Навука жыць і дабівацца поспехаў

5 снежня ў РЦК у трэці раз прайшоў творчы інклюзіўны фестываль “Асаблівы сусвет” для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.

Мерапрыемства чакалі з вялікім нецярпеннем усе: і дзеці, і бацькі, і арганізатары, і нават гледачы, многія з якіх паспелі стаць заўсёднікамі. Рыхтаваліся загадзя, шмат рэпеціравалі, завучвалі кожны рух, кожнае слова. А колькі сіл і намаганняў спатрэбілася – нават уявіць цяжка. Тое, што для нас з’яўляецца зразумелым і звычайным, для іх – цэлая навука: навука жыць, рэалізоўваць сябе, дабівацца поспехаў.

Сёлета паказаць свае здольнасці змаглі 54 удзельнікі: гэта выхаванцы дзённага знаходжання для інвалідаў і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Івянецкай і Чэхаўшчынскай дзіцячых школ-інтэрнатаў, якія падрыхтавалі захапляльныя інсцэніроўкі, інструментальныя, танцавальныя і вакальныя нумары. На сцэне яны адчувалі сябе сапраўднымі артыстамі, таму нездарма кожны нумар ці выступленне суправаджаліся дружнымі апладысментамі гледачоў. Сваім талентам, майстэрствам, непадробнай дзіцячай радасцю яны проста пакарылі ўсіх прысутных у зале, зарадзілі энергіяй дабрыні, чуласці, шчырасці і адкрытасці.

У фестывалі прынялі ўдзел выхаванцы раённага цэнтра дзіцячай творчасці, а таксама госці з Маладзечна – выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Маладзечанскага ТЦСАН, якія паказалі свае музычныя нумары.

Арганізатары мерапрыемства – ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, раённыя арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” і “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” – сёлета не вызначалі ні прызавых месцаў, ні пераможцаў: вырашылі, што выйсці на сцэну і выступіць для такіх дзяцей – ужо перамога. Таму падарункі атрымаў кожны ўдзельнік фестывалю, на што было зрасходавана каля 1 тысячы рублёў. Сродкі на іх набыццё выдаткавалі арганізатары, а таксама райкам ГА “БРСМ”, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, ДЮСШ. Вялікую дапамогу ў арганізацыі фестывалю аказалі прыватныя прадпрымальнікі: прыгожа ўбрала залу дызайнер-афарміцель І. М. Яску, мастак па аквагрыме Н. Я. Грамыка захапляюча размалёўвала дзяцей, М. А. Петух незвычайна аформіла фотазону, С. М. Макоўскі дапамог раздрукаваць дыпломы, шмат часу на рэпетыцыях правяла Т. М. Бандарэнка, а падчас фестывалю ўручыла некаторым удзельнікам асабістыя падарункі. Безліч прыемных імгненняў падараваў і вясёлы клоўн Цяпа, які дармова прыехаў са сталіцы.

Яшчэ адной знакавай падзеяй сёлетняга фестывалю стала святкаванне юбілею аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, якому споўнілася 10 гадоў. З гэтай нагоды дырэктар ДУ “ВТЦСАН” Г. Ф. Рай уручыла каштоўны падарунак загадчыцы аддзялення Л. У. Шчарбачэвіч, таксама юбіляра павіншавала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская.

Трэба адзначыць, што з году ў год узровень фестывалю расце, пашыраюцца яго межы, павялічваецца колькасць удзельнікаў, з’яўляюцца новыя прыхільнікі і спонсары. І, як зазначыла адна з укладальніц мерапрыемства, трэба рабіць дабро, пакуль мы можам і пакуль ёсць тыя, хто ў гэтым мае патрэбу. Я з ёй поўнасцю пагаджуся.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара

Навука-жыць-і-дабівацца-поспехаў-1

Навука-жыць-і-дабівацца-поспехаў-2

Танец “Пяшчота” выконваюць выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната Аляксандр БУДЫЛІН і Надзея МІЦЭВІЧ.

Навука-жыць-і-дабівацца-поспехаў-3

Удзельнік 4-га Міжнароднага літаратурнага конкурсу ў Расіі Уладзіслаў МІСКЕВІЧ (на здымку) напісаў вясёлую інсцэніроўку “Пра мышку Глорыю”, ролі ў якой выконвалі яго матуля і сястрычкі.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars