Гучалі свяшчэнныя словы прысягі…

Гучалі-свяшчэнныя-словы-прысягі...3

Толькі двойчы ў год, калі ў нашай воінскай часці адбываецца ўрачыстасць прыняцця Прысягі маладым папаўненнем, Валожын сустракае такі вялікі наплыў прыезджых з усіх рэгіёнаў рэспублікі. У суботу 16 снежня каля тысячы чалавек паспяшаліся раздзяліць са сваімі сынамі хвалюючы і адказны момант…

Роўна ў 10.00 раздаліся бравурныя акорды мар-шу, якія абвясцілі аб пачатку важнай падзеі. Дзве калоны – рознакаляровая грамадзянская і строгая, выраўненая ў шарэнгу салдацкая – размясціліся насупраць адна адной. Па камандзе “смірна” яны застылі ў пашане, вітаючы Сцяг брыгады. Пасля хвілін, адведзеных на паложаныя па пратаколе традыцыі, больш за 100 курсантаў раздзяліліся на дзесяць груп, і ў паветры залуналі словы клятвы: “Я, грамадзянін Беларусі…” Сярод мужчынскіх галасоў гучалі і жаночыя: пяць дзяўчат, у тым ліку віцэ-міс Валожына Вольга Вярбіцкая, прыступілі да прысягі. Усё адбылося па-ваеннаму дакладна, дысцыплінавана. І прыгожа. Гэта таксама важна, бо там, дзе няма эстэтыкі, адсутнічае і адпаведны эмацыянальны фон.

Потым увага прысутных пераключылася на ганаровых гасцей. Першым да мікрафона падышоў начальнік Галоўнага разведвальнага ўпраўлення генерал-маёр П. В. Ціханаў. Ён зазначыў, што прыняцце Прысягі – важны дзень для ўсёй Беларусі, калі больш за тысячу маладых людзей пацвярджаюць сваю гатоўнасць быць абаронцамі. А тым, хто прыступіў да службы ў Кёнігсбергскай брыгадзе, неабходна памятаць: у падраздзялення асобая місія па здабыванні інфармацыі, з’яўляецца адзіным у краіне і выконвае задачы на высокім узроўні. Падчас вучэнняў “Захад-2017” афіцэры і асабовы састаў атрымалі добрыя і выдатныя адзнакі.

Намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік у сваім выступленні не толькі павіншаваў навабранцаў, але і выказаў словы падзякі ад імя мясцовай улады камандаванню часці за высокі ўзровень патрыятычнага выхавання моладзі.

Кожны, хто звяртаўся з трыбуны да ўдзельнікаў свята, знайшоў шчырыя, зусім не дзяжурныя словы. Так, намеснік камандзіра 255-га палка падпалкоўнік М. П. Скіба звярнуў увагу на тое, што Прысяга – важнейшы жыццёвы рубеж для кожнага мужчыны. Сам ён у сямнаццацігадовым узросце прайшоў гэты этап, зведаў і цяжкасці, і выпрабаванні. Але няма нічога больш пачэснага для чалавека ў ваеннай форме, чым апраўданне высокага даверу – абараняць Бацькаўшчыну.

Больш за 30 гадоў аддаў арміі палкоўнік у адстаўцы, член ветэранскай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” У. У. Сёмін. З вышыні свайго вопыту, ён з поўным правам мог заявіць: “Ва ўсе часы не было лепшых салдат, чым беларусы! Паглядзіце на сённяшніх ваенных: гэта ж прыгажуны стаяць на пляцы!.. Праз паўгода Кёнігсбергская брыгада адзначыць 80-гадовы юбілей. І маладыя воіны павінны сустрэць яго дастойнай службай і добрымі вынікамі”.

З мацярынскім наказам звярнулася да маладога папаўнення А. Т. Сяўрук. Яна пажадала, каб служба праляцела непрыкметна, падзякавала камандаванню за ўвагу да сыноў і выказала надзею, што ўсе афіцэры часці аднясуцца да іх, як да ўласных дзяцей.

Перад тым, як прыступіць да Благаславення вайскоўцаў, Благачынны Валожынскай акругі, протаіерэй Дзмітрый Агіевіч напомніў аб неабходнасці супрацьстаяць ворагу як знешняму, так і ўнутранаму. службу варта несці так, каб не было сорамна ні перад Богам, ні перад людзьмі. А братэрства, выручка, узаемаразуменне няхай дапамогуць у штодзённым жыцці кожнаму салдату.

…Калі навабранцы чаканілі крок, пакідаючы пляц, хацелася маліцца аб адным: “Не дапусці Божа, вайны! Няхай аўтаматы, якія ў руках юнакоў, ніколі не выкарыстоўваюцца ў баі…”

Пасля заканчэння мерапрыемства камандзір часці палкоўнік С. В. Галіеў і іншыя афіцэры сустрэліся з бацькамі ў кінатэатры “Юнацтва”, адказалі на іх пытанні, далі патрэбную інфармацыю, кантактныя тэлефоны. А каб цалкам пераканаць прыехаўшых гасцей, што з іх блізкімі і роднымі хлопцамі ўсё будзе ў парадку, па тэрыторыі часці правялі экскурсію.

Тэкст і фота Алены ЗБІРЭНКА

Гучалі-свяшчэнныя-словы-прысягі...1

Генерал-маёр Павел ЦІХАНАЎ уручае Знак прыналежнасці да Ваеннай разведкі і асабістую віньетку. Такія адзнакі атрымалі ўсе навабранцы.

Гучалі-свяшчэнныя-словы-прысягі...2 

Маці пяцярых дзяцей з Івянца Ірына ЛЯМБОВІЧ на Прысязе прысутнічае ўжо ў другі раз. Не так даўно сын Уладзіслаў служыў у Магілёве, у спецназе. Цяпер мацярынскае сэрца будзе хвалявацца за малодшага Дзмітрыя…

 Гучалі-свяшчэнныя-словы-прысягі...3

Валерый і Марына БАРАДАКІ з Каштаноўкі маюць дваіх сыноў – Іллю і Дзяніса. Старэйшы, Ілля, ужо афіцэр, служыць у Полацку. На Прысягу да малодшага брата Дзяніса ён прыехаў разам з жонкай Наталляй і чатырохмесячнай дачкой Варварай, якая стала самай юнай удзельніцай урачыстасці.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars