22 крокі да стратэгіі

Общество

На базе раённай бібліятэкі пад эгідай беларускага офіса па правах людзей з інваліднасцю адбыўся двухдзённы семінар па распрацоўцы стратэгіі забеспячэння роўных магчымасцей для людзей з інваліднасцю. Мерапрыемства праведзена ў рамках праекта “Павестка 50” (столькі артыкулаў у Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю). У праекце, што фінансуецца Еўрасаюзам, задзейнічаны пяць раёнаў рэспублікі – Шчучынскі, Лепельскі, Столінскі, Бабруйскі і Валожынскі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Міхаіл Мацкевіч – намеснік дырэктара офіса, Леанід Садоўскі – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Галіна Рай – дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, Ларыса Шчарбачэвіч – загадчык аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, Міхаіл Невядомскі (раённае прадстаўніцтва Беларускага таварыства інвалідаў па зроку), Віктар Субач (раённая арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў), прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя бацькоў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў” і іншыя асобы, у чые абавязкі ўваходзіць вырашэнне праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У якасці наглядальніка прысутнічала датчанка Ліні Петэрсан – прадстаўніца арганізацыі “Еўрапейскі дом”. У рамках праекта “Павестка 50” яна курыруе Беларусь.

Польскія спецыялісты фонду “ТUS” Пётр Тодыс і Малгаржата Перацятковіч прадоўжылі дзяліцца вопытам забеспячэння роўных магчымасцей для асоб з інваліднасцю, што маецца ў суседняй краіне.  Імі распрацаваны дапаможнік “22 крокі да стратэгіі”, у якім апісаны ўвесь шлях стратэгіі, пачынаючы з прыняцця рашэння аб яе стварэнні і заканчваючы прыёмам на мясцовым узроўні, а таксама ўкараненнем.

У ходзе сустрэчы былі выяўлены дзесяць асноўных праблем, што перашкаджаюць паляпшэнню якасці жыцця людзей з інваліднасцю менавіта ў нашай мясцовасці. Тры з іх – слабая актыўнасць саміх інвалідаў, недастатковая інфармаванасць аб правах і абавязках дадзенай катэгорыі людзей, недахопы ў безбар’ерным асяроддзі – былі дэталёва прааналізаваны. Усе ўдзельнікі, падзяліўшыся на тры групы, скрупулёзна распісалі кожны крок, што неабходна зрабіць на шляху да вырашэння азначаных момантаў. Стратэгія па астатніх сямі праблемах будзе распрацавана кожнай групай самастойна.

20 студзеня, у час наступнай сустрэчы, кожная каманда атрымае магчымасць абараніць свой план. Для інвалідаў-жыхароў сельскіх населеных пунктаў задумана правесці сем выязных кансультацый. 2 сакавіка стварэнне стратэгіі па паляпшэнні якасці жыцця інвалідаў плануецца завяршыць. Канчатковы яе варыянт будзе ўключаны ў план развіцця раёна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий