«Крэсы-2017» адкрылі новыя імёны

Официально

 Конкурс чытальнікаў польскай паэзіі пад назвай “Крэсы” імя А. Міцкевіча традыцыйна праводзіцца ў канцы года. Сёлета раённы конкурс праходзіў у сёмы раз. У творчым іспыце бралі ўдзел больш за 25 вучняў ад 8 да 15 гадоў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах з вывучэннем польскай мовы ў Валожынскай СШ № 1, раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Вішнеўскай, Багданаўскай і Сакаўшчынскай сярэдніх школах.

Удзельнікаў, настаўнікаў і бацькоў вітала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна” Ала Аляксандраўна Макарэвіч, якая пасля прадставіла журы конкурсу. Ацэньваліся артыстызм выканання твора, падбор рэпертуару і вымаўлення.

Распачалі конкурсную праграму самыя маленькія ўдзельнікі (8-12 гадоў), для большасці з якіх гэта – творчы дэбют. Зразумелым было хваляванне, нясмеласць, калі даводзілася пераадольваць сябе, каб прадэманстраваць перад гледачамі першыя здабыткі ў вывучэнні польскай мовы. Да гонару многіх, трымаліся ўпэўнена і артыстычна, з выразам чыталі дзіцячыя вершы, сярод якіх былі і жартаўлівыя, гумарыстычныя. Самыя маленькія ўдзельніцы – васьмігадовыя сёстры-блізняты з Вішнеўскай СШ Даша і Маша Сей – падрыхтавалі па два вершыкі, хаця дэбютантам дазвалялася выкананне аднаго твора. У гэтай падгрупе дыплом за першае месца заваяваў Ілля Барысевіч з СШ № 1. другое месца падзялілі вучаніца СШ № 1 Аліна Кетрыс, якую рыхтавала да конкурсу бабуля Т. В. Пазновіч, і гімназіст, выхаванец цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Максім Нехвядовіч. Дыплом за трэцяе месца ўручаны Веры Сельвясюк з Сакаўшчынскай СШ.

У старэйшай падгрупе не было роўных вучаніцам СШ № 1. Тут назіралася і добрае вымаўленне, і глыбокае пранікненне ў тэму паэтычнага твора, і сапраўдны артыстызм. Журы было цяжка назваць пераможцу. У выніку першае месца падзялілі Вераніка Віршыч і Лізавета Шапуцька. Дыплом за другое месца ўручылі Іллі Сушко з Сакаўшчынскай СШ. Трэцяе месца зноў жа падзялілі вучаніца СШ № 1 Насця Арловіч і Любоў Камінская з Багданаўскай СШ. Дыплом за чытанне верша Адама Міцкевіча быў уручаны Сашы Рудовіч з СШ № 1.

Увогуле, пакрыўджаных на конкурсе не было. Усе ўдзельнікі атрымалі альбо пасведчанні лаўрэатаў, альбо сертыфікаты, а таксама добрыя падарункі. Пакуль журы падводзіла вынікі, для канкурсантаў, іх настаўнікаў і нават бацькоў быў арганізаваны абед у рэстаране “Карона”.

…Арганізатары конкурсу адзначаюць, што з году ў год расце майстэрства дэкламатараў. Асабліва гэта прыкметна на тых з іх, хто прымаў удзел не першы раз. Ад сябе хачу дадаць, што значная доля поспеху залежыць ад настаўнікаў. Варта заўважыць тых, хто не губляецца на публіцы, мае добрае вымаўленне і памяць, артыстычныя здольнасці, мэтанакіравана з імі працаваць, а таксама падабраць паэтычныя творы, якія падыходзяць менавіта дадзенаму вучню. І самому добра арыентавацца ў польскай паэзіі, таму што вучні чыталі не толькі творы вядомых аўтараў Юліяна Тувіма, Марыі Канапніцкай, Тадэвуша Ружэвіча, іншых, але і сучасных. Асобныя словы падзякі настаўнікам, якія рыхтавалі канкурсантаў, – Але Аляксандраўне Макарэвіч, Ірыне Станіславаўне Ваньковіч, Валянціне Карнееўне Відзевіч, Ілоне Аляксандраўне Вайшнаровіч, Таццяне Браніславаўне Сініцкай.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий