І да грамадскай работы адносіцца з адказнасцю

Общество

У райкаме прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на ўліку 28 арганізацый, адна з іх вучнёўская – створана ў Валожынскім сельскагаспадарчым ліцэі. Розныя людзі стаяць на чале пярвічак, і кожны старшыня ставіцца да грамадскай работы па-свойму.

Шосты год узначальвае прафсаюзную арганізацыю СВК “Агра-Дубінское” сакратар прыёмнай кіраўніка гаспадаркі Жанна Міхайлаўна Загорская. Маладая ініцыятыўная жанчына мае невялікую даплату за выкананне грамадскіх абавязкаў – дзве базавыя велічыні, і адзіная ў раёне атрымлівае яе са сродкаў прафбюджэту. Астатнім яе калегам грошы выплачваюць наймальнікі. Старшыня прафкама адказна ставіцца да абавязкаў, абараняе інтарэсы сваіх членаў па ўсіх пазіцыях.

Усе сто працэнтаў працуючых у гаспадарцы з’яўляюцца членамі прафсаюза – 190 чалавек. З гэтай пярвічкі своечасова праплачваюцца членскія ўзносы, ніколі не бывае запазычанасці. На кожныя тры гады заключаецца калектыўны дагавор, які абавязкова дапрацоўваецца, удакладняецца. Працаўнікі СВК “Агра-Дубінское”, згодна з ім, маюць розныя сацыяльныя гарантыі, што робіць працу больш прыцягальнай. Кожны месяц у гаспадарцы падводзяць вынікі работы сярод малочнатаварных ферм і асобных жывёлаводаў. Прафсаюзная арганізацыя гарантуе падарункі. Такім чынам на фермах з’яўляюцца чайныя сервізы, электрачайнікі, нават настольныя пліты і г. д. На круглыя юбілеі абавязкова атрымліваюць падарункі ад прафсаюза. Летась двое маладых спецыялістаў звязалі сябе сямейнымі вузамі, на такую ўрачыстасць атрымалі падарунак не толькі ад праўлення гаспадаркі, але і пыласос непасрэдна ад прафсаюзнай арганізацыі. Прыжылася і такая традыцыя: у канцы кожнага года Дзед Мароз са Снягуркай, старшыня гаспадаркі Г. В. Каспяровіч і старшыня прафкама аб’язджаюць фермы, майстэрні і ўручаюць працаўнікам падарункі. На дзяцей – ад прафкама, ад наймальніка – дарослым.

Культурнае жыццё ў “Агра-Дубінскім” хай і не віруе, аднак ёсць. Непасрэдна Жанна Міхайлаўна падахвочвае людзей на экскурсіі і паездкі ў тэатры. Праўда, у вясковых жыхароў жаданні не заўсёды супадаюць з магчымасцямі, не кожны можа пакінуць рабочае месца нават у выхадны дзень. У мінулым годзе “дубінцы” пабывалі ў Мінску на канцэрце ансамбля “Бяседа” і ў музычным тэатры на спектаклі “Лятучая мыш”. Удзельнічалі ў раённых спаборніцтвах “Лыжня-2010” і вярнуліся з узнагародамі. З дапамогай старшыні прафкама былі вызначаны кандыдаты для атрымання бясплатных пуцёвак у летні час у санаторый “Налібоцкая пушча” – чацвёра дзяцей з мнагадзетных сем’яў.

У першыя дні новага года культурную праграму распачалі наведваннем цырка, дзе пабывалі 47 чалавек. Менавіта ў студзеньскія дні старшыня прафкама цікавілася білетамі на канцэрт папулярнага ансамбля “Залатое кальцо” Надзеі Кадышавай. Засмуціў іх кошт – ад 160 да 300 тысяч рублёў, цана для вяскоўцаў і прафсаюза неадольная. Значыць, паедуць на іншы канцэрт. Жанна Міхайлаўна сцвярджае, што іх працаўнікі актыўныя і даволі лёгкія на пад’ём, таму і шукае магчымасць “вывезці іх у людзі”, набыць білеты ў сталічныя тэатры.

Наталля ШТЭЙНЕР.

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ.



Добавить комментарий