Да свята едуць дзеці з-за мяжы…

Общество

    Ёсць людзі, сустрэўшыся з якімі, дзякуеш лёсу, што ён вас звёў. Менавіта такую радасць выклікала і выпадковае знаёмства з Нінай Іосіфаўнай ЗАХАРЭВІЧ.

Некалькі гадоў назад у Івянцы нашу ўвагу прыцягнуў прыгожы падворак па завулку Савецкаму, 3. Мы спыніліся, каб палюбавацца, а потым набраліся смеласці і пазванілі ў дзверы, спадзеючыся яшчэ і на гаспадароў паглядзець. На парог выйшла прыветлівая жанчына і прапанавала нязваным гасцям прайсці ў дом. Адмовіцца было немагчыма, бо Ніну Іосіфаўну, зусім як слаўную “Лявоніху”, можна ахарактарызаваць так: “Знаеш ты, як запрасіць, пачаставаць і дарэчы слова добрае сказаць…”

Да выхаду на заслужаны адпачынак наша новая знаёмая працавала на кіруючых пасадах, шмат гадоў была дырэктарам Івянецкага ўнівермага, з’яўлялася лепшым работнікам сістэмы спажыўкааперацыі і нават абіралася дэлегатам ад Беларусі на Усесаюзны з’езд работнікаў гандлю.

Ніна Іосіфаўна надзвычай цікавая асоба: усебакова адораная, шчодрай душы, добразычлівая і працавітая. Таму і зараз, калі адышла ад “вялікіх” спраў, госці не забываюць яе дом. Прыязджаюць нават з-за мяжы, каб пабыць у атмасферы ўтульнасці, ацаніць кулінарныя шэдэўры жанчыны і атрымаць асалоду ад размовы з прыемным субяседнікам.

Да зімовых свят Н. І. Захарэвіч, як і кожная гаспадыня, рыхтуецца загадзя: прадумвае меню, набывае неабходныя прадукты, закручвае рулеты, якія можна папярэдне замарозіць, вырабляе каўбасы і сальцісоны. Ах, як трапна сказаў паэт:

Святочны, старажытны  час Калядны,

Магічны дух язычніцкіх акрас,

Смалення дух, дух кмену  і каляндры,

Дух на шасце падвешаных  каўбас…

Па каталіцкай традыцыі, старт Каляднаму застоллю дае Куцця. На посны стол выстаўляецца не менш за 12 страў. Тут і разнастайныя кісялі, і печаная рыба, і поліўка з грыбамі, і мак з абаранкамі. Гэту смакату многія ўспамінаюць з настальгіяй, але ўжо далёка не ва ўсіх сем’ях строга прытрымліваюцца даўнейшых канонаў. Куды прасцей пайсці заходнееўрапейскім шляхам і пачаставаць сабраных запечаным індыком!

Сёлета ў Івянецкім касцёле Св. Міхала Калядную службу будуць трансліраваць па рэспубліканскім тэлебачанні. Пасёлак чакае вялікага наплыву прыезджых. У доме Захарэвічаў таксама рыхтуюцца да сустрэчы з самымі жаданымі гасцямі: дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Цікава, што дзяўчаты з іх роду ў нявестах доўга не заседжваюцца. Так, унучка Надзея выйшла замуж за карэннага немца, жыве ў Германіі і гадуе дачушку Марыю-Луізу. У Германіі зараз знаходзіцца і ўнук Сяргей з сям’ёй. З чэшскай сталіцы Прагі, магчыма, прыедзе сын Яўген са сваімі дамачадцамі. Малодшая дачка Таццяна – мінчанка, выкладчыца замежнай мовы, у яе двое дзетак – шасцігадовы Данік і маленькая Злата. Старэйшая дачка Наташа – фельчар у мясцовай бальніцы і самая галоўная памочніца ў Ніны Іосіфаўны. Бо ў дзве рукі такую кампанію як накарміць!

Назаўтра, пасля Куцці, стол павінен ламацца ад далікатэсаў з мяса і выпечкі. Толькі на адзін спіс варта паглядзець, каб ацаніць маштаб работы: рулькі фаршыраваныя запечаныя, адбіўныя, рулеты вараныя цялячыя і свіныя з чарнаслівам і грыбамі, дамашняя каўбаса і паляндвіца падсушаныя, салаты і саленні, тарты, пончыкі, хрушчы, пячэнне. І зроблены яны будуць не абы-як, а па-мастацку, з фантазіяй. Вядома, кожны госць яшчэ і свой нейкі ўклад зробіць. Унук Сяргей абавязкова прыгатуе фірменны капучына, намалюе на яго пенцы выяву Дзеда Мароза або Снягуркі, прыгожага коціка ці грознага пірата. Гэта новаўвядзенне ў Захарэвічаў ужо становіцца традыцыяй.

Акрамя сваякоў, прыйдуць раздзяліць калядную радасць з Нінай Іосіфаўнай і Канстанцінам Браніслававічам Захарэвічамі сябры, суседзі, знаёмыя.

На Новы год, калі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, святкаваць у Захарэвічаў можна і на падворку. Тут і казачныя героі на ўсёй тэрыторыі “вядуцца”, і вечназялёныя дрэвы, кусты радуюць вока яркасцю, і альтанка з мангалам ёсць. Лепшай пляцоўкі для сямейнай касцюміраванай гулянкі, запуску феерверкаў прыдумаць немагчыма! Не дзіва, што для ўсіх нашчадкаў Ніны Іосіфаўны і Канстанціна Браніслававіча бацькоўскі дом у Івянцы застаецца самым любімым месцам на Зямлі, прыцягальным ачагом усяго іх працавітага роду…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Настассі ЛЯВІНСКАЙ



Добавить комментарий