Шчодрая на таленты зямля

Культура

За шматгадовую настаўніцкую дзейнасць я змяніла некалькі школ у нашым раёне, жыла ў розных вёсках на кватэрах. І ні ў адной з іх я не сустракала столькі таленавітых майстроў, як у Бакштах Яршэвіцкага сельсавета.

У першым доме на ўездзе ў вёску жыў Уладзімір Жохавец, адмысловы быў муляр. Не злічыць печаў, печак, камінаў, зробленых ім за ўсё жыццё. Аднойчы дзеля выканання аднаго заказу ездзіў аж у Калінінград.

Кажуць, калі краўчыха ўмее шыць мужчынскую кашулю – яна сапраўдная краўчыха. Тое ж і сталяр. Калі ён умее вырабляць вокны, ён сапраўдны майстар. Такімі вось майстрамі сваёй справы і славяцца Бакшты.

Адзін насупраць другога жылі сталяры Міхаіл і Іван Бабровічы – першакласныя спецыялісты. Вокны, дзверы, шафы, іншая мэбля – усё з-пад іх гэблікаў выходзіла дыхтоўнае, зручнае, прыгожае.

Новымі вокнамі, зробленымі нядаўна самім гаспадаром, свеціцца хата Іосіфа Горбача. Гэты чалавек – майстар на ўсе рукі. Ён на “ты” і з дрэвам, і з жалезам, і з тэхнікай. Для сваіх патрэб змайстраваў самаробны трактар, млынок, сокавыціскалку і інш.

Модныя ў 60-ыя гады фасоны сукенак, касцюмаў, “троек” заказвалі і мы, настаўніцы Сазонаўскай школы, у мясцовага закройшчыка Віктара Бельскага. Ён так пашые па фігуры, так дапасуе, што ніводнай маршчынкі, ніводнай складачкі не знойдзеш. Кажухі, шапкі, мужчынскія касцюмы, паліто – усё ўмеў шыць гэты выдатны кравец. Ну сапраўдны Вячаслаў Зайцаў, любое атэлье магло б пазайздросціць.

У кузню да вясковых кавалёў Дзмітрыя Жохаўца і Тадзіка Тулоўскага прыязджалі з заказамі з усёй акругі: каму калёсы акаваць, каму плуг, нарог да плуга, зубы да баронаў ці іншы сельскагаспадарчы інвентар зрабіць. Плугі ў іх выходзілі такія зручныя, такія лёгкія, што, як казалі аратыя, нават у руках не чуваць, калі арэш.

Авалодалі вяскоўцы і майстэрствам валіць валёнкі. Першым гэтаму рамяству навучыўся ў сваякоў з Зарэчча Іван Вяршыцкі. Затым у іх хаце запрацаваў сапраўдны валюшны “міні-цэх”: уся сям’я ўключылася ў работу. Суседзі прыходзілі да іх на пасядзелкі, назіралі за ўсім вытворчым працэсам ад пачатку да канца, спрабавалі самі. І паступова амаль уся вёска навучылася рабіць валёнкі.

Калі б усе хаты, пабудаваныя Фёдарам Тулоўскім у розных вёсках і мястэчках сабраць у адно месца, атрымалася б вельмі доўгая вуліца. “У просты вугал”, “у нямецкі вугал”, адна-, двухпавярховыя, з мансардамі, балконамі – дзесяткі драўляных дамоў выраслі з-пад сякеры знакамітага бакштанскага будаўніка-цесляра.

А саматканыя абрусы, ручнікі, сурвэткі, дываны, посцілкі-перабіранкі з нітак розных колераў і адценняў, з густам падабраных, вытканыя Альжбетай Путрык, і сёння стаяць у мяне перад вачыма. Позірку нельга было адвесці ад такога хараства! Лепшыя вырабы-саматканкі майстрыхі дэманстраваліся на розных выставах.

Любую дэталь вытачыць на сваім станку першакласны токар Аляксей Жохавец. А які ён дбайны гаспадар, заўзяты аматар-пчаляр.

Палазы для саней, конскія дугі гнуў Аляксандр Баюс, рабіў іх і для аднавяскоўцаў, і для мясцовага калгаса. А які смачны быў у яго заўсёды квас з бярозавага соку! “Пасеш кароў на лузе каля яго хутара, горача, зойдзеш на падворак, вынесуць са склепа куфель халодненькага шыпучага напітку, вып’еш – і стомленасць як рукой здыме”, – успамінаюць вяскоўцы.

Вельмі рэдкім рамяством валодаў Пятрук Кузьмітовіч: калоў і абчэсваў вялізныя шматтонныя камяні-валуны, з якіх потым рабілі жорны, помнікі, выкарыстоўвалі пры будаўніцтве для падмуркаў. А я сама і сёння памятаю тую бочку салёных грыбоў (цвярдзенькіх, хрумсткіх) у яго склепе, якімі нас частаваў. Ні табе марынадаў, ні табе маразільнікаў – проста, смачна, а галоўнае – здорава. А такіх пульхных і смачных пірагоў і крывяных каўбас-наліванак, што пяклі тамтэйшыя гаспадыні, не знойдзеш ні ў адным рэстаране.

А як расцягне мяхі гармоніка Васіль Тур, ногі самі ідуць у скокі. Музыкант-самавучка іграў вяселлі і ў сваёй вёсцы, і ў суседніх. Ды і ні адна вясковая вечарынка без яго не ладзілася. Іншы раз толькі дзіву даешся, на што здатныя рукі і розум чалавека, простага вясковага жыхара.

Вёска Бакшты была шумная, гаманлівая. Ніколі не пройдзеш па вуліцы, каб на лавачках не сядзелі па 5-6 чалавек. Усе весяліліся, жартавалі. Што-што, а жартаваць бакштанцы ўмелі – трапна, дасціпна, але без злосці і высмейванняў. Вось адзін з іх жартаў. Мясцовая кулінарных спраў майстрыха выпякала смачныя пернікі рознай формы: пеўнікаў, конікаў, лебедзяў – і вазіла іх прадаваць на кірмашы, фэсты, нават за межы свайго рэгіёна. Аднойчы яна напякла тых самых “конікаў” і расклала іх падсушыць. Адзін жартаўнік падкраўся і ўсё з’еў. А потым на вёсцы хваліўся: “Я ў Нюшы швадрон (гэта значыць, эскадрон) конікаў з’еў”. Мянушка “Швадрон” так за ім і замацавалася.

Сёння ж вёска, як і многія іншыя, апусцела: хто перабраўся да дзяцей у гарады, многія ўжо на тым свеце, разабралі і вывезлі будынак школы. Карціна вельмі маркотная. Мы з калегай Софіяй Бабіч з асаблівай цеплынёй успамінаем гады працы ў Сазонаўскай васьмігодцы, а таксама ўсіх жыхароў вёскі Бакшты – гэтых шчырых рупліўцаў і таленавітых майстроў, якімі была шчодра надзелена тая зямля.

Вера ВЯРШЫЦКАЯ,

в. Даўбені.



Добавить комментарий