Органам ЗАГС Рэспублікі Беларусь – 100 гадоў!

Общество

    У жыцці кожнага чалавека здараюцца пэўныя падзеі, якія неабходна ўзаконіць у дзяржорганах. Вось ужо цэлае стагоддзе рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану займаюцца супрацоўнікі ЗАГС.

У 1917 годзе, амаль адразу пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, быў прыняты дакумент аб аддзяленні царквы ад дзяржавы, таму ўзнікла неабходнасць фарміравання ведамаснай структуры, што магла б рэгістраваць шлюбы, нараджэнне дзяцей, факты смерці. Першы дэкрэт Савецкай улады аб сям’і, падпісаны старшынёй Савета Народных Камісарыятаў У. Ульянавым (Леніным), называўся “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў стану”. Прыняты ён 18 снежня 1917 года. Дата лічыцца днём стварэння органаў ЗАГС.

У Заходняй Беларусі, у тым ліку і ў Валожынскім раёне, аддзелы сталі дзейнічаць толькі пасля ўз’яднання Усходняй Беларусі з Заходняй у 1939 годзе. Да гэтага часу асноўныя падзеі ў жыцці чалавека фіксаваліся ў метрычных кнігах цэркваў, касцёлаў, сінагог.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны работа службы некалькі разоў падвяргалася значным перабудовам. Паступова ўзнікла традыцыя правядзення ўрачыстых рэгістрацый шлюбаў. Быў устаноўлены тэрмін на роздум для жадаючых стварыць сям’ю.

Да 1956 года кіраўніцтва органамі ЗАГС ажыццяўлялася Міністэрствам унутраных спраў, пасля гэтыя паўнамоцтвы ўсклалі на мясцовыя Саветы народных дэпутатаў. З 1957 года структурай кіруе Міністэрства юстыцыі.

Сёння на Валожыншчыне рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану праводзяць: аддзел ЗАГС, Івянецкі пасялковы выканаўчы камітэт, сем сельвыканкамаў.

З 1944 па 1969 гады аддзел размяшчаўся ў будынку раённай міліцыі. У 1969 годзе, калі пабудавалі райвыканкам, ЗАГСу выдзелілі два кабінеты. Урачыстыя рэгістрацыі шлюбаў праводзіліся тады ў Доме культуры, кінатэатры, гарсавеце, клубе калгаса імя Леніна. У 1985 годзе ў будынку Валожынскага сельвыканкама для работы аддзела адвялі два памяшканні. У 2010 годзе тут быў праведзены капітальны рамонт. Зараз кабінеты і зала для ўрачыстасцей маюць сучасны выгляд, іх дызайнерскае рашэнне поўнасцю адпавядае прызначэнню.

З цягам часу работа ЗАГС пастаянна ўдасканальвалася. Сёння спецыялісты выконваюць 14 адміністрацыйных працэдур па заяўным прынцыпе “адно акно”. Сярод іх: устанаўленне бацькоўства, усынаўленне, змена прозвішча, імені, імені па бацьку, скасаванне шлюбу, узнаўленне страчаных запісаў, унясенне змяненняў у запісы актаў грамадзянскага стану, выдача паўторных пасведчанняў, даведак і інш. Па ініцыятыве Міністэрства юстыцыі пастаянна папаўняецца пералік паслуг, у тым ліку рэгістрацыі шлюбаў па індывідуальным сцэнарыі, выязныя рэгістрацыі.

Узначальвалі аддзел у розныя часы, уносячы значны ўклад у яго работу,  Вера Юльянаўна Кулакова, Вольга Іванаўна Журкевіч, Браніслава Канстанцінаўна Хадзінская, Тамара Міхайлаўна Зуёнак. З 1990 года ўзначальвае службу Тамара Уладзіміраўна Яныш. За выдатную працу кіраўнік аддзела ЗАГС узнагароджана граматамі і падзякамі, нагрудным знакам “За адзнаку” II ступені, занесена ў Кнігу гонару і двойчы на Дошку гонару Міністэрства юстыцыі. Разам з ёй шмат гадоў плённа працуе галоўны спецыяліст Вольга Уладзіміраўна Цялеўка.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий