Стартап-школа ў Валожыне

Стартап-школа-ў-Валожыне

Тры месяцы займаліся і працавалі з ментарамі ўдзельнікі першай стартап-школы ў Валожыне. Нядаўна ў раённым Цэнтры культуры прайшло мерапрыемства “Сацыяльнае прадпрымальніцтва”, дзе адбылася прэзентацыя вынікаў праведзенай работы.

Прысутных прывіталі заснавальнік стартап-школы, член савета ГА “Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу” і вядучы эксперт заняткаў у Валожыне Аляксандр Булах, а таксама менеджар праекта “Валожын без бар’ераў”, прадстаўнік фонду “Інтеракцыя” Ірына Іванова. Было адзначана, што пытанне развіцця сацыяльнага бізнесу ў Валожынскім раёне вельмі актуальнае.

Першымі ўзялі слова і паказалі прэзентацыю вытворчасці па вырошчванні грыбоў-вешанак “Валожынскія вешанкі” Аляксей Шчарбачэвіч і Наталля Нямкевіч. Было некалькі складнікаў, што сталі асноватворнымі для рэалізацыі гэтай ініцыятывы. Па-першае, праект дасць магчымасць для працаўладкавання людзей з інваліднасцю. Па-другое, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыя нашага раёна падвергнулася найбольшаму радыеактыўнаму забруджванню ў Мінскай вобласці, а вешанкі з’яўляюцца экалагічна чыстым прадуктам, які да таго ж валодае і лячэбнымі ўласцівасцямі. Яны хутка растуць і маюць высокую канкурэнтаздольнасць. Ініцыятыўнай групай распрацавана бізнес-мадэль. На сённяшні дзень рэалізацыя ідзе ў асноўным праз сацыяльныя сеткі. Плануецца продаж грыбоў на ярмарках, на гарадскім рынку, а таксама юрыдычным асобам.

Удзельнікам мерапрыемства была прадастаўлена магчымасць наведаць вытворчасць па вырошчванні вешанак, што размешчана на тэрыторыі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў. Прысутныя сваімі вачамі змаглі пабачыць, дзе і як вырошчваюць у нас вешанкі. Было адзначана, што гэта выдатны прыклад сацыяльнага бізнесу.

Інтэрактыўную карту з цікавымі месцамі Беларусі з функцыяй падбору тых, што даступныя для людзей з інваліднасцю, прадэманстраваў Павел Маліцкі. На інклюзіўным турыстычным партале Way.by на платнай аснове размясцілася больш за 100 аб’ектаў, 30 з якіх – аграсядзібы. Павел плануе і далей развіваць гэты напрамак, даносіць да ўладальнікаў бізнесу пытанне інклюзіўнасці, каб тыя маглі ўладкоўваць турыстычныя аб’екты, якія ім належаць, згодна з патрабаваннямі міжнароднай канвенцыі.

Стваральніца hand-made ўпрыгажэнняў Алена Жданюк арганізавала творчую майстэрню “Вянок-матылёк”. Прадукцыі такога напрамку на рынку многа, таму трэба прыкладаць намаганні, каб яна была эксклюзіўнай і карысталася попытам. Алена робіць унікальныя рэчы, кожная з іх мае імя, для яе майстрыха стварае сваю гісторыю. Пакупнік набывае не проста рэч, а сябра. На бліжэйшую будучыню Алена плануе аформіць рамесніцтва, асвоіць новыя тэхналогіі. Дзякуючы стартап-школе пачатковая ідэя трансфармавалася ў два самастойныя праекты: “Вянок-матылёк” – развіццё асабістага брэнда і “Асаблівая прыгажосць”, сутнасць яго заключаецца ў тым, каб вывесці ў якасці мадэлей дзяўчат з інваліднасцю (сіндромам Даўна) рэкламаваць брэндавую прадукцыю. Ужо ёсць дамоўленасць з вядомым у Беларусі аўтарам упрыгажэнняў. Гэтым Алена хоча паказаць, што прыгажосць можа быць рознай, яна не павінна быць шаблоннай.

Удзельнікі стартап-школы ўпэўнены: і ў невялікім горадзе рэальна адкрыць сваю справу і ўцягнуць у яе людзей з інваліднасцю.

У наступным годзе пачнецца новы сезон работы. На старонцы http://start.by/volozhin ужо адкрыты набор для тых, хто жадае запусціць свой сацыяльны ці бізнес-праект.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Стартап-школа-ў-Валожыне

      Стваральніца hand-made ўпрыгажэнняў Алена Жданюк прэзентуе свой праект “Вянок-матылёк”.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars