«Захварэць» арміяй

Захварэць-арміяй

На базе гімназіі № 1 г. Валожына адбылася сустрэча старшакласнікаў гарадскіх школ з начальнікам кафедры авіяцыйных радыёэлектронных сістэм ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь палкоўнікам Андрэем Паўлавічам Кульпановічам. Такія ж мерапрыемствы праведзены ў Івянецкай і Ракаўскай школах.

Андрэй Паўлавіч – ураджэнец вёскі Пяршаі. У 1987 годзе скончыў з адзнакай дзевяць класаў і паступіў у Ленінградскае сувораўскае вучылішча. Як прызнаецца сам афіцэр, альтэрнатывы пры выбары прафесіі ў яго не было. Яшчэ ў другім класе ўбачыў ваеннага – сына суседзяў – і літаральна “захварэў” арміяй. Многія спрабавалі адгаворваць яго ад такога рашэння, лічылі: падлетак не справіцца з цяжкасцямі курсанцкага жыцця. Ён справіўся… Пасля была вучоба ў Харкаўскім ваенным універсітэце (скончыў з залатым медалём), інжынерным ваенным вучылішчы, ад’юнктура… Праз пэўны час ён – кандыдат навук, дацэнт. У 2011 годзе за плячамі ўжо была ваенна-паветраная акадэмія Расійскай Федэрацыі (на выдатна!). Дарэчы, і жонку выбраў таксама са званнем, ды яшчэ якім! Зараз яго абранніца – падпалкоўнік.

Мэта, з якой А. П. Кульпановіч завітаў у родныя мясціны, – заахвочванне да выбару прафесіі абаронцы Айчыны лепшых прадстаўнікоў валожынскай моладзі. Юнакам і дзяўчатам было цікава, як кажуць, з першых вуснаў пачуць пра падрабязнасці ваенных вучобы і службы. Маладыя людзі атрымалі поўную інфармацыю аб факультэтах і спецыяльнасцях, прахадных балах і асаблівасцях залічэння. Шмат увагі шаноўны госць удзяліў матэрыяльнаму боку пытання. Адзначалася: курсанты забяспечваюцца формай, атрымліваюць нядрэнную стыпендыю. Першы і другі курсы размяшчаюцца ў казарме, старшакурснікі – у інтэрнаце, тыя, чый сярэдні бал перавышае 7, маюць права жыць дома ці здымаць кватэру.

Вучоба ў ваеннай навучальнай установе – гэта гарантаванае працаўладкаванне, стабільны заробак і шыкоўная магчымасць для прафесійнага росту. Андрэй Паўлавіч упэўнены: у ваеннай справе, як у спорце, нельга спыняцца на дасягнутым, служба грунтуецца на пастаянным імкненні наперад. Таму моладзі, што мае матывацыю да кар’еры, акадэмія прадастаўляе выдатны шанс. Тут шмат увагі надаецца заняткам спортам, што не дзіўна – хто, як не людзі ў форме, павінны мець добры фізічны стан і падцягнуты знешні выгляд? Школьнікі цікавіліся патрабаваннямі да здароўя абітурыентаў, дзяўчаты задавалі пытанні аб асаблівасцях вучобы на “жаночых” спецыяльнасцях.

Каб больш падрабязна вывучыць пытанне, можна скарыстаць інфармацыю з сайта навучальнай установы ці звярнуцца ў адасобленую групу ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Прэзентацыю, якую падрыхтаваў асабіста, Андрэй Паўлавіч пакінуў гімназістам, таму зацікаўленыя маюць магчымасць атрымаць яе на электронны носьбіт. У выпускнікоў і дзесяцікласнікаў, што прыйшлі на сустрэчу, яшчэ ёсць час, каб асэнсаваць пачутае. Магчыма, хтосьці палічыць жыццё ў пагонах занадта суровым, а іншыя прыслухаюцца да сябе, узважаць усе “за”, “супраць” і, як палкоўнік Кульпановіч, ніколі не пашкадуюць аб тым, што рызыкнулі абраць той самы занятак, пра які герой вядомага фільма казаў: “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Захварэць-арміяй

    Дырэктар гімназіі № 1 г. Валожына А. І. КЛАЧКО, А. П. КУЛЬПАНОВІЧ з удзельнікамі сустрэчы.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars