3 снежня – дзень юрыста

3-снежня---дзень-юрыста

У першую нядзелю снежня сваё прафесіянальнае свята адзначаюць тыя, хто абараняе нашы правы і інтарэсы: адвакаты, пракуроры, суддзі, натарыусы, следчыя, спецыялісты па кадрах, юрысконсульты.

З кожным годам армія юрыстаў у раёне павялічваецца. Гэта звязана з тым, што арганізацыі і суб’екты гаспадарання развіваюцца, у іх узнікае патрэба працаваць у новых эканамічных умовах без рызыкі і не выходзячы за рамкі прававога поля.

І ўсё ж для чалавека, далёкага ад юрыспрудэнцыі, юрыст – у першую чаргу гэта адвакат. Ён дасць патрэбную кансультацыю па спрэчнай сітуацыі, дапаможа напісаць заяву ў суд і будзе адстойваць там твае інтарэсы. У юрыдычнай кансультацыі Валожынскага раёна, якая зараз размяшчаецца па вуліцы Шчарбіны, 31, такую місію ўзялі на сябе загадчыца ўстановы С. І. Нахай і адвакат А. У. Паляшчук. Адвакацкі стаж Святланы Іванаўны – амаль дваццаць гадоў, Алена Уладзіміраўна займаецца любімай справай з сакавіка 2002 года.

З нагоды прафесіянальнага свята мы пагутарылі са С. І. Нахай. Спадзяюся, чытачам раёнкі таксама будзе цікава далучыцца да нашага дыялога:

– Святлана Іванаўна, адвакатамі нараджаюцца ці становяцца?

– Як і ў кожную прафесію, у адвакатуру трэба прыходзіць па закліку сэрца. Спачатку, вядома, неабходна атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю. Мець стаж па спецыяльнасці не менш за тры гады, паспяхова здаць кваліфікацыйны экзамен, атрымаць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці і з’яўляцца членам тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў. Мы, напрыклад, належым да Мінскай абласной калегіі. Але і пасля ўсіх гэтых этапаў “спачываць на лаўрах” нельга. Заканадаўства развіваецца, трэба ўвесь час сачыць за новаўвядзеннямі, аналізаваць адвакацкую практыку – словам, мэтанакіравана павышаць свой прафесіяналізм.

– З чаго складаецца Ваша работа?

– Існуюць наступныя віды юрыдычнай дапамогі: кансультацыі і тлумачэнні юрыдычных пытанняў, складанне заяў, скаргаў і іншых дакументаў прававога характару. Наш абавязак – прадстаўляць інтарэсы кліента ў судах, а таксама ў дзяржаўных органах, перад фізічнымі асобамі. Ледзь не штодня даводзіцца абараняць інтарэсы грамадзян на папярэднім следстве, у судзе 1-й або вышэйшых інстанцый. Пры неабходнасці, прымаем удзел у грамадзянскіх ці адміністрацыйных справах. Адвакат хоць і належыць да пэўнай тэрытарыяльнай калегіі, мае права абараняць свайго падапечнага на ўсёй тэрыторыі рэспублікі.

Юрыдычныя кансультацыі аказваюцца па дагавору, на платнай аснове. Але грамадзяне маюць магчымасць атрымаць таксама і бясплатныя кансультацыі, якія мы праводзім у рамках дабрачынных акцый для маламаёмных: да Дня Канстытуцыі, Дня адвакатуры, Дня юрыста, Дня пажылых людзей.

Практыка паказвае, што найчасцей людзі сутыкаюцца з праблемамі ў вырашэнні жыллёвых пытанняў: высяленне, устанаўленне права ўласнасці на аб’екты нерухомасці.

Пры вынясенні прыгавораў па крымінальных справах многае залежыць ад прафесіяналізму менавіта абаронцы. Вывучаючы асобу падсуднага, можна адшукаць тое, што ў выніку прывядзе да перакваліфікацыі яго злачынства на больш лёгкае, змякчэння пакарання або і наогул – да апраўдання.

– Зараз у Інтэрнэце можна атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю. Можа з часам патрэба ў “жывых” кансультацыях адпадзе?

– Ні ў якім разе. Юрыспрудэнцыя – справа вельмі тонкая, без дэталёвай аналітыкі не абысціся. Тут, як і ў жыцці, патрабуецца індывідуальны падыход. Чалавеку недасведчанаму мы падкажам, якія дакументы спатрэбяцца, каб адстаяць сваю пазіцыю ў судзе, на што звярнуць увагу, як сябе паводзіць, каб не нарабіць памылак і не трапіць у “пастку” праціўніка. Часам тэлевізійныя ці інтэрнэтаўскія сюжэты і нашкодзіць могуць. Хіба вы не сутыкаліся з тым, што той ці іншы рэцэпт прыгатавання стравы – рэкламны трук, не болей, і ў рэальнасці зусім не такі, як падаваўся аўтарам? Тым больш у юрыдычных пытаннях, дзе трэба быць асабліва абачлівым.

– Напярэдадні прафесіянальнага свята каму выкажаце словы падзякі, каго павіншуеце?

– Усіх, чый лёс злучаны з юрыспрудэнцыяй, шчыра віншую і жадаю паспяховай дзейнасці. А падзяку ад сябе, а таксама ад Алены Уладзіміраўны дасылаю нашай калезе, Тамары Якаўлеўне Троцкай – самаму вопытнаму юрысту ў раёне, якая больш за 30 гадоў аддала адвакацкай справе, многаму навучыла нас як у прафесіянальным плане, так і ў агульначалавечым.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars