Папоўнілі скарбонку

Общество

Раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў працоўнага навучання, чарчэння і мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура) адбылося на базе Івянецкай сярэдняй школы.

Праходзіла яно ў выглядзе семінара-практыкума. Удзельнікам былі прадстаўлены два ўрокі і пазакласнае мерапрыемства, якія аб’ядноўвала тэма: “Фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў работы ў розных сферах працоўнай дзейнасці, асноў графічнай і тэхналагічнай пісьменнасці, практычных уменняў”.

Настаўнік абслуговай працы А. І. Мойса дала ўрок у 5 класе па тэме “Вытворчасць тканіны”. Яна расказала, як атрымліваецца матэрыя, пазнаёміла з асноўнымі паняццямі. На працягу ўрока Алена Іванаўна звярталася да казак, прыказак, прымавак. На фізкультхвілінцы дзяўчаты выступілі ў ролі матальшчыц. Усе вучаніцы выдатна справіліся з лабараторнай і практычнай работай.

Пазней А. І. Мойса правяла для гасцей майстар-клас “Выраб сувеніра”, на якім тыя вучыліся дэкарыраваць навагоднюю ёлку. На высокім узроўні прайшоў урок “Мастацтва Вавілона “Брама Бога” ў 7 класе. Настаўнік В. М. Загавалка расказаў вучням цікавыя звесткі па тэме, яны ж у сваю чаргу дзяліліся падрыхтаванай загадзя інфармацыяй, працавалі ў групах, складалі красворды. На пазакласным мерапрыемстве “Лепшы сталяр” у 8 класе настаўнік тэхнічнай працы Г. З. Зянько бліжэй пазнаёміў сваіх падапечных з гэтай цікавай прафесіяй.

Кожны з педагогаў паказаў высокае майстэрства. Дзеці вучыліся атрымліваць веды не толькі ад настаўнікаў, але і самастойна, а таксама прымяняць іх на практыцы.

На заканчэнні работы метадычнага аб’яднання прайшло актыўнае абмеркаванне вынесеных на разгляд пытанняў па выніках другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні і па арганізацыі пазакласнай работы па гэтым прадмеце ў шосты школьны дзень.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий