Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

6855

Раённая бальніца ўжо не першы год знаходзіцца ў стадыі перманентнага рамонту, які пераходзіць з аднаго памяшкання ў другое, з аднаго паверха на іншы. Як толькі з абласнога бюджэту выдзяляюцца сродкі, распачынаюцца работы, што вядуцца гаспадарчым спосабам.

Магчыма, да новага года рамонт завершыцца ў будынку, дзе знаходзіцца цэнтральнае стэрылізацыйнае аддзяленне. Абнаўляюцца і памяшканні кухні, у якіх крыху раней устаноўлены новыя пліты. На гэтых аб’ектах асаблівыя патрабаванні да чысціні і стэрыльнасці, таму і прымяняюцца матэрыялы, плітка, што могуць максімальна гарантаваць іх. За работы ў ЦСА і харчаблоку ўжо праплачана амаль 25 тысяч рублёў. Распачаты рамонт на другім паверсе раённай паліклінікі. Значныя абнаўленні чакаюцца ў дзіцячай кансультацыі, якая займае палову паверха. Тут самі сцены павінны дапамагаць лячэнню маленькіх пацыентаў. Чакаецца, што на іх з’явяцца новыя сюжэты замест ранейшых. На рамонт дзіцячай кансультацыі выдаткаваны ўжо 26 тысяч 824 рублі. Самая значная сума выдзелена на работы ў Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду – больш за 53 тысячы рублёў. Рамонт закране палаты, дзе знаходзяцца старыя і адзінокія людзі, рабочыя кабінеты, дапаможныя памяшканні.

    Традыцыйнае свята-пасвячэнне пяцікласнікаў у гімназісты прыйшло ў мінулую суботу ў гімназіі № 1 райцэнтра. У 5-ы клас хлопчыкі і дзяўчынкі залічаны па выніках уступных іспытаў. Чатыры вучні да гэтага вучыліся ў СШ № 1 і адна дзяўчынка – у Пяршайскай СШ.

Да мерапрыемства “Мы гімназістамі завёмся” адказна рыхтаваліся самі вучні, якія прапаноўвалі свае ідэі, уносілі карэктывы ў сцэнарый, іх настаўнікі і бацькі. Адказнасць падзялілі класныя кіраўнікі 5 “А” і 5 “Б” класаў Надзея Анатольеўна Баркоўская і Таццяна Пятроўна Кезік. І свята ўдалося. Яно, безумоўна, запомніцца 36 вучням, што ў той дзень далі клятву гімназіста. Цікавым момантам свята стала інтэрв’ю з бацькамі. Бацькоўскі камітэт падрыхтаваў для сваіх дзяцей невялікія падарункі.

    У Вішнеўскім парафіяльным музеі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага з’явіліся два новыя экспанаты.

Кніга Уладзіміра Караткевіча “Мая Іліяда. Вершы” з аўтографам пацвярджае факт знаёмства двух слынных беларусаў. Інфармацыя такая існавала, але ніякіх дакладных фактаў знайсці не атрымлівалася. Пакуль дырэктар музея Тэрэса Бітэль у бібліятэцы Чырвонага касцёла ў Мінску пры больш дэталёвым знаёмстве з кнігамі У. Чарняўскага, якія там знаходзяцца, не адшукала гэту кнігу Караткевіча. А ў ёй даравальны надпіс: “Дарагому пану Уладзіславу Чарняўскаму на знак добрай памяці, якую ён пакінуў у сэрцах многіх прыемных для мяне людзей і на знак нашага з ім знаёмства – ад усяго сэрца. У. Караткевіч. 8 жніўня 69 г.”. Яшчэ адзін экспанат – “Новы Запавет” на беларускай мове – у бібліятэку музея перадала адна з укладальнікаў Марына Пашук. Прэзентацыя кнігі адбылася 25 лістапада ў Чырвоным касцёле. А падарылі яе музею на Біблейным сімпозіуме, куды была запрошана Т. Бітэль.

    Клубу ветэранаў працы “Верас”, які створаны пры РЦК, у гэтыя дні споўнілася 15 гадоў. Наведваюць яго каля 30 чалавек. Традыцыйна ў канцы года клуб дае справаздачны канцэрт.

Праграмай “Маладосць у душы іскрыцца” самадзейныя артысты ў чарговы раз парадавалі сваіх прыхільнікаў. Тон канцэрту задала Людміла Зінкіна, якая прафесіянальна-пранікнёна выканала арыёза маці з кантаты “Нам патрэбны мір”. Песні мінулых гадоў, песні маладосці гучалі ў выкананні салістаў Ліліі Саевіч, Людмілы Сівай, Іосіфа Сухавецкага, жаночай вакальнай групы, мужчынскага трыа ў складзе Рыгора Гладчанкі, Іосіфа Сухавецкага і Анатоля Таўгяня. За гэты час утварыліся і цікавыя сцэнічныя дуэты. Калег з юбілеем павіншавалі намеснік дырэктара РЦК Аляксандр Шаўчэнка і кіраўнік народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” Галіна Філяноўская.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars