Майстар кухоннай справы

Общество

Здаўна вядома, што лепшыя повары – мужчыны. Але, калі ў гарадскіх кафэ ці рэстаранах брутальныя майстры кухоннай справы – не дзіва, то ў пункце грамадскага харчавання, што належыць сельгаспрадпрыемству, прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва знойдзеш рэдка.

Тым не менш, у сталовай КСУП “Пяршаі-2014” загадчыкам вытворчасці і па сумяшчальніцтву поварам працуе Аляксандр Аляксандравіч ПАВІЧ. У гаспадарку разам з жонкай – эканамістам Вольгай Сяргееўнай – прыехаў тры гады таму.

Не сказаць, каб ён з дзяцінства марыў стаць да пліты. Так атрымалася. Скончыў вучылішча ў сталіцы, уладкаваўся на працу. Паступова прафесія захапіла. Вопыт набываў у рэстаранах мінска, Заслаўя. Калі стала вядома, што на Валожыншчыне ёсць добрая работа, прыняў рашэнне паспрабаваць. Падштурхоўвала перспектыва займець уласнае жыллё. Маладая пара рызыкнула. Аб пераездзе ні разу не пашкадавалі, за што шчыра ўдзячныя кіраўніку Я. Я. Скрундзю.

Сёння яны – запатрабаваныя спецыялісты, а дом, які атрымалі, не перастае радаваць. У сям’і гадуюцца двое хлопчыкаў. Што тычыцца прафесіі Аляксандра, сёння ён адчувае сябе на сваім месцы. Пачынаў поварам у кафэ “Пяршаі”. Калі з’явілася магчымасць перайсці бліжэй да дома, з радасцю згадзіўся карміць працаўнікоў гаспадаркі. Розніца між работай у рэстаране і яго сённяшнімі буднямі ёсць, і нават значная. Адна справа – італьянская ці французская кухня, і зусім іншая – смачны абед для хлебаробаў. Меню ў сталовай, за работу якой нясе адказнасць, неабходна скласці так, каб звыклыя стравы здаваліся самымі апетытнымі ў свеце. Хоць Аляксандр – беларус, і з павагай ставіцца да нацыянальных кулінарных адметнасцей, сваім каньком лічыць каўказскую кухню. Зразумела, што нячаста ёсць магчымасць прадэманстраваць тыя ўменні.

Кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, асабліва, калі гэтага хоча і моцна стараецца. А. А. Павіч добра разбіраецца ў тэхніцы, можа ўзяць на сябе амаль усю хатнюю работу. Разам з жонкай яны сталі заўзятымі агароднікамі, была нават спроба развесці жыўнасць. Маладыя людзі не пазбаўлены амбіцый. Мараць калі-небудзь займець уласную справу, якая абавязкова будзе звязана са спецыяльнасцю Аляксандра. Вольга са сваёй эканамічнай адукацыяй мяркуе стать сапраўднай падтрымкай для мужа-повара.

Жыве сям’я дружна. За права ўладарыць на кухні не спрачаюцца: у каго ёсць час і магчымасць, той і шчыруе. Аляксандр, напрыклад, любіць пельмені, таму часта радуе жонку і сыноў гэтай стравай, прычым у самых розных варыянтах – ад сібірскіх да хінкалі і манты.

Супрацоўнікі КСУП “Пяршаі-2014” высока цэняць мясцовага “шэф-повара” і вельмі ўдзячныя яму за такую грунтоўную падтрымку падчас палявых работ. Сам жа спецыяліст прызнаецца, што перыяды пасяўной і жніва для яго – праверка на трываласць. Прафесіянал не забываецца разам з неабходнымі прыправамі дадаваць у першыя, другія і трэція стравы часцінку ўласнай душы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий