3 снежня – дзень інвалідаў

842b

Па звестках на 1 лістапада на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва знаходзяцца 325 чалавек, якія маюць I і II групы інваліднасці. З іх адзінокія – 116 чалавек, адзінока пражываючыя – 39 чалавек. 114 сем’яў гадуюць 114 дзяцей-інвалідаў.

Напярэдадні Дня інвалідаў малазабяспечаныя грамадзяне з I, II і III груп атрымаюць падарункі ў выглядзе прадуктовых набораў. На працягу года за матэрыяльнай дапамогай у ТЦСАН звярталіся і атрымалі яе 191 чалавек. Сярод іх – працаздольныя, маладыя інваліды і пенсіянеры.

Для дзяцей з інваліднасцю ў бліжэйшыя дні ладзіцца цэлы шэраг мерапрыемстваў. У РЦК адбудзецца інклюзіўны фестываль. Свае творчыя здольнасці змогуць прадэманстраваць як дзеці, што маюць абмежаваныя магчымасці, так і іх групы падтрымкі. Самых актыўных пакліча на старт  спартландыя. Для выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў запланавана паездка ў Мінск з мэтай удзелу ў дабрачынным канцэрце, які пройдзе ў ПК МАЗ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

 

    З пачатку года дапамогу на пакрыццё затрат для набыцця падгузнікаў інвалідам I групы атрымалі больш за 130 чалавек на суму амаль 122 тысячы рублёў. Сродкі выдаткоўваюцца з раённага бюджэту.

Штомесяц 10 інвалідаў раёна, даход якіх не перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму, атрымліваюць адрасную сацыяльную дапамогу. Сёлета выплаты такой катэгорыі насельніцтва склалі 2 тысячы 603 рублі.

2 інвалідам I групы з захворваннямі нырак, што некалькі разоў на тыдзень ездзяць у Маладзечна для правядзення працэдуры гемадыялізу, выплачваецца кампенсацыя кошту праязных білетаў да месца аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. На гэтыя мэты зрасходавана 1 тысяча 270 рублёў.

Са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва дапамогу ў сувязі са складанымі жыццёвымі абставінамі атрымаў 191 жыхар раёна на суму 13 тысяч 180 рублёў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 

    Шматлікія мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня інвалідаў, адбудуцца ва ўстановах адукацыі раёна. Пройдуць класныя і інфармацыйныя часы, урокі міласэрнасці і дабрыні, конкурсы-выставы малюнкаў і творчых работ і інш.

У агульнаадукацыйных установах Валожына будзе працаваць перасоўная выстава “Свет маімі вачамі” з работ выхаванцаў ДУА “Валожынскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”. На базе ж гэтай установы пройдзе акцыя “Майстэрня настрою”, падчас якой наведвальнікі цэнтра і навучэнцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі сумесна зоймуцца творчай дзейнасцю: пройдуць майстар-класы, рабяты вырабяць разнастайныя сувеніры, развучаць новыя гульні. Тут жа адбудзецца акцыя “З клопатам аб блізкім”, што арганізоўвае Валожынская раённая арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

У рамках акцыі “Дзеці – дзецям” наведвальнікі лялечнага гуртка дзіцячай бібліятэкі для выхаванцаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі падрыхтавалі пазнавальна-забаўляльную праграму “З адкрытым сэрцам, добрымі словамі…”, на заканчэнні якой плануецца ўручэнне невялікіх падарункаў дзецям-інвалідам.

Анжэла РАДЫНА

 

    5 аграсядзіб раёна ў рамках міжнароднага праекта “Валожын без бар’ераў”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам, займаюцца абсталяваннем сваёй мясцовасці і будынкаў для наведвання людзьмі з інваліднасцю. Яны сталі пераможцамі конкурсу міні-ініцыятыў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя і атрымалі грант у памеры 5 тысяч еўра кожная. На выдаткаваныя сродкі закупляецца спецыяльнае абсталяванне.

Так, на аграсядзібе “Коні-поні” робяць павозку, на якую зможа ўз’ехаць інвалід-калясачнік і самастойна кіраваць канём. На аграсядзібе “Ганка” ствараюць музей хлеба з правядзеннем майстар-класа. На аграсядзібе “Свет пчол” людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць наведаць музей мёду. На аграсядзібе “За масточкам” арганізуюць паездкі з назіраннем за птушкамі. А вось у “Налібоцкіх васільках” можна будзе спыніцца на начлег у жылым доме, наведаць музейную экспазіцыю і сувенірную лаўку. Плануецца, што да канца года ўсё неабходнае будзе зроблена.

Таксама ў рамках праекта ў Налібоцкай пушчы з’явіцца даступная экалагічная сцежка з цвёрдым пакрыццём для інвалідаў-калясачнікаў, а для людзей са слабым зрокам будуць усталяваны шчыты з суправаджэннем надпісу азбукай Брэйля. Для невідушчых установяць спецыяльныя макеты жывёл, дакрануўшыся да якіх, можна ўявіць сабе гэту асобіну. Работы амаль што завершаны. Плануецца, што вясной 2018 года экалагічная сцежка зможа прымаць наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars