У мінулую суботу на базе новага фізкультурна-аздараўленчага комплексу прайшла раённая спартакіяда работнікаў галіны фізічнай культуры і спорту.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму арганізаваў яе з мэтай больш шырокай папулярызацыі фізічнай культуры і спорту сярод насельніцтва і для прапаганды здаровага ладу жыцця.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел трэнеры-выкладчыкі, трэнеры па спорце, інструктары-метадысты, настаўнікі фізічнай культуры, кіраўнікі фізічнага выхавання, ветэраны спорту са ўсяго раёна. Прысутных шчыра павіталі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму па спорце і турызме В. В. Башаркевіч, старшыня Мінскай абласной арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” А. В. Белавусава і галоўны суддзя спаборніцтваў – старшыня раённай арганізацыі “Ветэраны ФК і С” М. М. Рабцаў.
Кожны з удзельнікаў павінен быў паказаць свае здольнасці ў 6 відах праграмы спартакіяды: дартсе, кідках у баскетбольнае кольца, кулявой стральбе, скачках на скакалцы, скачках у даўжыню, плаванні. Спаборніцтвы па настольным тэнісе не ішлі ў залік.
Спартыўныя супрацьстаянні праводзіліся ў трох узроставых групах, асобна сярод мужчын і жанчын. Кожны працаваў на вынік, стараўся як мага лепш паказаць сябе, сваё майстэрства.
Пасля таго, як судзейская камісія падвяла вынікі, настаў доўгачаканы момант узнагароджвання. Сярод жанчын да 30-і гадоў перамагла Таццяна Стрэха, другое і трэцяе месцы занялі Вікторыя Южыцкая і Ірына Буйкевіч. Ва ўзросце ад 30-і да 45-і гадоў дыпломы I, II, III ступеняў атрымалі адпаведна Настасся Патлей, Наталля Колышка, Вольга Бітэль. У групе старэй за 45 гадоў перамогу святкавала Наталля Кавалевіч, Тамара Семяняга адстала ад яе на 4 балы.
Яшчэ больш упартая барацьба разгарнулася ў мужчын. Сярод тых, каму да 30-і гадоў, на 1-ю, 2-ю і 3-ю прыступкі п’едэстала гонару ўзышлі Максім Цімаховіч, Аляксей Садоўскі і Аляксей Сасноўскі. Ва ўзроставай групе ад 30-і да 45-і гадоў пераможцамі сталі Сяргей Шаўлюк (I), Дзмітрый Булакевіч (II), Дзмітрый Язубец (III). Найбольшая колькасць удзельнікаў аказалася ў групе мужчын, якім за 45 гадоў. Гэта ўжо ветэраны спорту. Прызавыя месцы размеркаваліся сярод іх наступным чынам: дыплом I ступені атрымаў Васіль Ажарэльеў, II – Іван Філістовіч, III – Генадзій Жалток (на фота).
Дастойна прайсці спаборніцтвы ўсім пераможцам дапамаглі майстэрства і добрая фізічная форма, якія наогул уласцівы нашым работнікам галіны фізічнай культуры і спорту. Гэтыя людзі сапраўды адданыя сваёй справе і заслугоўваюць добрых слоў. Зразумела, што такія настаўнікі з’яўляюцца добрым прыкладам і для сваіх выхаванцаў.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара