасна накладваць свой пост на дзяцей, цяжарных жанчын, хворых і састарэлых людзей. Такія катэгорыі могуць карыстацца паблажкамі, харчавацца па сваёй меры і самаадчуванні, каб не нашкодзіць арганізму. Да ўсяго трэба падыходзіць разумна – пачынаць з малога і абавязкова спалучаць пост цялесны з духоўным. Напрыклад, ёсць людзі, якія ніколі не ядуць мяса і нават малочных прадуктаў, але нельга сказаць, што яны пасцяцца, бо робяць гэта ў першую чаргу для здароўя.

Але прайсці пост улегцы, без намаганняў – таксама некарысна, як некарысна для спартсмена ўсё жыццё на трэніроўцы займацца з кілаграмовымі гантэлямі. Калі паступова не павялічваць і духоўную нагрузку – вынікаў не будзе: душа застанецца заплыўшай тлушчам ляноты, абыякавасці і бессэнсоўнасці жыцця. І так часцей за ўсё бывае: стол накрыты, ёлка ўпрыгожана, па тэлебачанні без перапынку смяюцца і весяляцца, а ў сэрцы радасці ў параўнанні з той, што была ў дзяцінстве, – няма.

 

   – Калядны пост праходзіць у час самага масавага і любімага ўсімі свята – Новага года, калі сям’я збіраецца разам, накрываецца багаты стол, паўсюдна прыемныя клопаты, радасць і весялосць. Як жа паводзіць сябе, каб не награшыць і не пакрыўдзіць блізкіх?

– Усё залежыць ад сітуацыі. Сваю духоўнасць не трэба выстаўляць напаказ, бо гэта не прынясе карысці душы. З аднаго боку, прыйсці ў кампанію і сказаць, маўляў, а што ў вас зусім няма нічога поснага, і паказаць сябе вялікім поснікам – неразумна. Можна есці ўмерана і стрымана тое, што даюць. А вось калі паклікаць гасцей да сябе, то, зыходзячы з цяперашняга багацця прадуктаў, магчыма досыць арыгінальна, смачна і карысна, і пры гэтым посна ўсіх пачаставаць.

Мы забыліся, што яшчэ ў апостальскія часы пост быў часовым пераходам на больш танную і простую ежу, каб зэканомленыя грошы накіраваць на дапамогу бедным людзям. Цяпер жа мы ў большасці эканомім для сябе. Аднак, як вучыць царква, ежа ў пост не галоўнае: трэба старацца рабіць добрыя справы і ўчынкі.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars