Обошлись без аплодисментов

Закон и порядок

“Ужо здавалася, што Вішнева мы ачысцілі ад самагону, – гаворыць участковы М. А. Каравайскі. – Але зусім нядаўна выяўлены свежы факт рэалізацыі гэтай атруты. Гандляркай аказалася ціхая, законапаслухмяная  бабулька…”

Каб адвесці спакусу ад іншых вяскоўцаў зарабіць такім чынам грошы, супрацоўнікамі РАУС і судом Валожынскага раёна сумесна было прынята  рашэнне правесці выязное пасяджэнне суда.

У актавай зале мясцовага клуба сабралася каля сямідзесяці чалавек. Хтосьці зазірнуў “на агеньчык” з цікаўнасці, але былі і такія, хто прыйшоў па настойлівай рэкамендацыі ўчастковага. Знешні выгляд некаторых красамоўна гаварыў пра цеснае сяброўства з зялёным змеем. “Паназіраць за судовым разборам пойдзе такім на карысць”, – лічыць начальнік аддзела аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі Валерый Гарнашкевіч.

Суд пачаў сваю работу з разгляду грамадзянскай справы па іску РАУС аб накіраванні на прымусовае лячэнне ў ЛПП жыхара Сакаўшчыны А. Б. Купрыновіча. Суддзя Т. С. Несцярэўская, як высветлілася ў ходзе справы, ужо неаднойчы выносіла пастановы ў адрас гэтага чалавека за парушэнні грамадскага правапарадку, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення. Але ні адміністрацыйны арышт, ні штрафныя санкцыі не прымусілі Аляксандра Баляслававіча ўзяцца за розум і “завязаць” з гарэлкай. Купрыновіч ужо двойчы з’яўляўся кліентам ЛПП, і перспектыве загрымець туды ў трэці раз ён, відавочна, не радаваўся, спрабаваў апраўдацца, што нічога дрэннага нікому не зрабіў. Толькі ці сапраўды гэта так? Ці лёгка жонцы? Які прыклад падае двум сынам? Ці прыемна “любавацца” на яго суседзям і выпадковым людзям? Пракурор А. В. Жукоўскі падтрымаў іск прадстаўніка РАУС, і суддзя вынесла рашэнне накіраваць А. Б. Купрыновіча на 12 месяцаў на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Тое, што лячэнне хваробы акажацца паспяховым, выклікае вялікае сумненне. Але, прынамсі, яшчэ не стары чалавек будзе працаваць, прыносіць хоць нейкую карысць грамадству.

Адправіцца ў ЛПП і непрацуючы жыхар вёскі Мількаўшчына, неаднаразова судзімы І. У. Пужынскі. Сёлета яму спаўняецца 53 гады, а вось пашпарт чалавек так і не сабраўся зрабіць. Выжывае за кошт дапамогі сястры, дапіўся да алкагалізму 2-ой ступені, у стане алкагольнага ап’янення пускае ў ход кулакі. Пракурор і ў дачыненні да Пужынскага выказаў меркаванне аб неабходнасці часовай ізаляцыі і прымусовага лячэння.

Затым суддзёй былі разгледжаны дзве адміністрацыйныя справы па факту рэалізацыі і незаконнага набыцця спіртаўтрымліваючай вадкасці. Фігурантамі судовага разбору з’яўляліся палявод СВК “Агра-Вішнеўскі” Л. Л. Лашук і пенсіянерка Г. Ю. Краскоўская.

Той дзень для палявода Лідзіі Леанідаўна Лашук пачаўся звычайна – захацелася выпіць. Узяўшы пяць тысяч рублёў, жанчына пабегла да суседкі-пенсіянеркі за “лякарствам”. Здзелка адбылася, але была запеленгавана пільным участковым.

Суддзя прысудзіла пакупніцы 35 тысяч штрафу, гандлярцы – 175000. Трэба адзначыць, што падобнае адміністрацыйнае правапарушэнне магло пацягнуць і значна большую меру пакарання. Магчыма, Таццяна Сяргееўна ўлічыла той факт, што жанчыны і так нацярпеліся сораму, калі давалі тлумачэнні перад судом і ў прысутнасці поўнай залы аднавяскоўцаў.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий