Цёця – не цаца

Факт махлярства ў адносінах да шасцігадовай дзяўчынкі зафіксаваны ў Валожыне.

Дзіця збірала грошы на мабільны тэлефон. Усе купюры і манеткі, якія давалі мама, тата, бабулі, дзядулі, малая складала ва ўласны кашалёчак. Праз некаторы час яна ўжо мела суму ў 65 рублёў з капейкамі. Неяк, выйшаўшы пагуляць у двор, прыхапіла і сваё багацце.

І, як гэта бывае нават у дарослых, наяўнасць грошай выклікала жаданне зрабіць нейкія пакупкі. Пабеглі яны з сяброўкай у магазін, дзе набралі цукерак, жвачак і наеліся так, што аж піць захацелі. Дадому не пайшлі, вырашылі папрасіць вады ў кватэры на першым паверсе. Пазванілі ў дзверы, ім адкрыла маладая, прыгожая і ласкавая цёця. Яна загаварыла да дзяўчат, пацікавілася, хто так шчодра пачаставаў іх салодкім. Гаспадыня кашалька ў сваю чаргу пахвалілася, колькі яшчэ мае грошай.

Ад шэлесту купюр вочы ў жанчыны хціва заблішчэлі… Яна, маці-адзіночка, у золаце не купаецца, здараецца, што і на хлеб не мае. А тут цэлых 60 рублёў!

У адкрытую адабраць грошы маладзіца не рашылася, прыкрылася высакароднай місіяй, маўляў: “А ну, падшыванка, давай сюды грошы! Яшчэ невядома, дзе ты іх узяла! Я іх тваім бацькам з рук у рукі перадам…” Дзяўчынка разгубілася, ледзь не плачучы, працягнула цёці кашалёк.

Бацькі заўважылі, што дачка паводзіць сябе не так, як звычайна, пачалі распытваць, хто яе пакрыўдзіў. Малая адмоўчвалася, а вось яе сяброўка расказала ўсё пра “добрую” незнаёмую цёцю. Не дачакаўшыся вяртання грошай, бацькі звярнуліся ў міліцыю.

Вядома, што асоба, якая падманула дзіця, характарызуецца суседзямі і ў працоўным калектыве як законапаслухмяная жанчына, клапатлівая маці і старанная работніца. Ва ўчыненым яна шчыра раскайваецца, аднак пазбегнуць суда ёй усё ж не ўдасца.

 

Алена ЗБІРЭНКА,

Юлія СЕЛЯТЫЦКАЯ, старшы следчы Валожынскага РАСК        

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars