Не даць патануць у моры праблем

Не-даць-патануць-у-моры-праблем

    На мінулым тыдні міністр працы і сацыяльнай абароны І. А. Касцевіч наведала Івянецкую кандытарскую фабрыку СП “Івкон” ААТ. Візіт госці такога высокага рангу быў выкліканы тым, што прадпрыемству, якое доўгі час знаходзіцца ў эканамічных цісках, тэрмінова патрабуецца дапамога. Разам з Ірынай Анатольеўнай стан вытворчых працэсаў даследаваў і намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы А. В. Бразоўскі.

“Івкон” перажывае нялёгкі перыяд. Але, гаворачы медыцынскімі тэрмінамі, галоўныя інстынкты кліентам не страчаны, і рэанімацыйныя меры даюць станоўчы эфект. Зараз запушчаны працэс санацыі – своеасаблівае лячэнне ад банкруцтва. Усе члены дэлегацыі, у тым ліку і Ірына Анатольеўна, прыйшлі да высновы – неабходна захаваць унікальную вытворчасць і падтрымаць людзей!

…Калісьці гэта фабрыка была гонарам не толькі Беларусі, але і ўсяго неабсяжнага Савецкага Саюза. Толькі цукерак “Кароўка” штомесяц разыходзілася па гандлёвых прылаўках аж 500 тысяч тон, а выпускаліся яшчэ “Падушачкі”, “Памадкі”, “Лімонна-апельсінавыя скурачкі”… Іх прыдумвалі не проста тэхнолагі, а самыя сапраўдныя мастакі смакавых шэдэўраў. Некаторыя з тых спецыялістаў сёння таксама заняты на вытворчасці і, як зазначыў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства А. М. Глускін, складаюць эліту калектыву. Менавіта яны за кароткі тэрмін асвоілі найноўшае нямецкае абсталяванне і наладзілі на ім выпуск не толькі знакамітай “Кароўкі”, але і глазураванай, чым неверагодна здзівілі нямецкіх спецыялістаў. Пазней вопыт івянчан спрабавалі пераняць кандытары з Мінска.

За ўсю гісторыю свайго існавання “Івкон” ніколі не прадастаўляў на суд цэнтральнай дэгустацыйнай камісіі (галоўны эксперт па смакавых якасцях) цукерак, якія б не прайшлі строгі “кастынг”. Але магутнасці вытворчых ліній цяпер выкарыстоўваюцца толькі на 10 працэнтаў. Ад гэтага прадпрыемства і працоўны калектыў недаатрымліваюць даходаў. Прычына бед хаваецца ў 2014 годзе, калі ў Расіі, асноўным партнёры “Івкона”, грымнуў крызіс і расійскі рубель патаннеў утрая. Гандляваць стала зусім нявыгадна, а разарваць заключаныя кантракты таксама не ўяўлялася магчымым: няўстойка аплачвалася б мільёнамі долараў. Так утварыліся вялізныя страты. Яны даюць аб сабе знаць і зараз. Кіраўніцтва прадпрыемства ўпэўнена – пры хадайніцтве аб падтрымцы з боку райвыканкама і міністэрстваў справа аб банкруцтве ў Эканамічным судзе будзе скасавана.

Міністр працы і сацыяльнай абароны І. А. Касцевіч запэўніла, што са свайго боку зробіць усё, каб прадпрыемства адрадзілася да былой велічы. Яна пагутарыла з людзьмі і станоўча ацаніла стаўленне да працаўнікоў на “Івконе”. А менавіта: рашэнне захаваць працоўныя месцы (а гэта для Івянца вельмі важна), складанне зменнага графіку з улікам пажаданняў і іншыя прэферэнцыі, агавораныя Калектыўным дагаворам.

Аптымістычна глядзіць у будучыню і намеснік генеральнага дырэктара “Івкона” Алег Міхайлавіч Глускін. Ён упэўнены, што івянецкія цукеркі цалкам канкурэнтаздольныя на рынку, а галоўнае – фабрыка, наперакор усім выпрабаванням, зберагла тэхнічны і кадравы патэнцыял.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Не-даць-патануць-у-моры-праблем    Намеснік генеральнага дырэктара СП «Івкон» ААТ Алег Міхайлавіч ГЛУСКІН знаёміць міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірыну Анатольеўну КАСЦЕВІЧ з макетам прадпрыемства. 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars