Праблемы на пільным кантролі

“Прамыя лініі” ў старшыні райвыканкама Мікалая Анатольевіча Астрэйкі вызначаюцца дастаткова высокай колькасцю званкоў: людзі імкнуцца падзяліцца праблемнымі пытаннямі, якія не атрымліваецца вырашыць самастойна. На мінулым тыдні да кіраўніка раённай вертыкалі ўлады патэлефанавалі 15 чалавек. Большасць абанентаў хвалявалі тэмы ўтрымання дарог і вулічнага асвятлення.

Першы званок прагучаў з вёскі Каштаноўка. Мясцовыя жыхары ўзнімаюць пытанне недастатковай падсыпкі вуліцы з гравійным пакрыццём. Кіраўнік раёна адразу ж абавязаў філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” разабрацца з сітуацыяй на месцы і адвёў на выкананне даручэння тыдзень часу.

У новым мікрараёне, які паступова расце ўздоўж вуліцы Савецкай райцэнтра, таксама знайшліся хібы гаспадарання. У прыватнасці, жыхары дома № 132 паскардзіліся на недастатковасць асвятлення ў цёмны час сутак, а таксама папрасілі пасадзейнічаць, каб будаўнікі, якія працуюць на ўзвядзенні суседніх гмахаў, аднавілі пашкоджаную асфальтавую дарожку альбо хаця б перакрылі выкапаныя траншэі дошкамі для зручнага заходу на двор. На выпраўленне сітуацыі Мікалай Анатольевіч Астрэйка адвёў адказным службам пяцідзённы тэрмін.

Яшчэ адзін званок па праблеме вулічнага асвятлення прагучаў з аграгарадка Вішнева. РУП “Валожынскі жылкамунгас” ужо заняўся рашэннем гэтага пытання.

Жыхары дома № 14 па вуліцы Міру райцэнтра запыталіся ў кіраўніка раённай вертыкалі ўлады на самую балючую для іх тэму – тэрмінах, калі ў іх кватэрах з’явіцца гарачая вада. Мікалай Анатольевіч патлумачыў: праект гатовы, сёння ён праходзіць экспертызу. Трубы падведзены да дамоў, у падвалах будуць устаноўлены спецыяльныя сістэмы рэгулявання. Папярэдні тэрмін здачы азначаны другім кварталам 2018 года.

Вяскоўцаў са Слабады Гародзькаўскага сельсавета непакоіў стан дарогі да мясцовых могілкаў. Аднак пытанне ў тым, што гэта дарога знаходзіцца ў ведамстве суседняга абласнога цэнтра. Таму зацікаўленыя асобы атрымалі заданне ад кіраўніка раёна наладзіць неабходныя сувязі і сумеснымі намаганнямі ліквідаваць набалелае.

Жыхарка адной з кватэр дома № 4 па вуліцы Міру ў Валожыне паскардзілася на халодныя ацяпляльныя батарэі. Улічваючы тое, што дом не стаіць на балансе ЖКГ, ёй прапанавалі правесці рамонтныя работы за ўласны кошт. Жанчына пагадзілася. У той жа дзень была сфарміравана брыгада работнікаў жылкамунгаса, якая выехала на месца.

Адзін са званкоў тычыўся аспектаў, звязаных з праведзенай у раёне работай па замене тэлефонных нумароў. У многія службы цяпер немагчыма дазваніцца з-за элементарнага няведання неабходнай лічбавай паслядоўнасці. Рэдакцыя газеты атрымала заданне надрукаваць новыя тэлефоны прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

Пенсіянеры з вёскі Чабаі паведамілі старшыні райвыканкама, што незадаволены “падзелам”, які правялі ў сферы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Іх “прыпісалі” да Гародзькаўскай урачэбнай амбулаторыі, куды практычна не ходзіць грамадскі транспарт. Затое вяскоўцам не стварае праблем даехаць да райцэнтра. Таму яны папрасілі мець магчымасць наведваць валожынскую паліклініку. Хутка людзі атрымаюць афіцыйны адказ на свой запыт.

Наступныя пяць пытанняў былі звязаны з утрыманнем дарог у населеных пунктах Малое Запруддзе, Слайкоўшчына, Курдуны і Даўбені. Гэтыя звароты адрасаваны службам, якія выедуць вывучаць сітуацыю на месцах і прымаць пэўныя рашэнні. Адно зразумела: вяскоўцы не застануцца ў бядзе.

На апошніх хвілінах “прамой лініі” Мікалай Анатольевіч прыняў званок, тэмай якога стала пытанне сацыяльнага характару. Чалавек на другім канцы лініі паведаміў пра амаральны лад жыцця некаторых аднавяскоўцаў і папрасіў дапамагчы прымусіць іх задумацца над паводзінамі. Па даручэнні кіраўніка раёна з гэтым пытаннем будуць разбірацца спецыяльныя службы…

У якасці падагульнення можна адзначыць, што многія праблемы знайшлі вырашэнне непасрэдна ў час “прамой тэлефоннай лініі”, на некаторыя пытанні людзі атрымаюць афіцыйныя адказы ў самыя кароткія тэрміны. Але ніводзін званок не застанецца без уважлівага, дэталёвага разгляду і рэальна аказанай дапамогі.

Сяргей САДОЎСКІ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars