Святло каляднай зоркi

514075717

    …Я абвяшчаю вам вялікую радасць… бо нарадзіўся вам сёння Хрыстус Пан…     (Лк  2, 10-11).

Дарагія парафіяне!

Вечарам 24 снежня ўся сям’я – дзеці, унукі, бацькі, бабулі і дзядулі – сабяруцца ў бацькоўскай хаце на Вігілійную Вячэру. На стале гарыць асвечаная калядная свечка – знак святла народжанага Сына Божага. Побач на талерачцы ляжаць свянцоныя аплаткі, а далей – посная Вігілійная ежа.

Перахрысціўшыся, памолімся “Анёл панскі…” за нашых памерлых родных, за памерлых ксяндзоў, затым молімся за прысутных: “Дзякуем табе, Божа, за тое, што дазволіў нам сабрацца разам, каб спажыць гэту Вігілійную вячэру. Няхай святло гэтай свянцонай каляднай свечкі, як тваё Божае Святло, заўсёды асвятляе гэты дом, кватэру і асвятляе нам, прысутным, бяспечную дарогу зямнога жыцця. Благаславі, Божа, гэту ежу і нас, прысутных, і навучы нас дзяліцца хлебам і радасцю з тымі, хто іх не мае. Ойча наш…”

Затым дзелімся аплаткам і складаем адзін аднаму віншаванні. Пасля чытаецца ўрывак з Бібліі пра Божае Нараджэнне, і распачынаецца Вігілійная, посная вячэра. У час вячэры можна спяваць ці слухаць калядныя песні, дарыць падарункі. Пажадана, каб падарункі былі рэлігійнага зместу, бо яны дорацца ў імя народжанага Сына Божага. Добрым і карысным падарункам будзе Біблія, малітоўнік, гадавы каляндар са святамі, ружанец, крыжык, медалік, абраз і г. д.

Пасля вячэры – малітва падзякі: “Дзякуем табе, Божа, за гэту Вігілійную вячэру, дай нам здароўя душы і цела, моцнай веры, і каб праз год мы ўсе, жывыя і здаровыя, маглі сабрацца пры Вігілійным стале, былі асветлены святлом свянцонай каляднай свечкі і зноў змаглі падзяліцца аплаткам. Вітай, Марыя…”

Апоўначы з 24 на 25 снежня ў касцёле адпраўляецца ўрачыстая Св. Імша Пастэрка. І ўсе: дзеці, дарослыя, ідуць у касцёл, каб прыняць удзел у гэтай Святой Імшы, прывітаць і павіншаваць Божае Дзіцятка з Нараджэннем.

Ад Божага Нараджэння распачынаецца Калядны перыяд. У гэты час кожная сям’я запрашае ксяндза да сябе, каб Бог праз малітвы ксяндза благаславіў дом (кватэру) і сям’ю.

Дарагія людзі! Адчыніце дзверы перад Богам! Кожны дом (кватэра) раз у год, у Калядны перыяд, павінны быць асвечаны Богам.

31 снежня ў 23.00 у касцёле распачынаецца набажэнства падзякі Богу за 2017 год, які адыходзіць у гісторыю. Будзем прасіць прабачэння ў Бога за нашы грахі, слабасці, будзем дзякаваць Богу за Яго дапамогу нам, нашым сем’ям. І ў першай у Новым 2018 годзе Святой Імшы, якая распачнецца апоўначы, будзем прасіць Бога аб здароўі душы і цела, добрага, спакойнага і пабожнага 2018 года.

Заахвочваю ўсіх пабожна і рэлігійна пражыць гэтыя святы.

Дарагія парафіяне! Дарагія браты і сёстры праваслаўныя! Дарагія жыхары Валожына і валожынскай зямлі! Віншую ўсіх вас з Божым Нараджэннем і надыходзячым Новым 2018 годам! Няхай Хрыстус народзіцца ў вашых сэрцах, у вашых сем’ях, у вашым жыцці. Няхай кожны дзень Новага 2018 года будзе для вас добрым, спакойным, шчаслівым. Няхай Багародзіца Марыя дапамагае вам, вашым сем’ям і нашай Бацькаўшчыне.

    З малітвай і Божай любоўю,

ксёндз доктар Гэнрык АКАЛАТОВІЧ,

пробашч Валожынскага касцёла

 

Расклад Калядных і Навагодніх набажэнстваў:

–       з 24 на 25 снежня – Пастэрка – святочная Калядная Святая Імша ў 24.00.

–       25 снежня – Божае Нараджэнне. Святая Імша ў 12.00.

–       26 снежня – другі дзень Свята. Святая Імша: 9.00 і 18.00.

–       27 снежня – Святога апостала Яна. Святая Імша ў 8.00. Пасля Святой Імшы – асвячэнне “Віна Святога Яна”.

–       31 снежня – Набажэнства падзякі Богу за пражыты 2017 год (у 23.00), першая ў 2018 годзе Святая Імша (у 24.00).

–       1 студзеня – Новы год. Святая Імша ў 12.00.

–       6 студзеня – Тры Каралі. Святая Імша ў 9.00 і 18.00. Пасля Святой Імшы – асвячэнне крэйды, золата, вады.

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars